25 красавiка 2024, Чацвер, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У Беларусь трэба ўводзіць міратворчыя сілы

21
Андрэй Саннікаў: У Беларусь трэба ўводзіць міратворчыя сілы
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Тэрыторыя нашай краіны сёння нясе пагрозу ўсяму свету.

У інтэрв'ю для сайта Charter97.org лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў расказаў пра паездку ў Нарвэгію і пракаментаваў заяву Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі:

- Паездка была арганізаваная нарвэжскай ініцыятывай «Салідарнасць з Беларуссю» (Solibel), у якую ўваходзяць як беларусы, якія пражываюць у Нарвэгіі, так і самі нарвэжцы. Была даволі інтэнсіўная праграма, сустрэчы з палітыкамі, праваабаронцамі, журналістамі, дыскусіі ды семінар у парламенце Нарвэгіі, на якім прысутнічалі прадстаўнікі розных партый. Былі перамовы з палітыкамі, сустрэча ў Нарвэжскім Хельсінкскім камітэце.

З ЧАЛЬЦАМІ ПАРЛАМЕНТА І ПРАДСТАЎНІКАМІ SOLIBEL

Я таксама ўзяў удзел у штодзённым мітынгу супраць расейскай агрэсіі, які праходзіць каля парламента Нарвэгіі, які арганізуюць украінцы.

Была сустрэча ў Нарвэжскім доме прэсы, у якой праз відэасувязь узялі ўдзел прадстаўнікі «Еўрарадыё», «Новага Часу» і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

- Наколькі ў Нарвэгіі добра ведаюць і разумеюць сітуацыю ў нашай краіне?

- Сёння вайна ва Украіне выйшла на першы план, што натуральна. Таму трагедыя Беларусі, якая столькі гадоў жыве за дыктатурай, а зараз праходзіць перыяд нечуваных рэпрэсій, стала менш заўважнай. Таму было вельмі важна аднавіць размовы з тымі людзьмі, якія цікавяцца Беларуссю і тымі, хто не зусім ведае нашу сітуацыю, але хацелі б у ёй разабрацца.

Важна, што пасля семінара, які адбыўся ў парламенце, адзін з арганізатараў з Партыі «зялёных» адразу ж узняў пытанне пра Беларусь падчас дэбатаў аб дакладзе міністра замежных спраў у замежнай палітыцы Нарвэгіі. Задаваліся пытанні аб мерах, якія прымаюцца супраць рэжыму Лукашэнкі.

З ПРАДСТАЎНІКАМІ АНТЫЯДЗЕРНАГА РУХУ

- Давайце пагаворым аб заяве Пуціна, які анансаваў размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Вы былі кіраўніком дэлегацыі ў ядзерным раззбраенні нашай краіны і добра разумееце тэхнічныя тонкасці пытання. Зыходзячы з пакінутай інфраструктуры ў нашай краіне і таго, што Пуцін яшчэ збіраецца дадаткова пабудаваць, наколькі сур'ёзны ядзерны арсенал можа быць размешчаны ў Беларусі?

- Інфраструктуры амаль не засталося. Яна была прызначаная для мабільных стратэгічных ракет SS-25, у нас вядомых як РС-12М «Топаль». Аднак засталіся стартавыя пляцоўкі.

Калі Лукашэнка кажа, што «захоўваецца ўся інфраструктура» для размяшчэння ядзернай зброі, то гэта павінна насцярожваць ЗША. Бо стартавыя пляцоўкі, якія не былі знішчаныя, прызначаны для пуску міжкантынентальных ракет.

Я згодны з тымі спецыялістамі, якія кажуць, што паняцце «тактычная ядзерная зброя» - гэта вельмі ўмоўнае паняцце. Ядзерная зброя можа быць становіцца тактычнай, калі яе падвозяць да мяжы дзяржавы, але фактычна гэта тая ж смяротная стратэгічная ядзерная зброя.

З ЧАЛЬЦАМІ ПАРЛАМЕНТА АД ПАРТЫІ ЗЯЛЁНЫХ РАСМУСАМ ХАНСОНАМ

Дарэчы, у Нарвэгіі я сустракаўся з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, якія выступалі за забарону ядзерных узбраенняў. І якраз на гэтай сустрэчы я казаў ім пра небяспеку таго, што Пуцін можа вельмі хутка ўвесці ў Беларусь тактычную ядзерную зброю, не перадаючы на першым часе кантролю за ёй Лукашэнку. Яны дастаткова сур'ёзна занепакоеныя гэтым пытаннем.

У перамовах з нарвэжскай Партыяй «зялёных» мы гаварылі і аб ядзернай зброі, і аб атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі. У парламенце Нарвэгіі задаюцца пытаннем, наколькі міжнародная супольнасць інфармаваная пра Астравецкую станцыю, як можна маніторыць, тое, што там адбываецца.

Тэрыторыя Беларусі сёння без перабольшання - пагроза ўсяму свету. Гэта не пагроза Украіне, а пагроза Еўропе і свету ў дзвюх плоскасцях: планы размясціць ядзерную зброю і існаванне на межах Еўропы такога небяспечнага аб'екта, якім з'яўляецца Астравецкая АЭС, дзе ўвесь час адбываюцца аварыі.

- Амерыканскі гісторык Юрый Фельшцінскі мяркуе, што Пуцін можа нанесці ядзерны ўдар па Еўропе з Беларусі. Наколькі сёння гэта рэальны сцэнар?

- Абсалютна згодны з Юрыем, хаця спачатку ўспрымаў яго тэзу з недаверам. Ён якраз абгрунтаваў, што мэтай размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі з'яўляецца не Украіна, а Еўропа. Калі ўдар па еўрапейскіх дзяржавах будзе нанесены з тэрыторыі Беларусі, NАТО наўрад ці стане адказваць на яго Расеі.

Ды і ўдар па Украіне не стане падставай для неадкладнага ядзернага адказу, паколькі Украіна не з'яўляецца чальцом NАТО.

З ГЕНЕРАЛЬНЫМ САКРЭТАРОМ НХК БЭРЫТ ЛІНДЭНМАН

- Вы выступілі з заявай, дзе заклікаеце склікаць Раду Бяспекі ААН для разгляду пагроз міжнароднай бяспецы. Якім можа быць рэальны механізм супрацьдзеяння ядзернай пагрозе з тэрыторыі Беларусі?

- Механізм можа быць дастаткова сур'ёзным. Пачынаючы з санкцый і заканчваючы увядзеннем міратворчых сіл.

Шчыра трэба сказаць, што ядзерныя дзяржавы, такія як ЗША, Вялікабрытанія і Францыя, не выканалі свае абавязанні ў Будапешцкім мемарандуме. Гэта была здрада не толькі Украіне, але і Беларусі, якая таксама падпісала Будапешцкі мемарандум, у якім нас запэўнівалі, што будуць прынятыя ўсе меры для забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў, якія адмовіліся ад ядзернай зброі.

НА УКРАІНСКІМ МІТЫНГУ

Невыкананне сваіх абавязанняў (а не было нават кансультацый, якія прадугледжаны пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці), завяло нас у тую сітуацыю, якая ёсць на сённяшні дзень: вайна ва Украіне і пагроза ядзернай вайны. Таму на іх ляжыць адказнасць склікаць Раду Бяспекі і прыняць рашучыя меры.

Акрамя таго, я падкрэсліў у сваёй заяве, што пастанову па ядзернай зброі прымаюць два злачынцы. На аднаго ўжо выдадзены ордэр на арышт, а другога падазраюць у злачынствах супраць чалавечнасці. Гэта зусім іншая сітуацыя. Злачынцы, калі іх не спыніць, будуць і далей чыніць свае злачынствы.

СЕМІНАР У ПАРЛАМЕНЦЕ
Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках