25 красавiка 2024, Чацвер, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: БелАЭС найлепш было б закансерваваць

3
Андрэй Ажароўскі: БелАЭС найлепш было б закансерваваць
Андрэй Ажароўскі

Расейскі фізік-ядзершчык расказаў пра ідэальны лёс для Астравецкай станцыі.

Другі энергаблок не ўключаць, а першы энергаблок закансерваваць – такі быў бы ідэальны лёс Беларускай атамнай станцыі. Пра гэта ў інтэрвʼю «Белсату» заявіў расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

«Не толькі шкодны для экалогіі праект, але і зусім не патрэбны беларускай энергетыцы»

– Улічваючы і прызнанне, зробленае Лукашэнкам, і заяву літоўскай выведкі, і заяву Міністэрства энергетыкі РБ, што «Літва ілжэ», ствараецца ўражанне, што на будаўніцтве АЭС нейкі бардак. Таму хачу запытацца ў вас як у эксперта: што не так з БелАЭС? Гэта праблемы кепскага праектавання ці неахайнай рэалізацыі?

– У экспертаў першапачаткова былі прэтэнзіі і да першага, і да другога. Яшчэ да пачатку будаўніцтва, у камісіі з удзелам прадстаўніка НАН РБ Івана Нікітчанкі і з боку Расеі член-карэспандэнта РАН Аляксея Яблакава. Мы тады ўсебакова прааналізавалі дакументы, якія выносіліся на грамадскае абмеркаванне, і прыйшлі да высновы, што гэта не толькі шкодны для экалогіі праект, але і зусім не патрэбны беларускай энергетыцы. І ў цэлым мы тады казалі аб ненадзейнасці працы АЭС – гэта, у прынцыпе, міжнародная тэндэнцыя. Больш за тое, можна спаслацца таксама і на аўтарытэт Растэхнагляду, які пісаў аб прычынах непаладак на АЭС у Расеі: недахопы канструявання, дэфекты вытворчасці і недахопы будавання. Тое, што стала цяпер відаць у гісторыі з БелАЭС, для расейскага рэгулятара было відавочна даўно. Гэта тыповыя праблемы расейскай атамнай галіны.

Што мы бачым цяпер? Беларускі бок спачатку выгнаў з краіны экаактывістаў – у прыватнасці, «Экадом». Цывілізаваны дыялог стаў немагчымы з віны ўладаў Беларусі. Хаця яшчэ не так даўно, у 2010–2011 гадах, мы ўдзельнічалі ў слуханнях, была спроба дыялогу з прыцягненнем медыяў і экспертаў. Цяпер няма дыялогу. І няма выразнага афіцыйнага тлумачэння працяглых рамонтаў і незапланаваных адключэнняў Беларускай АЭС.

Нідзе такога не было, ні на адным абʼекце «Росатому», каб 58 % часу энергаблок АЭС не працаваў! Ні на адным абʼекце «Росатому» такога не было, каб каэфіцыент выкарыстоўвання ўсталяванай магутнасці быў 50–60 %. Гэта ж нейкі жах.

– Атрымліваецца, заяўляючы, што Літва хлусіць, Мінэнерга РБ выдае само сябе?

– Ну так. Ёсць адчуванне, што справаздача літоўскай выведкі адпавядае рэчаіснасці. Асабліва калі ўлічыць, што там ёсць адказ на пытанне аб чарговай гадавой затрымцы з увядзеннем у эксплуатацыю другога блоку БелАЭС. Роўна год таму Мінэнерга і «Росатом» збіраліся ў красавіку яго запусціць. І яны не змаглі гэтага рэалізаваць. Тады нічога не абвесцілі. Былі здагадкі, што, можа, столькі электраэнергіі не трэба Беларусі, ці што на патрабаванне дыспетчараў затрымліваецца запуск гатовага блоку.

А літоўская выведка ў сваёй справаздачы дакладна сказала, што была сурʼёзная праблема – засмечванне цепланосьбіту першага контуру рэактару. З-за гэтага давялося выгружаць паліва і адмываць яго ад нейкай смалы. Я думаю, гаворка пра іёнаабменную смалу фільтра, прызначанага ўлоўліваць розныя элементы забруджвання з гэтага цепланосьбіту, бо ён павінен быць ідэальна чысты. І, напэўна, нешта было зроблена не так з загрузкай гэтай іёнаабменнай смалы, што яна патрапіла на элементы паліва.

Калі б былі нейкія сумленныя адкрытыя тлумачэнні з боку Мінэнерга РБ таго, што адбылося, то мы б убачылі, ці ёсць падставы хвалявацца. Аднак не, яны проста сказалі: маўляў, вы ўсё хлусіце, але не расказалі, што ж там робіцца. Літоўская ж выведка не проста паінфармавала, што ёсць праблемы, а патлумачыла, у чым менавіта справа, што менавіта рамантавалі, чаму быў такі працяглы прастой без працы АЭС.

– Складваецца вельмі не радасная карціна: і праект першапачаткова не вельмі добры, і рэалізацыя «крывая», і яшчэ і Мінэнерга не інфармуе грамадскасць, абмяжоўваючыся дэкларатыўнымі заявамі. Празрыстасці пра рэальную сітуацыю на станцыі няма ніякай. Я правільна зразумеў?

– Так, абсалютна дакладна. Больш за тое, кіраўніцтва Белар усі выціснула з краіны апанентаў-эколагаў, і цяпер з іх і спытаць няма каму.

«Ва ўладаў Беларусі адсутнічае дыялог з грамадскасцю»

– Але тады каму прызначаны гэты зварот літоўскай выведкі? Да каго ён адрасаваны, да міжнароднай грамадскасці? У чым сэнс заяваў, якія мала на што могуць паўплываць?

– Зусім не мала. Літоўская выведка дала моцны палітычны сігнал, што вымушаная атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца на станцыі, праз свае каналы, бо афіцыйных звестак з беларускага боку не паступае. Ва ўладаў Беларусі адсутнічае дыялог з грамадскасцю, няма дыялогу з Літвой, у публічнай прасторы яны таксама нічога не заяўляюць выразнага. Таму працуе выведка, атрымаўшы такое даручэнне ад літоўскай дзяржавы, працуе са сваімі інфарматарамі. Гэта адбываецца ў той час, калі ва ўсім свеце прынята, каб уласнікі атамных электрастанцыяў самі адкрыта і празрыста паведамлялі аб праблемах на сваіх абʼектах павышанай небяспечнасці, і як гэтыя праблемы вырашаюцца. Вось цяпер, напрыклад, уласнік французскіх АЭС паведамляе, што ў іх складанасці, і нават дэталёва апісвае, якія менавіта гэта складанасці, на якім абсталяванні і канструкцыях і што робіцца дзеля іх пераадолення.

Пры гэтым і літоўская выведка толькі пазначыла наяўнасць праблемаў, не падаючы асабліва дэталяў, бо гэта не іх праца. Але літоўцы паказалі інфармаванасць. Паведамляецца, напрыклад, што парушаныя зварныя швы ў шпонках, якія ўтрымліваюць металічны корпус рэактара ў бетоннай шахце. Гэта важныя элементы канструкцыі, бо яны ахоўваюць металічны корпус рэактара ад магчымых перакосаў. Пры перакосах такі рэактар непрацаздольны. Перакосы могуць узнікнуць у выпадку землятрусу альбо з-за аварыі з разрывам трубаправоду. Праблема землятрусаў для гэтай пляцоўкі актуальная, таму ёсць гістарычныя пацверджанні. А разрыў трубаправоду – гэта прадугледжаная праектам магчымасць, калі вырываецца моцны паток вадкасці ці пары пад ціскам і можа ссунуць рэактар з месца. Калі шпонкі ў парадку, то яны абароняць ад ссоўвання рэактара з месца, а калі яны з дэфектам, то ўсякае можа быць. Праблема ў тым, што гэтыя шпонкі зварваюць на месцы. І, мабыць, недзе штосьці пайшло не так.

Уласна, для экспертнай супольнасці атрыманая літоўскай выведкай інфармацыя не дзіўная. Яшчэ ў 2010 годзе мы папярэджвалі, што будуць дэфекты і на этапе вырабу абсталявання, і на этапе будаўніцтва. Такі стыль працы ў «Росатому».

«Замест пэўнага абсталявання заходняй вытворчасці было ўжытае некаторае расейскае»

– Здаецца, на момант падпісання кантракту яшчэ нідзе ў свеце не было пабудавана рэактараў паводле гэтага праекту. Беларускі быў першы, ці не блытаю?

– Не пераблыталі. Сапраўды, на момант падпісання не было. Потым падобны агрэгат «Росатом» пабудаваў на Новаваронежскай АЭС, а пазней яшчэ адзін – на Ленінградскай АЭС. Затым ужо пачалі будаваць блок у Астраўцы. Ён і падобны да папярэднікаў, і адрозніваецца. Улічваючы ўплыў санкцыяў 2014 года, для Беларускай АЭС замест пэўнага абсталявання заходняй вытворчасці было ўжытае некаторае расейскае, якое дадаткова ўдасканалілі проста падчас будоўлі. Але гэта яшчэ паўбяды – некаторыя агрэгаты былі нейкім чынам набытыя на Захадзе, у абыходжанне расейскіх санкцыяў. І гэта вельмі кепска.

Напрыклад, было паведамленне, што ў адной з першых аварыяў яшчэ на этапе доследнай эксплуатацыі на БелАЭС зрабіўся непрыдатным трансфарматар-вымяральнік замежнай вытворчасці. А на Новаваронежскай і Ленінградскай АЭС такога трансфарматара няма! Выходзіць, што на БелАЭС ёсць і першапачаткова прадугледжанае праектам абсталяванне расейскай вытворчасці, і не прадугледжанае першапачатковым праектам расейскае ж абсталяванне, пастаўленае ў парадку імпартазамяшчэння, і заходняе пазапраектнае абсталяванне, якое набылі, каб замяніць тое, што трапіла пад санкцыі. Гэта ж нейкі Франкенштэйн атрымліваецца, там такі разнабой.

– А што цяпер рабіць з гэтай АЭС? Хіба яны змогуць яе спыніць? Пабудавалі на расейскія грошы, узятыя ў крэдыт. Іх трэба аддаваць. Станцыю ж немагчыма ўзяць і разабраць?

– А чаму не? Усё магчыма. Можна і не разбіраць, але што рабіць – мне зразумела. Другі блок увогуле не трэба запускаць. А першы блок спыніць, і станцыю трэба закансерваваць гадоў на пяцьдзясят, пакуль не спадзе так званая наведзеная актыўнасць. Ёсць у Нямеччыне прыклад электрастанцыі, якую так і не дабудавалі: прынялі валявое рашэнне спыніць. У Аўстрыі станцыю пабудавалі, а потым вырашылі не ўключаць, хаця будавалі на народныя грошы. Што ж датычыць крэдытаў, то калі б кіраўніцтва Беларусі не было ў такой катастрафічнай залежнасці ад расейскага, можна было б скарыстацца цалкам афіцыйнай падставай і дабіцца няўстойкі, паколькі парушаныя тэрміны будаўніцтва. У параўнанні з тэрмінамі, пазначанымі ў дамовах 2011 года, затрымка пуску першага энергаблоку склала чатыры гады, а другога – пяць гадоў. Ну вось, няхай «Росатом» цяпер забірае ўсё назад, калі не справіўся з абʼектам у дамоўленыя тэрміны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках