Таварыш Сі едзе ў Маскву вярнуць аплявуху
28- 19.03.2023, 17:14
- 42,960

Пуціна чакае адна з самых зневажальных размоваў у жыцці.
Палітолаг Уладзімір Пастухоў расказаў пра новую рэальнасць для Расеі, якую вымушаны будзе зафіксаваць Пуцін на сустрэчы з кітайскім лідарам.
– Семдзесят тры гады таму, зімой 1950-га, адбылася гістарычная сустрэча, па-мойму, адзіная, паміж Сталіным і Маа, – піша Уладзімір Пастухоў. – Для абодвух бакоў яна, апроч іншага, была цырыманіяльнай: Сталін прымаў Маа, каб правесці размову з пазіцый «старэйшага брата», а Маа, не маючы магчымасці больш ухіляцца ад гэтай сустрэчы, імкнуўся зрабіць усё магчымае ў тых умовах, каб не выглядаць на ёй «малодшым братам».
Гэтая сустрэча, замаскаваная пад «бурлеск пралетарскага інтэрнацыяналізму», была зневажальнай для Маа: у сваім вузкім коле ён неаднаразова выказваў пагардлівае стаўленне да Сталіна – і таму, што ўважаў Кітай за краіну з больш старажытнай культурнай традыцыяй, і таму, што Кітай проста нашмат пераўзыходзіў СССР у колькасці насельніцтва, і таму, урэшце, што ніколі не забываўся крыўдаў, нанесеных Кітаю імперскай Расеяй.
Праз некалькі дзён мы станем сведкамі гістарычнай, я нават сказаў бы – паваротнай падзеі. Візіт Старшыні Сі ў Маскву будзе візітам-рэваншам, вяртаннем аплявухі, якую Сталін даў Маа семдзесят тры гады таму назад, расказваючы яму, як трэба Маркса любіць.
Сі едзе размаўляць з Пуціным выключна з пазіцый «старэйшага брата», а Пуціну не застаецца нічога іншага, як зафіксаваць і легалізаваць публічна статус Расеі як «малодшай партнёркі» Кітая.
Гэтая сустрэча з'яўляецца новай гістарычнай адсечкай для Расеі, вынікам усіх турба-патрыятычных намаганняў апошняга дзесяцігоддзя. І калі Пуцін сапраўды прыедзе ў аэрапорт сустракаць Сі, гэта толькі падкрэсліць ягонае нікчэмна-прыніжанае становішча ў гэтым альянсе.
Расейская прапаганда вывернецца мехам унутр, каб падаць сустрэчу Пуціна з Сі як гістарычны прарыў і асабісты подзвіг Пуціна. Але Пуціна чакае ў рэчаіснасці адна з самых непрыемных і зневажальных гутарак у ягоным жыцці. Гэта не з Байдэнам пальцы растапырваць.
Тут усё будзе вельмі канкрэтна. Сі для пачатку акрэсліць, хто ёсць ху на гэты гістарычны момант, а потым рэалізуе вядомую формулу Бэндэра і запатрабуе ад Пуціна-Балаганава масу дробных паслуг за кожны скормлены яму вітамін. Пералік вітамінаў можа быць шырокі: ад перадачы Кітаю цікавых яму тэхналогій да прэферэнцый кітайскім кампаніям, якія працуюць у Расеі. У абмен Пуцін атрымае «пацеркі» (можа быць, нават нейкую зброю, хоць гэта наўрад ці).
Ва ўсёй гэтай гісторыі ўсплыў адзін вельмі важны цывілізацыйны аспект, які не быў узяты да ўвагі, калі Крэмль абвясціў татальную вайну Захаду (прыватным момантам якой з'яўляецца агрэсія супраць Украіны). Расея як сапраўды суверэнная дзяржава – пра што Пуцін так любіць казаць – можа існаваць толькі манеўруючы паміж Захадам і Усходам. Калі яна адвязваецца ад аднаго боку, яна тут жа становіцца лёгкай здабычай другога.
Пачаўшы гэтую вайну, Пуцін парушыў геапалітычны баланс і тым самым зрабіў Расею практычна безабароннай перад размеркаванай на дзесяцігоддзі мяккай экспансіяй Кітая.
Фіксацыя гэтай новай рэальнасці і адбудзецца ў Маскве на наступным тыдні.