29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-дэпутат Дзяржаўнай думы: У РФ пачнецца вайна за падзел тэрыторыі

Экс-дэпутат Дзяржаўнай думы: У РФ пачнецца вайна за падзел тэрыторыі

Ужо ідзе прыватызацыя войска.

Стварэнне прыватных войскаў рознымі расейскімі дзеячамі паказвае на падрыхтоўку да мафіёзнай вайны за размеркаванне тэрыторыі РФ.

Пра гэта сказаў экс-дэпутат Дзяржаўнай думы РФ і сацыёлаг Ігар Якавенка ў эфіры праграмы "Студыя Захад з Анцінам Баркоўскім» на тэлеканале "Эспрэса".

«У Расеі наспявае відавочна працэс, які паскорыць падзенне пуцінскага рэжыму паралельна з тым, як гэты рэжым будзе зазнаваць паразу на полі бітвы. Гэта тое, што называецца пераходам вайны імперыялістычнай у вайну мафіёзную. Цяпер адбываецца прыватызацыя войска. Бо хто такі Прыгожын? Гэта ўвогуле паталагічная з'ява – адбываецца прыватызацыя войска, ператварэнне войска ў прыватнае пры падтрымцы дзяржавы. Прыгожын - гэта чалавек, які стварыў прыватную вайсковую кампанію, што цалкам фінансуецца дзяржавай», - адзначыў ён.

Паводле слоў Якавенкі, цяпер войскі Прыгожына складаюць 20% ад агульнай колькасці расейскага войска на фронце.

«Гэта найбольш баяздольныя часткі. І гэта абсалютна паталагічная сітуацыя. І такіх прыватных вайсковых кампаній, крыху менш, амаль 20. Ёсць фактычна прыватнае войска ў Кадырава, мае прыватнае войска Цімчанка, партманет Пуціна. Ужо і сам Шайгу таксама мае прыватнае войска. Гэта ўзрушае: міністр абароны стварае прыватнае войска! Гэта пры тым, што ён фактычна з'яўляецца міністрам таго ж войска, якое створанае расейскай дзяржавай», - падкрэсліў палітык.

На яго думку, такое расцягванне войскаў - гэта падрыхтоўка да мафіёзнай вайны.

«Амаль усе палітычныя суб'екты, якія прэтэндуюць на асобныя кавалкі ўласнасці на тэрыторыі Расеі, спрабуюць завесці сабе ўласнае войска. Яны глядзяць ужо праз Пуціна, за ягонае плячо, у тую будучыню, дзе Пуціна ўжо няма. Я мяркую, у выніку сур'ёзнай вайсковай паразы, гэткага «ўкраінскага Сталінграда», які стане разгромам расейска-фашыстоўскіх войскаў, федэральныя ўлады будуць настолькі аслабленыя, што групу падтрымкі Пуціна з ліку службаў аховы перастануць баяцца, і пачнецца мафіёзная вайна за падзел Расеі», - уважае Якавенка.

Ён дадаў, што Расея гатовая да раскідання.

«Гэта імперыя, якая мае вельмі магутныя ўнутраныя цэнтрабежныя тэндэнцыі, і гэтая мафіёзная вайна за падзел будзе шматаць Расею. Пасля гэтага вайна спыніцца, гэта значыць, пяройдзе ўглыб Расеі. Такі сцэнар здаецца імаверным», - падкрэсліў экс-дэпутат парламента.

На думку Якавенкі, могуць быць спробы транзіту ўлады, але такая гісторыя не будзе мець поспеху.

«На сённяшні дзень асаблівасцю пуцінскай дыктатуры з'яўляецца тое, што яна персаналісцкая, шмат што завязана на Пуціну. Проста пераключыць усё на сына Патрушава, напрыклад, пра што шмат хто гаворыць, немагчыма. Бо ёсць розныя кодлы, для якіх Пуцін з'яўляецца верхаводам, вярхоўным арбітрам, які рэгулюе стасункі паміж гэтымі кодламі і не дае ім сутыкацца наўпрост у кланавай калякрамлёўскай калатні. Пераключыць усё гэта на іншага чалавека - такога не будзе дакладна. То бок, спроба будзе, калі з Пуціным што-небудзь здарыцца, яны паспрабуюць нешта зрабіць, але адзінага фюрэра ўжо не будзе», – мяркуе палітык.

Ён не выключыў спроб калектыўнага кіраўніцтва.

«Яны будуць спрабаваць выступіць адзіным фронтам, скажуць, што замест Пуціна цяпер яны. Але ніякіх сумневаў, што ёсць вялікая імавернасць, што такі кіраваны транзіт пяройдзе ў мафіёзную вайну. Таму, мабыць, калі Пуцін будзе зліквідаваны або памрэ натуральнай смерцю, краіна, безумоўна, занурыцца ў бязладдзе. Гэты перыядычны стан Расеі, гэта не толькі XVII стагоддзе - гэта і Першая расейская рэвалюцыя, і Кастрычніцкі пераварот, фактычна гэта класічныя прыклады бязладдзя. І менавіта такое бязладдзе чакае Расею пасля неўнікнёнай паразы ва ўкраінскай вайне», - падсумаваў Якавенка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках