19 красавiка 2024, Пятніца, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці запатрабаваў ад МАК не дапускаць спартоўцаў-лукашыстаў да Алімпіяды

11
Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці запатрабаваў ад МАК не дапускаць спартоўцаў-лукашыстаў да Алімпіяды

Свабодныя спартоўцы падтрымалі ўзмацненне санкцый супраць рэжымаў у Беларусі і Расеі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) і больш як 50 свабодных атлетаў звярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт з дэкларацыяй аб удзеле беларускіх і расейскіх спартоўцаў у алімпійскім руху.

У сваёй заяве БФСС нагадаў, што ў выніку расейскай узброенай агрэсіі больш як 200 украінскіх спартоўцаў загінулі, а іншыя былі пазбаўлены магчымасці эфектыўна трэніравацца, таму што абстрэлы з боку РФ разбурылі больш як 320 аб'ектаў спартыўнай інфраструктуры.

«Больш за 20 прадстаўнікоў свабоднага спорту Беларусі былі афіцыйна прызнаны палітзняволенымі, а сотні свабодных спартоўцаў і спецыялістаў былі рэпрэсіраваны і вымушаны былі ратавацца ўцёкамі з краіны за факт выступлення супраць насілля і за барацьбу за прыхільнасць алімпійскім каштоўнасцям», — гаворыцца ў дэкларацыі.

Аўтары заявы падтрымалі ўзмацненне спартыўных санкцый, якія ўжо дзейнічаюць у дачыненні да Беларусі і Расеі. Яны таксама заклікалі МАК усебакова абараняць правы ўкраінскіх і беларускіх свабодных спартоўцаў і спецыялістаў:

«Беларускія свабодныя спартоўцы павінны атрымаць права ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і быць выратаваны ад пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі за іх грамадзянскую пазіцыю, грамадзянскія правы беларускіх свабодных спартоўцаў павінны быць адноўлены, а палітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна вызвалены», — адзначаецца ў дэкларацыі.

Акрамя таго, БФСС прапанаваў МАК укараніць эфектыўную сістэму праверкі расейскіх і беларускіх спартоўцаў на прадмет іх магчымага допуску да спаборніцтваў, які «павінен грунтавацца на актыўнай антываеннай пазіцыі спартоўца, уключаючы падпісанне Антываеннай дэкларацыі».

Прозвішчы спартоўцаў, якія падпісалі дэкларацыю, не публікуюцца ў адкрытых крыніцах з меркаванняў бяспекі, зазначыў БФСС.

Нагадаем, што 25 студзеня МАК заявіў, што вывучыць магчымасць допуску атлетаў з Расеі і Беларусі ў нейтральным статусе да Алімпіяды ў Парыжы ў 2024 годзе. У тым самым ключы выказаўся і кіраўнік арганізацыі Томас Бах.

Гэтая вестка выклікала шырокі рэзананс, перш за ўсё ва Украіне. Першым рашэнне выканкама МАК раскрытыкаваў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі, які запрасіў Баха наведаць Бахмут, каб той пераканаўся, што «любы нейтральны сцяг расейскіх спартоўцаў заплямлены крывёй».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках