24 красавiка 2024, Серада, 13:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ абавяжа рамантаваць тэхніку, а не выкідваць яе

38
ЕЗ абавяжа рамантаваць тэхніку, а не выкідваць яе

У ЕЗ штогод утвараецца да 35 млн тонаў адкідаў у выглядзе прыдатнай да рамонту тэхнікі.

Еўрапейская камісія ў сераду, 22 сакавіка, ініцыявала прыняцце новых патрабаванняў да вытворцаў побытавай тэхнікі і электронікі, якія абавяжуць іх рамантаваць прададзеную тэхніку, у тым ліку нават пасля заканчэння гарантыйнага тэрміну. Пра гэта гаворыцца на сайце ЕК.

Цяпер у выпадку паломкі тэхніку часта проста выкідваюць, замест таго каб адрамантаваць і выкарыстоўваць паўторна. Часам гэта стымулююць самі вытворцы, а часам спажыўцу прасцей набыць новы тавар, чым шукаць майстэрню для яе рамонту.

Праз гэта толькі ў ЕЗ штогод утвараецца да 35 млн тонаў адкідаў у выглядзе прыдатнай да рамонту тэхнікі, а спажыўцы вымушаны траціць 12 млрд еўраў на іх замену.

Згодна з прапановай ЕК цяпер вытворцам давядзецца рамантаваць тавары, на якія яшчэ дзейнічае гарантыя, калі гэта каштуе гэтак сама ці менш, чым замена.

Спажыўцы таксама будуць мець права патрабаваць ад вытворцаў рамантаваць іх прадукцыю цягам пяці-дзесяці гадоў пасля набыцця, нават калі на яе больш не дзейнічае гарантыя.

«Правіла дзесяці гадоў» будзе ўжывацца да прадуктаў, якія падпадаюць пад «патрабаванні рамонтапрыдатнасці» Еўразвязу. Сюды ўвойдуць пральныя і посудамыйныя машыны, сушылкі, лядоўні, тэлевізары, зварачнае абсталяванне, пыласосы, сэрверы і сховішчы звестак. Таксама ЕЗ абяцае дадаць у гэты спіс мабільныя тэлефоны і планшэты.

Прапанова Еўрапейскай камісіі, якая атрымала назву «Права на рамонт», павінна быць узгоднена Еўрапейскім парламентам і дзяржавамі-чальцамі, перш чым яно стане законам.

Яно з'яўляецца часткай больш шырокай мэты Еўрапейскай камісіі – стаць першым кліматычна нейтральным кантынентам да 2050 года. Гэта можа адбыцца толькі пры больш адказным спажыванні, мяркуюць у Еўракамісіі.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках