29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскае войска захліснулі бунты мабілізаваных

9
Расейскае войска захліснулі бунты мабілізаваных

«Мобікі» запісваюць відэазвароты і адмаўляюцца ваяваць.

Расейскія мабілізаваныя або іх жонкі і маці звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна і просяць забраць вайскоўцаў з фронту - звыклая сітуацыя для Расеі. Забраць з фронту просяць таго, хто іх на фронт і адправіў. Пры гэтым, як правіла, мабілізаваныя і іх сваякі не выступаюць супраць вайны, як такой, супраць нападу на Украіну, а толькі скардзяцца на дрэннае абмундзіраванне, узбраенне і памылкі камандавання. Апошнім часам такія звароты павялічыліся шматкроць, уласна, як і страты расейскага войска ва Украіне, піша korrespondent.net.

Масавыя скаргі

За апошнія тыдні тры групы мабілізаваных з розных расейскіх рэгіёнаў запісвалі відэазвароты са скаргамі на тое, што адбываецца.

Прэтэнзіі вайскоўцаў ад роліка да роліка паўтараюцца: ваяваць даводзіцца зброяй часоў Другой сусветнай вайны, у вайскоўцаў няма сродкаў паветранай выведкі, а перад адпраўкай у атаку ім не выдаецца ніякіх пісьмовых загадаў аб гэтым. Так што пасля гібелі вайскоўцаў ніводны з афіцэраў не будзе несці за гэта адказнасці, сцвярджаюць вайскоўцы на відэа. Як яны сабе ўяўляюць аддачу пісьмовага загада да нападу - удзельнікі відэазвароту не ўдакладняюць.

У большасці ролікаў іх твары скрытыя або незаўважныя праз цемру. Стасункаў з журналістамі і яны, і іх сваякі ў асноўным пазбягаюць.

Улады часцей за ўсё развязваюць праблемы адным і тым жа спосабам - спачатку адмаўляюць, што мабілізаваных выкарыстоўваюць як штурмавікоў, затым адводзяць скаржнікаў з перадавой.

«Мы, мабілізаваныя з Калінінградскай, Мурманскай і Архангельскай абласцей, звяртаемся да вярхоўнага галоўнакамандуючага Пуціна У.У. у пытанні, што перад намі не ставіцца канкрэтнай стратэгіі і тактыкі. Адпраўляюць на штурм. Няма ўзаемадзеяння з камандзірамі падраздзяленняў. Адсутнічае агнявая падтрымка. Няма сродкаў начнога і дзённага назірання. Адсутнічае бронетэхніка. Няма артылерыйскай падрыхтоўкі», - чарговы такі зварот мабілізаваных з'явіўся ў тэлеграм-каналах 7 сакавіка.

Самагубныя штурмы

Больш за ўсё скардзяцца мабілізаваныя на загады штурмаваць украінскія пазіцыі, пасля чаго шэрагі расейскіх падраздзяленняў, як правіла, моцна радзеюць.

«Вы разумееце, кажу, што мы загінем усе там? У першым, у другім баі максімум? Ну і што, кажа, не вы першыя, не вы апошнія», - пераказвае дыялог са сваім камандзірам адзін з мабілізаваных.

З пачатку 2023 года часцей за ўсё паведамленні аб гібелі мабілізаваных прыходзілі з аўдзееўскага і вуглядарскага кірункаў фронту. З першых дзён уварвання расейскія войскі спрабавалі на гэтых адцінках адсунуць лінію фронту ад Данецка, але дагэтуль не атрымалі ў гэтым поспеху.

Лабавыя атакі расейскіх частак на ўзведзеныя цягам васьмі гадоў украінскія ўмацаваныя раёны чакана вядуць да высокіх страт нападнікаў. Увесну і ўлетку 2022 года на гэтых адрэзках фронту масава гінулі мабілізаваныя байцы самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Калі наступальны патэнцыял гэтых частак выдыхнуўся, іх пачалі замяняць - спачатку кадравымі расейскімі вайскоўцамі, потым добраахвотнікамі, а затым і мабілізаванымі згодна з вераснёўскім указам Пуціна.

У апошнія чатыры месяцы прыкладна 70% усіх некралогаў загінулых ва Украіне расейскіх вайсковых суправаджаюць фатаграфіі людзей у звычайным адзенні, а не ў вайсковай форме. Гэта можа быць ускосным сведчаннем росту страт сярод тых, хто яшчэ нядаўна быў мірным спецыялістам.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках