24 красавiка 2024, Серада, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я б даўно ўзяла мужыка, толькі на што яны мне трэба»

35
«Я б даўно ўзяла мужыка, толькі на што яны мне трэба»

У вёсцы пад Слуцкам засталося пяць жанчын.

«Кур'ер» пабываў у вёсцы Ульянаўцы пад Слуцкам. Выдатная яна тым, што без дачнікаў увесь час тут жывуць усяго пяць жанчын, і ўсе яны самотныя. Журналісты спыталі ў жыхарак Ульянаўкі, як яны спраўляюцца з хатняй гаспадаркай, як бавяць вольны час, што іх турбуе і як увогуле жывецца без мужчын.

Раніцай акуратная маленькая вёска нібы вымерла. Па палове хат адразу відаць, што гэта лецішчы: няма жывёл і курэй, на брамках і дзвярах - вялікія вісячыя замкі. На вуліцы з'яўляюцца дзве мясцовыя жыхаркі: Зоя і Ірына. Яны збіраюцца ісці пешшу на Грэсскія могілкі. Журналісты абяцаюць іх падвезці пасля таго, як яны дадуць нам інтэрв’ю.

Разам з імі ідзем дадому да іх суседкі Наталлі. У яе двары павольна ходзяць куры і прахалоджваецца пара белых плямістых катоў.

«Барысевіч Зоя, Кудзіновіч Іра, яе мама і Света», - на нашу просьбу пералічвае суседак Наталля.

Жыхаркі Ульянаўкі дадаюць, што на самым краі вёскі цяпер жыве жанчына па імені Шура, але «яна не мясцовая і ні з кім не мае стасункаў», таму яе не лічаць.

Пытаемся, дзе ўсе мужчыны. «Паўміралі. Усё самотна жывем», - адказвае Наталля.

Размаўляюць жанчыны не па-расейску, не па-беларуску, а на трасянцы.

«Лякарня ў нас у Грэску, — уступае ў размову Зоя. - Рэнтген зламаўся, трэба ехаць у Слуцк. Яшчэ хочам сказаць дзякуй нашаму старшыні сельсавета з Гацука – вось у нас залаты чалавек. Кожнае пытанне развяжа. Кожнае пытанне! Сам касіў нават. Сам смецце збіраў. Мы і самі прыбіраем. Самая чыстая вёска ў нас».

Высвятляем, што Зоя і Наталля на пенсіі, а Ірына аформленая па доглядзе за старэнькай мамай. У Наталлі няма дзяцей, а ў астатніх дзеці раз'ехаліся па розных гарадах.

Жанчыны трымаюць курэй і працуюць на агародах. У кожнай жыве па некалькі прыблудных катоў і сабак. Кормяць іх курынымі шыямі і спінкамі. Сваіх катоў Наталля называе «мае кліенты».

Інтэрнэту ў вёсцы няма. У вольны час жыхаркі Ульянаўкі глядзяць тэлевізар, разгадваюць сканворды і ходзяць у госці адна да адной пабалбатаць. Зоя і Наталля выпісваюць «Кур'ер».

Прадукты і іншыя тавары ў вёску прывозяць аўтакрамы: два разы на тыдзень дзяржаўная і два разы прыватнік.

Яшчэ жанчыны расказваюць, што Ульянаўку перавялі з Грэсскага сельсавета ў Гацукоўскі, і цяпер яны баяцца, што іх саміх «перакінуць» з Грэсскай лякарні ў Гацукоўскую.

«Тады будзе трэш, - кажа Зоя. - Гэта па-моладзеваму «поўны капец». Я ўнука пыталася».

Што расказала самая паджылая жыхарка

Ад Наталлі ідзем у госці да самай паджылай жыхаркі Ульянаўкі - Зінаіды Паўлаўны Барысевіч, мамы Ірыны. Ёй неўзабаве споўніцца 79 гадоў, яна інвалід і ходзіць з кіем. Раней працавала ў калгасе. Родам жанчына з Вясеі, а ва Ульянаўку выйшла замуж. Муж памёр шэсць гадоў таму.

У Зінаіды Паўлаўны ёсць праблемы з унутранымі органамі. Яшчэ кожны год яна ляжыць у шпіталі ў Менску, там ёй, з яе слоў, «правяраюць галаву». Мянялі крышталікі ў вачах. Даглядае Зінаіду Паўлаўну Ірына. Акрамя іншага, яна носіць ваду і дровы, бо яе маме нельга паднімаць цяжкае. Другая дачка ў Менску. Яшчэ ёсць два сыны, абодва жывуць у Шышчыцах. Двое ўнукаў і тры праўнукі, усе наведваюць бабулю.

Просім Зінаіду Барысевіч расказаць, якім быў яе нябожчык муж. «Работнік быў пахвальны, — адказвае яна. - Граматы давалі. У хаце і столь, і дзверы сам рабіў, кухню прырабляў, веранду. І калыску дзецям зрабіў сам, усё на свеце».

Калі муж быў жывы, жанчына трымала кароў, цялят, свіней, саджала два пляцы бульбы. Цяпер даглядаць вялікую гаспадарку не дазваляе здароўе, засталіся толькі куры і невялікі агарод, а яшчэ сабака і каты-прыблуды. І тое цяжкавата, бо курам трэба купляць «кармёжку».

«Раней у калгасе быў старшыня, ён пенсіянерам даваў збажыну і падарункі, а гэты не дае», - кажа Зінаіда Паўлаўна.

Ірына і яе мама цяпер нават не саджаюць бульбу, таму што няма сіл яе апрацоўваць. Ядуць пакупную.

Пра адсутнасць мужчын

Зінаіда Паўлаўна паскардзілася, што цяпер у вёсцы няма каму рабіць мужчынскую працу: «Бачыш, якая ў мяне брама і якое ўсё на свеце? Няма свайго гаспадара. Усё на сметнік. Калі трэба нешта зрабіць, то плацім каму».

Калі выходзім з дому паджылай жанчыны, на вуліцы сустракаем пятую жыхарку Ульянаўкі - Святлану Фірагу. З ёй таксама ўздымаем тэму адсутнасці мужчын. Муж Святланы памёр тры гады таму. Пытаемся, як яна спраўляецца без яго.

«Дык знайдзіце нам мужыкоў», - смяецца жанчына. А потым дадае крыху больш сур'ёзна: «Каб хацела, я б даўно ўзяла мужыка. Толькі навошта яны мне трэба. І паіць, і карміць, і паліць купляць».

Пытаемся, ці былі якія прэтэндэнты. «Вядома, - адказвае Святлана і паказвае ў бок Грэска. - Вунь усе каля крам стаяць. Мне такое «г» не трэба. Усе нармальныя з жонкамі жывуць».

Яшчэ жанчына прызнаецца, што ёй трэба рамантаваць паркан, а ўсе хлявы дзіравыя. Нават курэй трымаць няма дзе. З гаспадаркі толькі агарод, ну і тыя ж каты.

Пытаемся ў Святланы, як увогуле настрой. «Усякае бывае, - адказвае яна. - Усё адно ж трэба жыць».

На 8 сакавіка сёлета да жыхарак Ульянаўкі ніхто не прыехаў.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках