19 красавiка 2024, Пятніца, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рагатала ўся маршрутка»: навошта беларусам паказалі «акцыю» КДБ з Гародні?

40
«Рагатала ўся маршрутка»: навошта беларусам паказалі «акцыю» КДБ з Гародні?

Іншаземец у парыку паставіў Лукашэнку ў няёмкае становішча.

Страляніна і выбухі ў жылым доме ў Гародні спарадзілі шмат версій. З аднаго боку, замежнік, дасланы ў Беларусь «уцёклымі экстрэмістамі», які планаваў тэракты, з другога - фальшыўка спецыяльных службаў, паведамляе «Белсат».

КДБ сцвярджае, што 19 сакавіка ў Гародні карнікі забілі мужчыну, які зладзіў супраціў пры затрыманні: страляў з аўтамата і кідаў гранаты. Аляксандр Лукашэнка пахваліў спецыяльныя службы за "бліскучую аперацыю".

Таксама Лукашэнка сказаў пра «сарваныя планы нашых ворагаў», аднак не ўдакладніў, што гэта за ворагі, не расказаў пра грамадзянства «забітага», толькі даручыў «праінфармаваць грамадскасць аб выніках гэтай аперацыі».

Дзяржаўныя мэдыі праінфармавалі, як маглі. Паказалі "кадры аперацыйнай здымкі" са стралянінай і выбухамі, запісы сачэння за падазраваным, кватэру з адломкамі і пашкоджаннямі. Расказалі, што ў мужчыны знайшлі расейскі пашпарт, праўда, падроблены. Заявілі, што ў лютым спецыяльныя службы атрымалі інфармацыю аб «намерах уцёклых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго са сваіх прыхільнікаў».

22 сакавіка, наведваючы Хатынь, Лукашэнка, кажучы пра «гарадзенскага тэрарыста», заклікаў да адзінства карнікаў з народам:

«Чаго б я хацеў, каб народ наш неяк згуртаваўся. Людзі бачаць усё. Вы падкажыце на часе нам: нейкі чужынец, нехта ў парыку, не той нос ды іншае. Вельмі важнае цяпер вось гэтае адзінства спецыяльных службаў, узброенага блока і нашага народа».

Таксама вызначыў вінаватымі ўладальнікаў кватэры, арандаванай «тэрарыстам».

Яшчэ Лукашэнка сказаў, што «злачынца» не ўправіўся з парыком і грымам, «нейкі нос начапіў». "Мы яго фіксавалі, мы ўбачылі яго ў Магілёве, па-мойму, некалькі дзён вялі яго па Беларусі".

«Аграгалівуд»

У сацыяльных сетках «аперацыйную здымку» назвалі «аграгалівудам», жартам: «Рагатала ўся маршрутка». Да гэтага відэа сапраўды шмат пытанняў, казаў у інтэрв'ю «Белсату» каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наша думка» Вадзім Мажэйка:

«Нам дэманструюць нейкія стрэлы ў пустую кватэру, у якой нічога не відаць, дэманструюць столь, нейкі панэльны дом - няма ніякай канкрэтыкі. І складваецца ўражанне, што гэта нейкая пастаноўка».

Эксперт мяркуе, што гэтая гісторыя стаіць у адным шэрагу з іншымі "гучнымі" злачынствамі - "пацукі ў водаправодзе", прарыў джыпа праз мяжу з Украінай, "справа Фрау А." і "Нік і Майк". Мажэйка не выключыў, што і ў гэтым выпадку цяперашнія ўлады будуць дзейнічаць паводле старой схемы: гучныя абвінавачанні, нейкія нібыта аперацыйныя кадры - і цішыня, тэма знікне з інфармацыйнага парадку дня.

Пытанні без адказаў

Гэтая гісторыя пакінула шмат пытанняў. Невядома, адкуль прыехаў «тэрарыст», з Расеі або з Еўразвязу: калі праз мяжу з краінамі ЕЗ, як яго пусцілі з фальшывым пашпартам? Адкуль у яго зброя і выбухоўка (прывёз з Расеі, мяжа з якой не ахоўваецца? А калі з ЕЗ, то як не заўважылі арсенал? Якое ён мае грамадзянства, ці высветленая ягоная асоба, чаму злачынец з такімі грандыёзнымі планамі не ўправіўся з маскаваннем, выкарыстоўваючы нязграбны парык... І, нарэшце, дзе труп? Калі гэта замежнік, то, як выглядае, нейкая дзяржава мае зацікавіцца сваім грамадзянінам.

Вадзім Мажэйка казаў, што «спецыяльную аперацыю» зладзілі для замацавання тэзісаў прапаганды, якая безупынна палохае «ўцёклымі экстрэмістамі». Маўляў, яны плануюць тэрарыстычныя акты ў Беларусі - вось вам і тэрарыст.

Былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў у інтэрвію “Свабодзе” расказаў, што ў Горадні адбыліся “сваркі ўзброеных устаноў”, падчас якіх забілі выпадковага чалавека. Котаў сцвярджае, што гэта "грамадзянін адной з заходнееўрапейскіх краін", аднак "не Літвы і не Польшчы".

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках