23 красавiка 2024, aўторак, 9:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША паскораць перадачу танкаў Украіне

10
ЗША паскораць перадачу танкаў Украіне

УСУ чакаюць, што танкі M1 Abrams паступяць увосень.

Адміністрацыя Белага дому паскорыць адпраўку баявых танкаў M1 Abrams ва Украіну, расказаў у аўторак прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі, паведамляе Bloomberg.

Паводле словаў Кірбі, Пентагон неўзабаве падасць абноўлены графік пастаўкі танкаў. Магчыма, ЗША змогуць перадаць Abrams Украіне “крыху хутчэй, чым чакалася раней”, адзначыў ён.

“Ёсць некаторыя змены, якія можна ўнесці ў працэс, каб паскорыць яго”, – сказаў Кірбі ў эфіры MSNBC.

ЗША паскораць пастаўку танкаў ва Украіну да дзевяці месяцаў, расказалі Bloomberg дасведчаныя крыніцы. Паводле іхніх словаў, Узброеныя сілы Украіны чакаюць, што танкі M1 Abrams паступяць увосень. Пентагон павінен абвясціць пра новы графік пазней у аўторак, дадалі суразмоўцы агенцтва.

Для таго каб паскорыць адпраўку танкаў, падраднік Мінабароны General Dynamics Corp. пераабсталюе карпусы старых танкаў у мадэль M1A1 SA для Abrams, расказалі дзве крыніцы агенцтва ў ваеннай установе. Раней афіцыйная прадстаўніца Пентагона казала, што ва Украіну выправяць больш сучасную мадыфікацыю М1А2.

У студзені ЗША абвясцілі, што выправяць ва Украіну 31 танк M1 Abrams для контрнаступу і вызвалення акупаваных Расеяй тэрыторый. Паводле першапачатковага плану транспартаванне баявых машынаў павінна было заняць больш за год, заяўлялі тады ў Пентагоне. Міністарка войска ЗША Крысцін Вароту гаварыла, што ўстанова разглядае розныя варыянты адпраўкі танкаў, аднак усе яны маюць на ўвазе значныя тэрміны дастаўкі, і «гэта не будзе пытаннем некалькіх тыдняў».

Прычына доўгага транспартавання ў абмежаванасці танкаў M1 Abrams, а таксама ў складанасці іх кіравання, якому трэба навучыць украінскіх вайскоўцаў, растлумачыў Кірбі ў эфіры MSNBC. «Базавая падрыхтоўка амерыканскіх салдатаў на танках Abrams доўжыцца 16 тыдняў, і гэта толькі базавая падрыхтоўка», – сказаў ён.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках