19 красавiка 2024, Пятніца, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тут любяць друкаваць грошы: Што агульнага ў Беларусі і Зімбабвэ

7
Тут любяць друкаваць грошы: Што агульнага ў Беларусі і Зімбабвэ

Лукашэнка давёў Беларусь да ўзроўню найбяднейшай краіны Афрыкі.

Гадамі Аляксандр Лукашэнка расказвае пра перспектывы працы з Афрыкай, а нядаўна наведаў Зімбабвэ. З гэтай краінай яго «родніць» не толькі бізнэс, які там вядуць ягоныя набліжаныя, але і эканамічная палітыка Зімбабвэ. Там таксама любяць загадваць коштам спыніцца, і гэтаксама, як і Беларусь, Зімбабвэ неаднаразова перажывала дэнамінацыю.

Еўрарадыё прыгадала, як гэта адбывалася ў нас і ў афрыканскай партнёркі.

Мільёны сталі рублём

Дэнамінацыя – гэта тэхнічны працэс, які не ўплывае на эканамічную сітуацыю. У сутнасці, такая працэдура патрэбная для таго, каб у грошай быў адэкватны намінал і не было жартаў, што беларусы – мільянеры, у той час як на гэтыя мільёны цяжка пражыць.

Дэнамінацыя можа быць вынікам інфляцыі, калі кошты растуць і даводзіцца дадрукоўваць купюры буйнейшага наміналу.

За гісторыю незалежнай Беларусі дэнамінацыя здаралася тройчы. Першы раз – у 1994 годзе. У той год інфляцыя склала 1950 адсоткаў. Тады ў Беларусі хадзілі «зайчыкі», якім «адрэзалі» адзін нуль. Так прайшла першая дэнамінацыя.

Калі ў 2000 годзе было пастаноўлена правесці яшчэ адну дэнамінацыю, беларусы ўжо былі мільянерамі. У 1999 годзе «зайчыкі» былі замененыя іншымі грашыма, і ў беларусаў была, напрыклад, такая купюра, як 5 мільёнаў рублёў.

Але паперка таксама хутка абясцэньвалася. Таму здарылася новая дэнамінацыя, якая забрала ў беларускіх грошай тры нулі. 5 мільёнаў ператварыліся ў 5 тысячаў рублёў.

Так беларусы пражылі да сярэдзіны 2016 года, але прыйшлі да гэтага часу з аслабелым рублём. У 2011 годзе ён абясцэніўся ў тры разы. Інфляцыя тады склала 108 адсоткаў за год. З'явілася купюра наміналам 200 тысячаў рублёў.

Нешта відавочна ішло не так, і грошы трэба было «скарачаць». У 2013 годзе сам Лукашэнка прызнаўся, што новыя грошы ўжо надрукаваныя. Праўда, уводзіць іх чыноўнікі не спяшаліся, спасылаючыся на тое, што спачатку эканоміку трэба давесці да ладу.

– Не павінна быць такая адсоткавая стаўка, не павінна быць трывог на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася, – казаў Лукашэнка.

І, нарэшце, у ліпені 2016 года ўказ Лукашэнкі адсек чатыры нулі ад былых у абарачэнні грошай. 5 тысячаў беларускіх рублёў сталі 50 капейкамі. То-бок цяперашні рубель – гэта старыя 10 тысяч рублёў.

Выходзіць, толькі за дзве апошнія дэнамінацыі 10 мільёнаў ператварыліся ў 1 рубель.

Трыльёны даляраў не дапамагалі жыць лепш

За апошнія дзесяцігоддзі ў Зімбабвэ таксама адбыліся тры дэнамінацыі. Або адна ў тры этапы, як гэта назвалі ўлады Зімбабвэ. Спатрэбілася яна праз рост інфляцыі. Яе рэзкі ўздым супаў з пачаткам больш агрэсіўнай палітыкі зямельнай рэформы да 2000-х гадоў.

Хоць Зімбабвэ атрымала незалежнасць ад Вялікай Брытаніі ў 1980 годзе, многія ўрадлівыя землі ўсё яшчэ належалі белым еўрапейцам. Рэформа меркавала, што зямля ад белых фермераў павінна хутчэй пераходзіць да цемнаскурага насельніцтва. Было шмат блытаніны і нават гвалт. У выніку пачаўся заняпад у сельскай гаспадарцы, што падарвала экспарт і прывяло да росту коштаў. Акрамя таго, Зімбабвэ ўдзельнічала ў вайне ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.

У выніку ў 2001 годзе інфляцыя перасягнула 100% і толькі расла. А ўлады прыняліся на ўсю моц друкаваць грошы.

У Зімбабвэ хадзілі зімбабвійскія даляры. У 2006 годзе з'явіўся «другі» зімбабвійскі даляр. Пасля першай дэнамінацыі ён каштаваў тысячу старых даляраў, гэта значыць прыбралі тры нулі. Але кошты раслі так хутка, што з'яўляліся купюры ўсё большага наміналу.

У 2008 годзе давялося прыбраць ужо дзесяць нулёў. Так з'явіўся «трэці» зімбабвійскі даляр. У гэтым годзе інфляцыя настолькі разагналася, што кошты павялічваліся ўдвая за суткі. Да ліпеня яна склала блізу 231 млн адсоткаў. У канцы года з'явілася банкнота 100 трыльёнаў (тут 12 нулёў) зімбабвійскіх даляраў, за якую давалі ўсяго $33.

Улады Зімбабвэ хавалі статыстыку і забаранялі коштам расці, але нічога не атрымлівалася. У 2009 годзе прайшоў трэці этап дэнамінацыі. Было прыбрана 12 нулёў, і з'явіўся «чацвёрты» зімбабвійскі даляр. Зрэшты, ён таксама абясцэньваўся, і сёлета ў Зімбабвэ адмовіліся ад нацыянальнай валюты. Яе замяніў даляр ЗША.

У 2019 годзе Зімбабвэ зноў пачала карыстацца нацыянальнай валютай, праўда, яе курс да замежных валютаў з самага пачатку хутка падаў. Праблемы інфляцыі таксама нікуды не падзеліся, таму ўлетку 2022 года ў Зімбабвэ з'явіліся залатыя манеты, якія мусяць дапамагчы стрымаць інфляцыю. Іх кошт роўны рынкаваму кошту самога золата, а не наміналу, які намаляваў цэнтральны банк.

Паводле вынікаў снежня 2022 года гадавая інфляцыя ў Зімбабвэ склала амаль 240%.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках