24 красавiка 2024, Серада, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі дыпламат расказаў, якая памылка Пуціна прывяла да выдачы ордэра МКС

18
Украінскі дыпламат расказаў, якая памылка Пуціна прывяла да выдачы ордэра МКС
Аляксандр Хара

Ёсць падставы для прыцягнення беларускага дыктатара да адказнасці.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзідэнта Расеі Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай.

Украінскі дыпламат і палітолаг, экспэрт фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандр Хара ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў, як глупства Пуціна зрабіла рэальнасцю магчымасць прыцягнення гаспадара Крамля да адказнасці і ці выдадуць яго расейскія эліты.

- Важнасць гэтай пастановы можна вызначыць у двух плоскасцях - у дачыненні да Украіны і ў дачыненні да свету. Для Украіны гэта першы такі важны юрыдычны крок, калі прызнаюцца злачынствы Расейскай Федэрацыі і вышэйшага кіраўніцтва. Адпаведна, ёсць надзея, што арганізатары гэтых злачынстваў, не проста шараговыя выканаўцы, а менавіта арганізатары, могуць паўстаць перад судом і панесці пакаранне.

Калі ацэньваць з глабальнага пункта гледжання, ні наяўнасць сталага месца ў Радзе Бяспекі ААН, ні ядзерную зброю, ні вялікае войска не адштурхнулі міжнародныя інстытуты ад таго, каб зваць рэчы сваімі імёнамі. Нават калі правасуддзе не будзе фізічна выкананае, гэта значыць Пуцін не паўстане перад судом і не будзе сядзець у турме, то на ягонай рэпутацыі і рэпутацыі ўсіх, хто яго падтрымлівае, застанецца пляма да самага канца. Гэта сігнал іншым таталітарным лідарам у свеце, што іх не абароніць імунітэт кіраўнікоў дзяржаў ад адказнасці за злачынствы, якія яны ўчынілі або плануюць учыніць.

- Як вы думаеце, ці ёсць магчымасць таго, што падобны ордэр будзе выдадзены на арышт Лукашэнкі?

- Падставы ёсць, Лукашэнка з'яўляецца суўдзельнікам гэтай агрэсіўнай вайны, а гэта з'яўляецца злачынствам нават з пункту гледжання беларускага, расейскага і ўкраінскага заканадаўстваў. Я не ўпэўнены наконт такога асуджэння з пункту гледжання таго, што ён зрабіў з самімі беларусамі, бо мы гаворым пра вайсковыя злачынствы, злачынствы супраць чалавецтва і генацыд. Гэта самыя страшныя злачынствы.

Тое, што Лукашэнка фактычна ўзурпаваў уладу, саджаў і забіваў лідараў апазіцыі і звычайных грамадзян, якія выступалі супраць, таксама з'яўляецца злачынствам. Але гэта не падпадае пад міжнароднае гуманітарнае права пра ваенныя злачынствы. Таму як саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны яму цалкам маглі б выпісаць такі ордэр.

Але з іншага боку, як бы мы дрэнна не ставіліся да Лукашэнкі, у адрозненне ад Пуціна ён публічна дастаткова асцярожна выказваецца. Адна з прычын, чаму стала магчымым прыцягнуць да адказнасці Пуціна і так званага амбудсмэна, гэта тое, што яны публічна казалі пра свае злачынствы, не баяліся.

Вы, напэўна, бачылі, як расстрэльвалі ўкраінскага салдата, які сказаў «Слава Украіне». У расейскай галаве абсалютна нармальна забіць ваеннапалоннага, разбамбіць Марыюпаль, вывезці адтуль дзяцей, а потым гэтых дзяцей раздаваць на ўсынаўленне расейцам, нягледзячы на тое, што ў некаторых гэтых дзяцей засталіся сваякі. У іх галаве гэта абсалютна нармальна, таму яны пра гэта адкрыта казалі.

Калі мы гаворым пра Лукашэнку, то якім бы вырадкам ён не быў, ён не кажа такіх рэчаў. У судовым працэсе будзе дастаткова складана даказаць намер. Калі б быў доступ да сакрэтных дакументаў, размоў і гэтак далей, то гэта магло б стаць доказам. У выпадку з Лукашэнкам тая дэмагогія, якую ён кажа, за яе складана з юрыдычнага пункту гледжання ўчапіцца. А Пуцін меў такое глупства. Яму здавалася, што гэта добрая пераможная тэма, што ён нібыта ратуе дзяцей пасля таго, як знішчыў паўмільённы горад. Я спадзяюся, што і Лукашэнка панясе адказнасць, прынамсі за агрэсію, калі не за іншыя злачынствы.

- Ці ёсць імавернасць таго, што Пуціна ў якасці нейкай угоды з Захадам у Гаагу выдасць расейскія эліты?

- Такая імавернасць ёсць, гэта фактычна югаслаўскі ці сербскі сцэнар. Але яго дастаткова складана прадбачыць, бо мы не разумеем, наколькі гэты рэжым магутны, на колькі жыццёвых рэсурсаў дастаткова ў самога Пуціна, колькі ён пражыве. Мы ведаем, што ў Расеі нічога не адбываецца, а потым рэзка мяняецца ўсё. Але тэарэтычна наступнаму, хто прыйдзе ў РФ да ўлады, трэба будзе дыстанцыявацца ад няўдалай вайны, ад злачынстваў, спрабаваць выйсці з-пад санкцый, захаваць свае нейкія асабістыя капіталы. Дзясяткі найбагацейшых людзей у Расеі страцілі доступ да сваіх нарабаваных багаццяў. Таму ёсць варыянт, калі Пуціна ды іншых арганізатараў агрэсіі выдадуць міжнароднаму правасуддзю. Адпаведна, узамен яны могуць атрымаць нейкія палёгкі ў выглядзе зняцця санкцый ці чагосьці такога. Тэарэтычна такое магчыма, але пакуль гэтага не бачна.

Мы бачым, што большасць расейцаў, як у нацысцкай Нямеччыне немцы, падтрымліваюць свайго фюрара расейскага свету. Яны не збіраюцца выходзіць на вуліцы не толькі каб пратэставаць супраць у вайны, яны няздольныя абараніць нават сваіх мужоў і сыноў, якіх хапаюць і кідаюць у мясасечку. Асабліва апошнія пару месяцаў.

Ёсць відэа ў Сеціве, як «чмобікі», звяртаюцца да нейкіх абстрактных уладаў, што яны не экіпіраваныя, не падрыхтаваныя, а іх кідаюць адразу ж на перадавую. Калі маці і жонкі не выходзяць на вуліцы, каб абараніць сваіх дзяцей, то ўявіць сабе, што яны будуць выходзіць за нейкую справядлівасць і іншыя рэчы вельмі складана. Таму я пакуль не бачу такога варыянту, але тэарэтычна ён, канешне, ёсць, што Пуціна і ягоную хеўру могуць выдаць міжнароднаму правасуддзю.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках