25 красавiка 2024, Чацвер, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чыноўнікам давядзецца выбіраць паміж Geely і іранскімі аўто»

2
«Чыноўнікам давядзецца выбіраць паміж Geely і іранскімі аўто»

Эканаміст расказаў аб сітуацыі на аўтарынку Беларусі.

У канцы студзеня ў Іране было падпісанае пагадненне аб экспарце ў Беларусь і Расею іранскіх легкавых аўтамабіляў ад Saipa Group. Нараўне з гэтай навіной беларуская аўтамабільная асацыяцыя «БАА» фіксуе падзенне продажаў новых аўтамабіляў на беларускім рынку за студзень 2022 года, піша «Салiдарнасць».

- Продажы ў студзені склалі 756 легкавых аўтамабіляў, што на 46% менш аналагічнага паказчыку папярэдняга месяца. Пачынаючы з чэрвеня 2022 нязменным штомесячным лідарам з'яўляецца Geely. У студзені 2023 года было прададзена 543 аўтамабілі гэтай маркі. На другім месцы размясцілася LADA, на трэцім – JAC, – удакладняюць у «БАА».

Журналісты абмеркавалі з эканамістам Настай Лузгінай прычыны падзення продажаў новых аўтамабіляў на беларускім рынку і якія шанцы ў гэтай сітуацыі ёсць у іранскіх аўто.

- Беларусь сутыкнулася з істотным падзеннем продажаў новых аўтамабіляў у 2022 годзе, - адзначае ў экспрэс-каментары эканаміст. - У 2011 годзе былі ўведзеныя змены ўвазных мыт, з таго моманту беларусы пачалі купляць іншамаркі расейскай зборкі, таму што яны былі танней, чым тыя ж іншамаркі еўрапейскай зборкі. Аднак у 2022 годзе многія брэнды пакінулі расейскі рынак, адпаведна, беларусы пазбавіліся магчымасці купляць аўтамабілі наўпрост ў афіцыйных дылераў.

Калі паглядзець на лінейку аўтамабіляў, прадстаўленую на беларускім рынку, то пайшло істотнае скарачэнне: лідзіруюць Geely і LADA. Гавораць, што ёсць таксама шэры або паралельны імпарт, калі беларусы ўвозяць новыя іншамаркі, але значная частка гэтых аўтамабіляў можа ісці на расейскі рынак.

Экспэрт зазначае: прадказаць, як пойдзе працэс продажу іранскіх аўтамабіляў у Беларусі складана. Тым не менш, са слоў Лузгінай, гэта наўрад ці тыя аўто, якія хацелі б набываць беларусы.

- Цалкам магчыма, што гэтыя продажы будуць працаваць для дзяржаўных патрэб. Калі раней чыноўнікі каталіся на еўрапейскіх аўто, то зараз будуць выбіраць паміж Geely і іранскімі аўтавытворцамі.

Што тычыцца шараговых беларусаў, то тут усё залежыць ад цаны: будзе танна - знойдзецца пакупнік. Пры гэтым трэба адзначыць, што беларусы звыклі купляць нядрэнныя аўто. Тыя ж Geely ужо досыць сучасныя аўтамабілі: не сказаць, што гэта люксавыя аўто, але, тым не менш, яны будуць складаць канкурэнцыю іранскім.

Мы можам узгадаць экспэрымент з іранскімі аўтамабілямі Samand, якія вырабляліся ў Беларусі, але з гэтага нічога не выйшла. Аднак у той момант быў выбар аўтамабіляў, у тым ліку еўрапейскіх марак. Цяпер такога выбару няма, што стварае канкурэнтныя перавагі тым жа іранскім вытворцам.

На думку эканаміста, поспех Saipa Group на беларускім рынку будзе залежаць ад іх цаны і якасці: улічваючы, што ўзровень жыцця беларусаў у апошні год падаў, танныя мадэлі могуць быць у нейкай ступені запатрабаваныя, але наўрад ці гэта будзе вялікі попыт з боку звычайнага спажыўца.

Што тычыцца сітуацыі на расейскім рынку, куды таксама зараз плануюць пастаўляць іранскія аўто, то Лузгіна адзначае, што ў Расеі зараз назіраецца дэфіцыт новых аўтамабіляў.

- У расейцаў была добрая вялікая лінейка еўрапейскі, японскіх вытворцаў, якія яны выраблялі ўнутры краіны. Цяпер гэта ўсё закрылася, і цалкам магчыма, што іранскія аўтамабілі там будуць прадавацца, паколькі рынак Расеі вялікі. Тут залежыць ізноў жа ад коштавай палітыкі, бо ў іх ёсць тыя ж LADA і кітайскія аўтамабілі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках