28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

УСУ знішчылі два самыя рэдкія зенітныя комплексы Расеі за тры дні

7
УСУ знішчылі два самыя рэдкія зенітныя комплексы Расеі за тры дні

Што гэта за зброя і як створаная для Запаляр'я тэхніка аказалася ва Украіне.

Украінскія вайскоўцы знішчылі рэдкую «арктычную» мадыфікацыю зенітна-ракетнага комплексу «Тор» - «Тор-М2ДТ». Гэта другі знішчаны ЗРК такой мадэлі за тры дні, паведамляе вайсковы партал «Мілітрні». Расказваем, што гэта за тэхніка, і навошта створаныя для Запаляр'я комплексы прывезлі ва Украіну.

Што здарылася

У Сеціве пачало распаўсюджвацца відэа, знятае з украінскага беспілотніка, які карэктуе артылерыйскі агонь.

На кадрах выразна бачны расейскі зенітны комплекс, падобны на гусенічны ўсюдыход з прычэпам. Па абрысах у ім лёгка пазнаць «Тор-М2ДТ» - версію сучаснага ЗРК малой далёкасці «Тор», створаную для баявых дзеянняў у Арктыцы (праўда, без характэрнага арктычнага камуфляжу). Машына, відаць, знаходзілася на баявым дзяжурстве — антэна радара круцілася.

Праз некалькі секунд на відэа бачна, што ў ЗРК прылятае неапазнаны боепрыпас, і комплекс выбухае.

Што можна зразумець па відэа, і што ўяўляе сабой «Тор-М2ДТ»

Са слоў аўтара матэрыялу на «Мiлiтарнiм», найбольш верагодна, зенітна-ракетны комплекс быў пашкоджаны кіраваным дальнабойным набоем амерыканскай вытворчасці M982 Excalibur. Гэтым набоем можна страляць на вялізныя адлегласці да 70 кіламетраў з 155-міліметровых гармат (гэта асноўны калібр краін NATO, мноства такіх сістэм ужо пастаўлена Украіне). На фінальным участку траекторыі боепрыпас карэктуецца па GPS і ў выніку трапляе практычна дакладна ў цэль.

Агонь прылады карэктаваў украінскі БПЛА, відэа з якога і апынулася ў Сеціве. Цікава, што гэта ўжо другі «Тор-М2ДТ» з пачатку лютага, першы ўдалося ліквідаваць байцам 406-й асобнай артылерыйскай брыгадзе УСУ.

«Тор-М2ДТ» - адна з апошніх мадыфікацый гэтага тыпу ЗРК, якую ўпершыню паказалі на парадзе 9 траўня 2017 года. На ўзбраенне машыны паступілі ў 2018 годзе, імі абсталявалі толькі адну частку - 80-ю мотастралковую брыгаду берагавых войскаў Паўночнага флоту вайскова-марскіх сіл РФ. Усяго ў расейскім войску ЗРК «Тор-М2ДТ» было, наколькі вядома, усяго 12 штук.

Для найлепшай праходнасці ва ўмовах Крайняй Поўначы комплекс выкананы па незвычайнай схеме – у якасці шасі выкарыстаны двухзвённы гусенічны транспарцёр ДТ-30 «Віцязь». Комплекс служыць для прыкрыцця важных арктычных аб'ектаў ад удараў крылатых і супрацьрадыёлакацыйных ракет, кіраваных авіябомбаў, самалётаў, гелікаптэраў і БПЛА, для пашкоджання лятальных апаратаў «Тор-М2ДТ» мае на ўзбраенні 16 ракет вертыкальнага старту з далёкасцю пашкоджання да 12 км і на вышынях да 10 км.

На фронце расейска-ўкраінскай вайны «Торы» з Арктыкі з'явіліся, здаецца, у сярэдзіне снежня 2022 года. Прычына іх перакідкі ва Украіну дакладна невядомая - магчыма, машыны перабазіравалі з прычыны недахопу сродкаў СПА блізкага радыусу ва ўмовах вялікіх страт і немагчымасці іх аператыўнага папаўнення.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках