19 красавiка 2024, Пятніца, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук схадзіў на квэст і на паўгода выпаў з жыцця

21
Мянчук схадзіў на квэст і на паўгода выпаў з жыцця

Цяпер спрабуе знайсці вінаватых.

Ілля нават уявіць сабе не мог, што пасля хорар-квэста паедзе не дадому, а ў лякарню, дзе яму зробяць аперацыю. Траўму нагі хлопец атрымаў у снежні мінулага года і дагэтуль не змог выйсці на працу. Сваю гісторыю ён расказаў Onliner.

Увечары 3 снежня разам з жонкай і сябрамі Ілля адправіўся на папулярны ў Менску квэст - з паметкай 14+. Удзельнікам раздалі лісты з правіламі паводзін, вуснага інструктажу па тэхніцы бяспекі не было, упэўнівае маладзён.

- Квэст праходзіў у дрэнна асветленым памяшканні, дзе ляжыць вельмі слізкая, зацёртая, не прыдатная для актыўнага баўлення часу плітка. У адной з лакацый я, седзячы на кукішках, разгадваў загадку. У нейкі момант побач са мной адчыніліся дзверы, з’явілася акторка і гучна закрычала. Ад нечаканасці я пачаў уставаць, паслізнуўся і ўпаў, праз што адчуў востры боль у правым сцягне.

Устаць самастойна хлопец ужо не здолеў - дапамагаў сябар. Квэст з удзелам актораў для Іллі скончыўся - пачаўся свой уласны, з выклікам «хуткай» і аперацыяй.

- У стане шоку, кульгаючы і абапіраючыся на сценку, я дайшоў да пакоя адпачынку, але з кожным крокам боль значна ўзмацняўся. Калі сябры скончылі квэст і дашлі да мяне, боль ужо быў настолькі моцным, што я практычна не мог рухацца. Мы папрасілі выклікаць хуткую дапамогу. На насілках мяне данеслі да машыны і адвезлі ў 6-ю лякарню. Там мне паставілі дыягназ «Закрыты пералом шыйкі правай сцегнавой косткі са зрушэннем абломкаў» (эпікрыз з лякарні ёсць у рэдакцыі. - Заўвага. рэд.). Падчас аперацыі мне паставілі ў нагу няздымную металаканструкцыю «гама-цвік», і я яшчэ больш за два тыдні правёў у лякарні пад наглядам лекараў.

Пасля выпіскі Іллі забаранілі наступаць на траўмаваную нагу - хадзіць можна толькі з выкарыстаннем мыліц або хадункоў. Усе гэтыя месяцы хлопец знаходзіцца на бальнічным.

- Поўнае аднаўленне зойме яшчэ 2-4 месяцы, усё будзе залежаць ад хуткасці зрастання костак. Адчуваю сябе я ўжо лепей, паволі аднаўляюся, але болі ў назе працягваюць трывожыць. У руху па-ранейшаму моцна абмежаваны.

Ілля пастанавіў падзяліцца сваёй гісторыяй, каб папярэдзіць беларусаў аб рызыцы падчас такіх забаў. На квэстах бывае па-сапраўднаму страшна — не выпадкова арганізатары забараняюць удзельнічаць «асобам, якія пакутуюць ад сэрцава-судзінных захворванняў, якія маюць розныя тыпы траўмаў, а таксама ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення». Таксама ў апісанні квэста напісана, што сюды не варта прыходзіць людзям, якія баяцца замкнёных прастор.

Ілля распавёў, што ён звязваўся з арганізатарам, які абяцаў са свайго боку дапамогу, але з часам стасункі спыніліся.

- На арганізатара была напісаная заява ў міліцыю, будуць разбірацца, - адзначыў мянчук.

Мяркуючы па ўсім, заява была напісаная яшчэ ў снежні. На пытанне, чым скончыўся разбор, Ілля адказаў, што справа перададзеная ў пракуратуру і вынікаў пакуль няма.

- А вы не думаеце, што гэта проста супадзенне? На вуліцы таксама лёгка паслізнуцца.

- Безумоўна, у жыцці можа здарыцца рознае, мы ні ад чаго не застрахаваныя, але вось толькі гэта была не вуліца, гэта павінна было быць старанна падрыхтаванае памяшканне. Напрыклад, у басейнах і ў гандлёвых цэнтрах таксама ляжыць плітка, аднак там забаронена бегаць, скакаць і актыўна бавіць час. Што тычыцца квэсту, там першапачаткова маюцца на ўвазе актыўныя дзеянні на плітцы, сутнасць у тым, што неабходна ўвесь час уцякаць ад мёртвых душ і ўсякай поскудзі. Таму я мяркую, што арганізатар абавязаны быў паклапаціцца аб бяспецы гульцоў, - упэўнены Ілля.

Каментар арганізатара: «Наша віна адсутнічае»

Складана сказаць, ці ёсць у гэтай гісторыі вінаватыя, бо паслізнуцца, па ідэі, можна ва ўсякім месцы. Ці варта скардзіцца на дарожныя службы, калі няўдала ўпаў на ходніках? Ці на кампанію-працадаўца, калі ад недасыпаў стукнуўся аб офісныя дзверы? З іншага боку, мы не прысутнічалі на месцы падзеяў. Магчыма, плітка была сапраўды занадта слізкай для таго напалу эмоцый, з якім сутыкнуўся Ілля падчас квэсту.

Onliner звярнуўся па тлумачэнні да дырэктара кампаніі, якая ў той дзень праводзіла мерапрыемства. Юры назваў сітуацыю дзіўнай і расказаў, што па ёй праводзілася праверка ўпаўнаважанымі органамі, якія «зрабілі адпаведныя высновы». Ад канкрэтнай інфармацыі пасля праверкі дырэктар устрымаўся.

- Ад сябе магу паведаміць адно: у тым, што ўдзельнік квэсту атрымаў траўму, адсутнічае віна арганізатара квэсту. Удзельніку была пададзеная дакладная і дастатковая інфармацыя аб паслузе, растлумачаныя правілы гульні і патрабаванні бяспекі. Паслуга нададзеная арганізатарам якасна, - коратка адказаў дырэктар.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках