29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі баец УСУ пра баі за Вуглядар: Знішчаем акупантаў, якіх рыхтавалі «высаджвацца ў ЗША»

8
Беларускі баец УСУ пра баі за Вуглядар: Знішчаем акупантаў, якіх рыхтавалі «высаджвацца ў ЗША»
Аляксандр Малчанаў

Аляксандр Малчанаў расказаў, як Украіна развеяла міф аб вайсковай моцы РФ.

Герой Плошчы 2010 года, былы палітвязень Аляксандр Малчанаў у складзе Узброеных сілаў Украіны абараняе Вуглядар.

Расейскія акупанты актывізавалі спробы ўзяць гэты горад у Данецкай вобласці. Беларускі баец УСУ распавёў сайту Charter97.org аб абароне горада, узгадаў загінулага добраахвотніка Эдуарда Лобава і расказаў, да чаго рыхтавацца беларусам:

- З 24 студзеня расейскія войскі робяць спробы даволі маштабнага наступу, мэтай якога, відавочна, з'яўляецца захоп Вуглядара. На гэты момант акупанты тут не могуць пахваліцца сур'ёзнымі поспехамі. Супраць нас дзейнічае элітнае падраздзяленне расейскага войска – марскія пяхотнікі Ціхаакіянскага флоту РФ. Гэта тыя хлопцы, якія ў тэорыі павінны высадзіцца на ўзбярэжжа ЗША, але так атрымалася, што змушаныя дзейнічаць у Прыазоўі.

Страты ў іх сапраўды вельмі вялікія. Відавочна, што калі казаць пра тэхніку, лік ідзе на дзясяткі, жывая сіла ўжо знішчана ў колькасці некалькіх сотняў, а, магчыма, нават ужо вылічаецца чатырохзначнымі лікамі.

Сказаць, што нам лёгка стрымліваць іх націск я не магу. У нас таксама, на жаль, ёсць страты. Ёсць з нашага боку загінулыя, ёсць параненыя. Але іх значна менш, чым у супраціўніка.

Расейцы па-ранейшаму не адмаўляюцца ад спроб прасунуцца наперад, нягледзячы на тое, што гэтыя спробы самагубныя для іх. Акупанты спрабуюць атакаваць, нясуць страты, адыходзяць, перагрупоўваюцца і даўкамплектоўваюцца, а потым зноў спрабуюць атакаваць.

Я не ведаю, які адсотак сярод іх застаўся ад старога кантрактнага войска, а які адсотак складаюць у іх падраздзяленнях мабілізаваныя расейцы. Але відавочна, што касцяк кантрактнікаў быў знішчаны яшчэ вясной-летам 2022 года.

- У баях пад Вугледарам загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў. Вы расказвалі, што ён перад смерцю знішчыў блізу 15 расейскіх дэсантнікаў. Эдуард быў настолькі моцным ваяром?

- Эдуард Лобаў меў добрую вайсковую падрыхтоўку і салідны баявы досвед. Ён раней служыў у добраахвотніцкіх батальёнах, у 8-ым палку спецпрызначэння, некалькі гадоў служыў са мной у 72-й АМБР. Эдуард быў смелы чалавек з моцным характарам, ён ніколі не баяўся небяспекі і цяжкасцяў. Апроч гэтага, ён быў вельмі прынцыповым чалавекам, любіў справядлівасць ва ўсім: і на службе, і ў паўсядзённым жыцці. Эдуард мне запомніўся такім.

- Як, на вашу думку, найбліжэйшым часам будуць развівацца падзеі на франтах вайны ва Украіне?

- Ужо зараз расейцы спрабуюць вярнуць ініцыятыву ў вайне, спрабуюць наступаць практычна па ўсім фронце. Праўда, маюць толькі ў некаторых выпадках выключна лакальныя тактычныя поспехі: недзе змаглі захапіць лесапасадку, недзе кароўнік на ўскраіне вёскі, з вялікімі патугамі яны змаглі захапіць некалькі маленькіх населеных пунктаў у раёне Бахмута. Зрэшты, на тым адцінку фронту яны спрабуюць наступаць з сярэдзіны лета.

З аператыўна-стратэгічнага ваеннага пункту гледжання, гэтыя наступальныя спробы расейскіх войскаў - вар'яцтва. Гэта не наступ з пункту гледжання ваеннай навукі, а амаль бессэнсоўныя атакі, у якіх расейцы спальваюць у аптовых колькасцях свае рэсурсы, у тым ліку - тэхніку і людзей.

Я думаю, што расейскае вайсковае палітычнае кіраўніцтва ўсведамляе, што маштабная дапамога нашых заходніх партнёраў прыбудзе ў другой палове вясны - пачатку лета. Гэта будзе і значная колькасць артылерыйскіх сістэм, і сучасныя баявыя браняваныя машыны, і доўгачаканыя сучасныя танкі краін NАТО, і шмат яшчэ чаго добрага, пра што зараз публічна не гаворыцца.

Аляксандр Малчанаў

Расейская верхавіна разумее, што гэта іх апошні шанец яшчэ штосьці захапіць, пакуль гэтая дапамога яшчэ не прыбыла ва Украіну. Усю восень расейскія войскі неслі буйныя паразы аператыўнага маштабу: у Харкаўскай вобласці, у Данецкай пад Ліманам, на Херсоншчыне.

Міф пра расейскую вайсковую моц быў знішчаны. Цяпер расейцы будуць спрабаваць прадэманстраваць, што яны яшчэ здольныя наступаць, хоць, відавочна, што яны проста будуць далей гнаць на забой сваю жывую сілу - адзіны рэсурс, які пакуль яшчэ ёсць у РФ у дастатковых колькасцях.

Але на сучасных войнах не перамагаюць тактыкай закідвання трупамі, таму Расея зазнае паразу. Думаю, што ў другой палове вясны і ўлетку ўсё ўбачаць буйныя перамогі Узброеных Сіл Украіны, нам удасца вызваліць ад расейскай акупацыі значныя тэрыторыі на поўдні і ўсходзе краіны.

- Да чаго сёння рыхтавацца беларусам?

- Да ўзброенай барацьбы за будучыню сваёй краіны. Толькі так можна наблізіць свабоду ад дыктатуры.

Аляксандр Малчанаў
Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках