24 красавiка 2024, Серада, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што не так з заявай Лукашэнкі пра стральбу ў Гародні

11
Што не так з заявай Лукашэнкі пра стральбу ў Гародні

БТ напускае туману.

21 сакавіка падчас вялікай нарады з сілавым блокам Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт падзеяў у Гародні, дзе спецназ КДБ застрэліў замежнага грамадзяніна. Неўзабаве некаторыя дэталі былі таксама раскрытыя ў сюжэце БТ. Аднак пытанняў пасля гэтага стала яшчэ больш, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Што кажуць улады

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «на днях у Гародні быў нейтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст». «Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для гучных тэрактаў у дачыненні да грамадзянаў, службовых асобаў дзяржаўных органаў», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама паўтарыў інфармацыю, якую адразу пасля здарэння распаўсюдзіў КДБ: «тэрарыст» чыніў супраціў з ужываннем баявых гранатаў і аўтаматычнай зброі, але ніхто з сілавікоў не пацярпеў. Ён дадаў, што планы «тэрарыста» былі задакументаваныя і загадаў «праінфармаваць грамадскасць пра вынікі гэтай аперацыі і сарваныя планы нашых ворагаў».

Аднак самае цікавае ў тым, што Лукашэнка так і не патлумачыў, хто гэтыя «ворагі». Грамадзянства замежнага тэрарыста ён не назваў, на каго той працаваў – таксама.

Што не так з заявай Лукашэнкі

Нешматслоўнасць Лукашэнкі сама сабой выглядае дзіўна. Калі паглядзець на тое, як асвятляецца нарада дзяржаўным агенцтвам БелТА, то можна зрабіць выснову, што спроба тэракту ў Гародні заняла ў прамове Лукашэнкі столькі сама месца, колькі тэмы тэлефонных ашуканцаў, хатняга гвалту і нагляду за беспрацоўнымі. Складваецца ўражанне, што падзеі ў Гародні – гэта нейкая руцінная справа для Беларусі, хоць гэта відавочна не так.

Такія паводзіны ўладаў рэзка кантрастуюць з рэакцыяй на папярэднія «тэракты». Наконт дыверсіі супраць расейскага самалёта А-50У на аэрадроме ў Мачулішчах Лукашэнка выдаў 7 сакавіка вялікую і вельмі эмацыйную прамову. Для параўнання: у справаздачы БелТА выступ пра Мачулішчы заняў больш за 13 тысячаў знакаў, а аперацыя ў Гародні – менш за 1,8 тысячы.

Кажучы пра Мачулішчы, Лукашэнка раскрыў шмат дэталяў аперацыі спецслужбаў і звестак пра затрыманага «тэрарыста». Грамадзянства затрыманага не хавалася, а адказнасць за дыверсію ён непасрэдна ўсклаў на СБУ і ЦРУ (потым прапагандысты дадалі да гэтага спісу польскія спецслужбы). Правілы дыпламатычнага этыкету Лукашэнку зусім не хвалявалі: ён некалькі разоў назваў Уладзіміра Зяленскага «гнідай», а Польшчу і Літву – мраззю. Цяпер жа ўсё выглядала інакш.

БТ напускае туману

Загад Лукашэнкі «праінфармаваць грамадскасць» быў выкананы імгненна: на БТ выйшаў кароткі сюжэт пра аперацыю ў Гародні.

«У лютым КДБ атрыманы звесткі пра намеры збеглых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго са сваіх прыхільнікаў. У поле зроку КДБ трапляе чалавек з расейскім пашпартам: Ламакін Аляксей Мікалаевіч, 1981 года нараджэння. Пазней высветліцца, што дакументы – падробленыя», – сцвярджаецца ў сюжэце БТ.

Супрацоўнік КДБ у гэтым матэрыяле расказвае, што пры спробе затрымання падазраванага ў кватэры той адкрыў агонь з аўтамата Калашнікава і ўзарваў гранату. Падчас штурму падазраваны атрымаў раненні і памёр па дарозе ў лякарню. У якасці патэнцыйных мішэняў «тэрарыста» называліся будынкі абласнога КДБ і МУС, мясцовыя сілавікі і чыноўнікі. У тайніку на трасе Гародна – Астрына сілавікі нібыта знайшлі 5 кг пластыду.

Насамрэч сюжэт БТ – гэта віртуозны прыклад таго, як падаць інфармацыю так, каб толькі ўсіх яшчэ больш заблытаць. Спачатку прапагандысты кажуць, што «тэрарыста» клічуць Аляксей Ламакін і ён меў расейскі пашпарт, а потым дадаецца, што дакументы былі несапраўднымі. Застаецца пытанне: дык ён усё ж такі Ламакін і грамадзянін РФ ці ягоныя імя і грамадзянства ўвогуле не высветлілі?

Акрамя таго, БТ расказвае, што «тэрарыста» хацелі пераправіць з Польшчы ў Беларусь «беглыя экстрэмісты». Дзіўная фармулёўка: атрымліваецца, што ўлады нібыта не сцвярджаюць, што ён сапраўды трапіў у Беларусь праз мяжу з Польшчай, а толькі кажуць, што гэта планавалася. Таксама незразумела, як у прынцыпе можна патрапіць у Беларусь з аўтаматам Калашнікава, гранатамі і пяццю кілаграмамі выбухоўкі праз узмоцнена ахоўную мяжу з Польшчай. Але нават калі ўявіць такую малапраўдападобную сітуацыю, што «тэрарыст» сапраўды трапіў у Беларусь праз мяжу з ЕЗ, дык чаму Лукашэнка пра гэта не згадаў у сваёй прамове? Звычайна ён не прапускае выпадку абвінаваціць у варожых дзеянняў улады Польшчы.

Чаму ўлады напускаюць туману вакол грамадзянства «тэрарыста»?

Нешматслоўнасць Лукашэнкі і маніпуляцыі з грамадзянствам падазраванага можна лагічна растлумачыць толькі ў адным выпадку: «тэрарыст» сапраўды грамадзянін РФ і патрапіў у Беларусь ён праз расейскую мяжу, якая не ахоўваецца.

Зусім нядаўна, 9 сакавіка, Галоўная ўправа выведкі Мінабароны Украіны паведамляла, што неўзабаве Расея плануе зладзіць маштабныя правакацыі на мяжы. Для гэтага ў Беларусь нібыта прыбылі некалькі групаў расейцаў, іхнія планы прадугледжваюць знішчэнне аб'ектаў інфраструктуры і гібель мірнага насельніцтва. Расейскі праваабарончы праект Gulagu.net таксама паведамляў, што ў Беларусь накіраваныя найміты, якія павінны ўчыніць тэракты ад імя Украіны, каб стварыць casus belli.

На сёння няма падставаў казаць, што інфармацыя ГУР і Gulagu.net нейкім чынам звязаная з падзеямі ў Гародні. Аднак калі «тэрарыст» сапраўды прыехаў з Расеі, то паводзіны ўладаў робяцца цалкам зразумелымі. Цяпер не лета 2020 года, калі Лукашэнка мог паставіць пад пагрозу стасункі з Крамлём і стварыць прапагандысцкае шоу з затрыманнем 33 расейскіх наймітаў. Цяпер сварыцца з Расеяй яму нельга, бо ад падтрымкі Масквы залежыць лёс рэжыму Лукашэнкі. Таму ён якраз зацікаўлены ў тым, каб «тэрарыст» ніяк з галоўным хаўруснікам не быў звязаны – лепш усё спісаць на «збеглых экстрэмістаў».

Ці магла б гэта быць пастаноўка?

Не выключана. Некаторыя ўжо заўважылі ў фрагментах аператыўнай здымкі, якую выклала БТ, шмат падазроных дэталяў. Аднак калі ўявіць, што гэта пастаноўка, то ўзнікае пытанне: а навошта гэта трэба ўладам?

Пастаноўкі і правакацыі, якія потым спецслужбы абвяшчаюць тэрактамі, не рэдкасць для Беларусі, асабліва ў апошнія гады. Але ўлады ў такіх выпадках ніколі не выяўлялі ні дыпламатычнай далікатнасці, ні сціпласці ў асвятленні гэтых падзеяў. Калі ў красавіку 2021 года спецслужбы раскручвалі гісторыю пра спробу дзяржаўнага перавароту і замах на Лукашэнку, то ён абрынуўся з абвінавачваннямі на адрас ЗША і асабіста Джо Байдэна. Калі ў чэрвені 2021 года стала вядома пра «справу АГСБ», то Лукашэнка публічна выставіў прэтэнзіі Нямеччыне і тагачаснай канцлерцы Ангеле Меркель.

Сэнс такога кшталту пастановак якраз і заключаецца ў тым, каб прыдумаць канкрэтны вобраз вонкавага ворага і раздзьмуць з гэтага скандал для стварэння атмасферы страху ў грамадстве. Калі ж у афіцыйных заявах ідзе гаворка пра нейкага незразумелага «замежнага грамадзяніна», то навошта гэта ўвогуле рабіць?

Да таго ж кідаецца ў вочы, што прапагандысцкае суправаджэнне гэтых падзеяў улады загадзя не падрыхтавалі. У першыя два дні ўсё абмежавалася кароткім прэс-рэлізам КДБ – ніякай арганізаванай адпрацоўкі тэмы ў дзяржаўных СМІ не было. Дадатковая інфармацыя з’явілася толькі пасля публічнага загаду Лукашэнкі, і пакуль незразумела, ці стануць гэтыя падзеі падставай для маштабнай прапагандысцкай кампаніі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках