29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

3
Сёння - дзень нараджэння Тадэвуша Касцюшкі

Чым вядомы нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША

У 1755 годзе Тадэвуш Касцюшка разам са старэйшым братам паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у горадзе Любяшове, дзе правучыўся да 1760 года. З 1765 да 1769 года вучыўся ў створанай Станіславам Панятоўскім Рыцарскай школе ў Варшаве - фактычна вайсковай акадэміі, дзе рыхтавалі адукаваных афіцэраў. Ужо тады Касцюшка здзіўляў навакольных аскетызмам, воляй і мэтанакіраванасцю, што нагадвалі яго таварышам пра Карла XII, за што ён атрымаў мянушку «Швед». Тадэвуш стаў адным з самых паважаных кадэтаў. Ён выбраў вайскова-інжынерную спецыялізацыю і скончыў гэтую школу ў чыне капітана.

У 1769 годзе Тадэвуш Касцюшка атрымаў каралеўскую стыпендыю і адправіўся ў Парыж для навучання ў вайсковай акадэміі. Вялікі ўплыў на маладога вайскоўца аказалі ідэі асветнікаў - Вальтэра, Мантэск'ё, Русо. У 1774 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму.

Месца ў войску Рэчы Паспалітай Касцюшка не знайшлося. Афіцэрскую пасаду на той момант можна было толькі купіць за вялікую суму.

А не знайшоўшы сабе прымянення на радзіме, ён ў 1775 годзе выехаў у Амерыку, каб у чыне палкоўніка змагацца на вайне за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі. Займаўся фартыфікацыяй гарадоў і вайсковых лагераў. Вядомасць яму прынёс уклад яго фартыфікацыі пры абароне Тыкандэрога і пры бітве пад Саратогай 1777 года. Тадэвуш бліскуча справіўся з будаўніцтвам умацаванняў для абароны Філадэльфіі, што дазволіла яму стаць галоўным інжынерам Паўночнага войска, якая адбівала напады ангельцаў з боку Канады і Нью-Ёрка. На ўласную просьбу Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвае войска, дзе яго веды вайсковага інжынера таксама дазволілі атрымаць шэраг перамог над ангельцамі. У прызнанне яго заслуг Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 прысвоіў яму званне брыгаднага генерала амерыканскага войска.

Па вяртанні на радзіму, у пачатку траўня 1792 года Касцюшка быў прызначаны камандзірам адной з трох дывізій, якую складалі войскі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем князя Юзэфа Панятоўскага (налічвала блізу 17 тысяч салдат). У траўні 1792 года Касцюшка вызначыўся ў некалькіх баях з расейскімі войскамі.

Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Касцюшкі эміграваў у Саксонію, затым у канцы 1792 года перабраўся ў Парыж, дзе ад імя патрыётаў Рэчы Паспалітай з французскім рэвалюцыйным урадам вёў беспаспяховыя перамовы аб сумесных дзеяннях супраць Аўстрыі і Прусіі.

Па вяртанні з Францыі ў Саксонію, а затым - у Галіцыю Касцюшка актыўна ўключаецца ў падрыхтоўку агульнанацыянальнага паўстання, «дыктатарам» якога яго прызначылі.

Фактычна паўстанне пачалося 12 сакавіка 1794 года, калі генерал Антоні Мадаліньскі адмовіўся скарачаць I Вялікапольскую брыгаду нацыянальнай кавалерыі і рушыў на чале яе з Астралэнка на Кракаў. Пачуўшы весці пра гэта Касцюшка неадкладна з'явіўся ў Кракаў і там абвясціў Акт паўстання, прысягнуў сам, прывёў да прысягі жыхароў і гарнізон. Актам паўстання, падпісаным усімі жыхарамі горада, Касцюшка быў абвешчаны «Начальнікам паўстання», і яму была дадзеная ўся паўната цывільнай і вайсковай улады ў краіне. Гэты дзень - 24 сакавіка - звычайна і лічыцца днём пачатку паўстання. У той жа дзень Тадэвуш звярнуўся да насельніцтва, выпусціўшы чатыры патрыятычныя заклікі: «Да войска», «Да грамадзян», «Да святароў» і «Да жанчын».

4 красавіка паўстанцы пад камандаваннем Касцюшкі атрымалі перамогу над расейскімі войскамі пад Рацлавіцамі. 17-18 красавіка паўстанцы і гараджане вызвалілі Варшаву, а 22-23 красавіка Вільню. 7 траўня Касцюшка выдаў Паланецкі ўніверсал, у якім сялянам абяцалася асабістае вызваленне і змяншэнне павіннасцяў. Але ўжо 6 чэрвеня Касцюшка пацярпеў паразу ў Шчэкацінах. Аблога Варшавы, злучаным расейска-прускім войскам, скончылася няўдачай у значнай меры дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву абаронай з боку Касцюшкі. 10 кастрычніка ў бітве пад Мацяёвіцамі з расейскімі войскамі ён быў цяжка паранены, узяты ў палон.

Да лістапада 1796 года Касцюшка быў зняволеным Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу. Пасля гэтага ён жыў у эміграцыі.

Імем Касцюшкі названыя вуліцы і плошчы ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама - найвышэйшая гара Аўстраліі. Яго імя таксама ўвекавечанае ў ЗША.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках