23 красавiка 2024, aўторак, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пеўчых змяніла Волкава на чале «рады дырэктараў» ФБК Навальнага

13
Пеўчых змяніла Волкава на чале «рады дырэктараў» ФБК Навальнага
МАРЫЯ ПЕЎЧЫХ

Волкаў сышоў праз скандал, выкліканы зваротам да кіраўніка дыпламатыі ЕЗ пра зняцце санкцый з расейскага мільярдэра.

Палітык Аляксей Навальны паведаміў пра змену кіраўніцтва ў Фондзе барацьбы з карупцыяй. Новай старшынёй рады дырэктараў Anti-Corruption Foundation International (ACF) прызначаная Марыя Пеўчых – стваральніца і кіраўніца аддзела расследаванняў.

«Яе публічная праца за апошнія два гады зрабіла яе яскравай палітычнай лідаркай. Вы яе добра ведаеце, ну, а ў мяне няма сумневаў у тым, што яна выдатна справіцца і з гэтымі абавязкамі», – заявіў Навальны.

Змена кіраўніцтва адбылася пасля таго, як гэтую пасаду пакінуў Леанід Волкаў. Ён надумаў сысці праз скандал, выкліканы зваротам да кіраўніка дыпламатыі Еўразвязу Жазэпа Барэля. Волкаў прызнаў, што восенню летась накіраваў яму ліст ад імя Фонду з просьбай зняць санкцыі ў дачыненні да ўладальніка «Альфа Груп» Міхаіла Фрыдмана, але пры гэтым не паставіў у вядомасць сваіх калегаў.

Навальны адзначыў, што ліст Барэлю быў «палітычна памылковым, тэхнічна непісьменным і ўтрымліваў няправільную інфармацыю», а адказнасць кіраўнікоў з'яўляецца адным з правілаў ACF. «Таму, калі мой сябар і шматгадовы паплечнік Леанід Волкаў… здзейсніў істотную памылку ў рэалізацыі санкцыйнай палітыкі, я быў вельмі рады даведацца, што ён публічна прызнаў яе і падаў у адстаўку са сваёй пасады», – сказаў апазіцыянер.

Разам з тым Волкаў застанецца ў камандзе – на чым былы кіраўнік рады дырэктараў ACF засяродзіць працу, пастановіць ён сам, дадаў Навальны.

Палітык прынёс прабачэнні ўсім сваім прыхільнікам, донарам ACF і наглядальнай радзе. «Мы выправілі памылку, але яна была, а значыць, у гэтым ёсць і мая адказнасць. Я пацвярджаю нашу поўную прыхільнасць да ідэі ўжывання санкцый супраць пуцінскіх карупцыянераў, махляроў і распальнікаў вайны ўсіх масцяў. Гэта адпавядае інтарэсам грамадзянаў Расеі, і мы прадоўжым гэтую працу», – сказаў на заканчэнне Навальны.

Раней былы галоўны рэдактар «Эха Москвы» Аляксей Венядыктаў западозрыў Марыю Пеўчых у працы на ФСБ. Ён указаў на прабелы ў яе «неадназначнай» біяграфіі. Журналіст даведаўся пра яе працу ў ФБК толькі пасля атручвання Навальнага і выказаў меркаванне, што яна як удзельніца блізкага кола паплечнікаў магла паўплываць на ягоную пастанову вярнуцца ў Расею.

Венядыктаў таксама звярнуў увагу на адсутнасць інфармацыі пра Пеўчых у сацсетках да працы ў ФБК і адмову МДУ азнаёміць яго з дыпломнай працай, якую яна абараняла ў ідэолага «расейскага свету» Аляксандра Дугіна. Таксама яму падалося дзіўным, што, вярнуўшыся з Вялікай Брытаніі, Пеўчых адразу ж стала кіраўніцай моладзевай расейскай дэлегацыі на саміце G8, пра што яна нядаўна расказала ў інтэрв'ю журналісту Юрыю Дудзю.

Сваімі падазрэннямі наконт агентаў спецслужбаў у асяроддзі Навальнага Венядыктаў дзяліўся яшчэ ў 2021 годзе. Тады палітык быў арыштаваны, вярнуўшыся ў Расею з Нямеччыны, дзе лячыўся ад наступстваў атручвання нервова-паралітычным рэчывам.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках