29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік Рады БНР: Сітуацыя для Беларусі можа неўзабаве змяніцца

1
Кіраўнік Рады БНР: Сітуацыя для Беларусі можа неўзабаве змяніцца

Беларусь цяпер патрэбная Захаду гэтак жа, як Украіна

25 сакавіка беларусы святкуюць Дзень Волі - гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

БНР была абвешчаная 105 гадоў таму - у 1918 годзе - саветам, выбраным на Усебеларускім з'ездзе ў Менску. Пазней раду перайменавалі ў Раду БНР. Як самастойная дзяржава БНР існавала да 1919 года, пасля чаго часовы парламент, якім стала Рада БНР, і сфармаваны ёю ўрад былі вымушаныя эміграваць і дагэтуль існуюць у выгнанні.

Сёння ў Раду БНР уваходзяць 80 прадстаўнікоў беларускай эміграцыі з 15 краін. Вось ужо чвэрць стагоддзя яе ўзначальвае Івонка Сурвіла з Канады. На Дзень Волі яна распавяла DW, як цяпер працуе ўрад БНР і чаму Беларусь патрэбная Захаду гэтак жа, як Украіна.

- Чым цяпер займаецца Рада БНР?

- Мы інфармуем пра Беларусь, удзельнічаем у жыцці беларусаў свету. У нас ёсць кантакты з урадамі краін, у якіх мы жывем. Мы шмат працуем, каб пазнаёміць свет з Беларуссю, бо вельмі доўга, фактычна да 2020 года, свет не мог зразумець, што Беларусь не мае нічога агульнага з Расеяй.

Цяпер патрэбная яшчэ большая праца - давесці, што беларускі народ не ўдзельнічае і не хоча ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.

Мы не ворагі Украіны. Над намі з’явіўся жудасны дыктатар, які ўцягнуў нас у гэтую вайну. Думаю, кожны беларус на яго за гэта вельмі злы.

- Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, краіна фактычна стала суўдзельніцай вайны. У чым вы бачыце выйсце з гэтай сітуацыі?

- Сітуацыя можа змяніцца хутка, а можа доўжыцца дастаткова часу, для гэтага трэба цярпенне, вера ў будучыню. На першае месца я паставіла б тое, каб беларусы ведалі і верылі, што гэта скончыцца, што гэта не будзе доўжыцца вечна. З нашага боку, тых, хто можа нешта зрабіць з іншымі краінамі, трэба запэўніць кожнага палітыка, што Беларуссю нельга гандляваць, што Беларусь патрэбная Захаду і свету гэтак жа, як і Украіна.

І ў выпадку неабходнасці, каб яны абаранялі нас, як абараняюць Украіну. Гэта вельмі важнае пытанне, я б хацела, каб кожны беларус памятаў пра гэта і выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб пра гэта казаць.

Тое, як мы зменім сітуацыю, безумоўна, будзе залежаць ад вайны ва Украіне, а таксама ад стасункаў беларускага народа з іншымі краінамі. Калі яны (іншыя дзяржавы. - Рэд.) убачаць тое, што бачылі ў 2020 годзе, што незалежнасць і свабодная Беларусь стаяць на парадку дня беларусаў, думаю, яны нам дапамогуць.

- Якія прынцыпы заснавальнікаў БНР актуальныя і сёння?

- Заснавальнікі Беларускай народнай рэспублікі заявілі аб стварэнні незалежнай дзяржавы. У Другой статутнай грамаце сказана, які грамадскі лад мы хочам мець у Беларусі - гэта сучасная, дэмакратычная, незалежная дзяржава, у якую верылі яны тады і ў якую я цвёрда веру цяпер.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках