19 красавiка 2024, Пятніца, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінка вывучыла беларускую мову праз каханне да палітвязня

4
Украінка вывучыла беларускую мову праз каханне да палітвязня

Мікіта Сляпёнак запомніўся моцным апошнім словам падчас «суда».

Адміністратар культурна-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіта Сляпёнак зараз знаходзіцца ў Беларусі за кратамі, 6 верасня яму прысудзілі 3 гады зняволення, на судзе ён выступіў з моцным апошнім словам. Праваабаронцы прызналі Мікіту палітвязнем. А дзяўчына Дана чакае яго ва Украіне і асвойвае беларускую мову. Гомельскі сайт «Штодзень» распытаў яе, ці цяжка гэта.

- Чаму ты наважыла пачаць вучыць беларускую мову?

- Я жыву далёка ад Беларусі. У мяне тамака няма ні сяброў, ні сваякоў. Прынамсі, на той час, калі я пачала цікавіцца беларускай мовай, не было сяброў. І я ўсё роўна дзесьці чула беларускую мову гадоў з пяці. То песні нейкія на беларускай мове трапляліся. Звычайна «Песняроў». То былі размовы пра Беларусь.

А потым з’явілася беларускамоўная тэлевізія, якую зараз нельга называць. У 2008 годзе тады ўсе ва Украіне падключалі спадарожнікавую ТВ. І мы неяк з маці глядзелі ТВ і наткнуліся на «Белсат». Беларуская мова спачатку была дзіўнай для мяне, таму што не падобная ні на расейскую, ні на ўкраінскую. Мы ўвесь час слухалі гэты «Белсат» з маці. Яна паўтарала самыя смешныя словы. Потым я пра «Белсат» забылася, бо на той момант навінамі цікавілася мала, мне было гадоў 7 ці крыху больш.

Калі падрасла, знайшла кнігі ў перакладзе на беларускую мову. Я іх крыху чытала. Потым у школе нешта пра Беларусь вывучалі. І я сказала, што ведаю беларускую мову, хаця нічога не ведала. А потым убачыла нейкі допіс, там былі каментары. Пачала пісаць асабістыя паведамленні беларусам, каб яны мне расказалі пра Беларусь. Тады я не ведала, што так нельга рабіць, бо беларусы ўспрымаюць гэта ўсё з падазрэннем. Ва Украіне такога не было.

Спачатку мне падавалася, што ў Беларусі ўсе беларускамоўныя. А у 2019 годзе я даведалася, што гэта не так.

У 2020 годзе зноў пачала глядзець «Белсат». А ў 2021 годзе пачаліся стасункі з хлопцам з Беларусі. Вывучыла беларускую мову недзе месяцы за два, каб давесці ёй, што я чагосьці вартая. Хтосьці думае, што гэта вельмі хутка, але я ведала ўкраінскую, мела досвед пераходу на ўкраінскую. Да гэтага перыядычна цікавілася беларускай мовай. Таму з беларускай не было асаблівых цяжкасцей.

- Як ты вывучала беларускую мову? Якія кнігі чытала? Якімі падручнікамі карысталася?

- Спачатку наогул не выкарыстоўвала ніякіх падручнікаў. Я проста глядзела, як пішуць іншыя беларусы ў чатах. Размаўляла праз перакладчык спачатку, потым сама. Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове. Я пыталася, калі нейкія словы былі незразумелыя. Праз размовы вывучыла. Потым з'явіліся курсы «Мова Нанова». Яны праз пандэмію праводзіліся анлайн. І я ўдзельнічала ва ўсіх курсах ва ўсіх гарадах. Таксама чытала мастацкую літаратуру, нейкія фільмы глядзела.

Аднекуль цікавасць з'явілася. І больш не адпускае. Часам здаецца, што беларускай мовы ў маім жыцці зараз нават больш, чым украінскай.

- У жыцці (са сваякамі, з сябрамі) якой мовай карыстаешся?

- У жыцці я карыстаюся ўсім, чым толькі магчыма. З сябрамі з Беларусі - па-беларуску. З сябрамі з Украіны - на літаратурнай украінскай. На працы - таксама на ўкраінскай. Але дома я размаўляю на страшным суржыку.

Я стараюся неяк гэта перамагчы. Але пакуль не атрымліваецца. З сёстрамі стараюся размаўляць на літаратурнай, каб яны вучыліся ў мяне. Але з бабулямі, дзядулямі, з маці - на суржыку. А расейскай мовай я даўно не карыстаюся, мабыць, гадоў 7. Хіба ў вельмі рэдкіх выпадках. І пачынаю пра яе забываць.

- Цікавы твой погляд з боку: некаторыя беларускія бацькі кажуць, што іх дзеці беларускую мову ў школе ўспрымаюць, як замежную. Што б ты параіла гэтым бацькам?

- Мне цяжка даваць парады на іншую краіну і для іншых умоў, але я ведаю гэтую праблему. Трэба паказаць, што беларуская мова – не замежная, што гэта твая мова. І трэба паказаць, што на беларускай мове можна не толькі навучацца.

Цяпер шмат беларускага кантэнту для дзяцей. Шмат відэа, мульцікаў. Ёсць шмат чаго па-беларуску. Можна па-беларуску гуляць, размаўляць. Ёсць кнігі, аўдыёкнігі. Можна беларускамоўныя дні ў сям'і зрабіць. Але беларускую мову трэба вучыць, таму што гэта мова тваёй дзяржавы і ты павінен яе ведаць, таму што гэта павага да краіны, да гісторыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках