24 красавiка 2024, Серада, 4:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белыя халаты»: У Беларусі можна стаць лекарам-спецыялістам шырокага профілю

5
«Белыя халаты»: У Беларусі можна стаць лекарам-спецыялістам шырокага профілю

Недахоп вузкіх адмыслоўцаў «ліквідавалі» арыгінальным спосабам.

Тэлеграм-канал «Белыя халаты» звярнулі ўвагу на пастанову Міністэрства аховы здароўя Беларусі ад 1 лютага 2023 года нумар 21, якая ўносіць змяненні ў аналагічную пастанову ад 31 траўня 2021 года №72 «Аб патрабаваннях да займання пасад служачых медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў».

Пытанне падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў актуальнае ва ўсім свеце. У Беларусі адной з адметных рыс з'яўляецца тое, што лекар атрымлівае права на працу пасля 7 гадоў навучання (6 - медыцынскі ўніверсітэт + 1 год інтэрнатуры), у той жа час у суседніх краінах Еўропы для гэтага патрабуецца больш за 10 гадоў (6 гадоў універсітэта + ад 5 гадоў рэзідэнтуры). Гэта не значыць, што чалавек з'яўляецца студэнтам увесь гэты час, гэта значыць, што лекар атрымлівае права на самастойную працу паступова.

У нас жа нярэдкія сітуацыі, калі абавязкі загадчыка хірургічнага аддзялення кладуцца на выпускніка ВНУ, які атрымаў адзін год практыкі пад кіраўніцтвам больш дасведчаных калег. Наконт апісанай сітуацыі ва ўказанай вышэй пастанове няма ніякіх каментараў, затое ёсць вельмі важныя змены для лекараў-клініцыстаў, якія пры жаданні цяпер змогуць выконваць УГД згодна са сваім профілем. Так, лекар-гінеколаг на законных падставах зможа выконваць УГД органаў малога таза і выдаваць заключэнне з апісаннем, без неабходнасці праходзіць для гэтага перападрыхтоўку па ультрагукавой дыягностыцы, дзе будзе вывучаць нюансы даследавання сэрца. Гэта акурат вельмі падобна на сусветную практыку. Але гэта яшчэ не ўсе новаўвядзенні.

Свой каментар аб пастанове №21 дае лекар акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей.

«Смешна, што калі я прачытаў аб пастанове, мае першыя думкі былі: «Дзякуй, лепш позна, чым ніколі».

Пастанова аб тым, што УГД у рамках сваёй спецыяльнасці павінна быць даступная хірургам, гінеколагам, уролагам, кардыёлагам і далей па спісе ў якасці дадатковага метаду, павінна была быць прынятая гадоў 5 таму. Для сучаснай медыцыны УГД даўно стала такім жа неад'емным метадам, як агляд ці размова з пацыентам. Сапраўды, за 1 месяц можна навучыць лекара глядзець базавыя моманты ў рамках яго спецыяльнасці і не трэба будзе грузіць яго ведамі па сумежных спецыяльнасцях. Шчыра, на першаснай спецыялізацыі па УГД, якую я праходзіў, мне было проста шкада часу слухаць лекцыі па УГД шчытападобнай залозы ці сэрца. Я дакладна разумеў, што не буду гэтым займацца, а УГД мне трэба толькі ў рамках маёй спецыяльнасці. Вядома, ніхто не касуе экспэртаў у галіне УЗД, дзе павінна быць больш доўгая і якасная падрыхтоўка, да прыкладу, прэнатальная дыягностыка або УГД пры эндаметрыёзе.

Але ў гэтай бочцы мёду ёсць яшчэ і вядро дзёгцю, глядзім:

1.16. пры пераходзе лекара-спецыяліста на пасаду служачага па пераліку, прадугледжанага дадаткам 2, патрабуецца павышэнне кваліфікацыі згодна з адукацыйнымі праграмамі павышэння кваліфікацыі для адпаведнай спецыяльнасці лекара-спецыяліста ў сумарным аб'ёме 160 навучальных гадзін. Атрыманне неабходнага аб'ёму навучальных гадзін можа ажыццяўляцца цягам шасці месяцаў з даты прыёму на новую пасаду службоўца.

Перавесці?

З сённяшняга дня, ты не лекар-неўролаг, а лекар-тэрапеўт, а каб ты ўспомніў, як лячыць артэрыяльную гіпертэнзію, гастрыт і бранхіт, мы цябе адправім на месячныя курсы, але праз 5 месяцаў.

Або лекару хуткай дапамогі без праблем стаць лекарам-педыятрам, бо ўсе лекары хуткай дапамогі ведаюць усе тыпы даведак, якія выдаюцца педыятрам і каляндар прышчэпак.

З лекара агульнай практыкі зрабіць кардыёлага за месяц? Пара дробязяў, што там вучыць, сэрца ж усяго адно, гэта ж не ныркі.

Атрымліваецца выдатны лайфхак, калі ў невялікай паліклініцы ў Рагачове няма неўролага, кардыёлага і эндакрынолага. То прызначаецца на ўсе гэтыя тры пасады адзін лекар агульнай практыкі, які пры гэтым адразу пачынае працаваць, а дзесьці праз пару месяцаў адправіць яго на тры месяцы на курсы ў Гомель і вось цуд, усе вузкія спецыялісты ёсць у паліклініцы.

Гэта не прафанацыя навучання спецыяльнасці, гэта здзек са здаровага сэнсу. Атрымліваецца, што пры жаданні пасля 8 месяцаў навучання лекар агульнай практыкі будзе мець такі бэйдж:

УАЗ Рэчыцкая цэнтральная раённая паліклініка

Бехцерава Ганна Леапольдаўна

лекарка агульнай практыкі

лекарка-інфекцыяністка

лекарка-кардыёлаг

лекарка-неўролаг

лекарка-пульманолаг

лекарка хуткай медыцынскай дапамогі

лекарка-тэрапеўт

лекарка-фтызіятр

лекарка-эндакрынолаг.

Так і хочацца дадаць: «патрэбнае падкрэсліць». Што ж будзе далей? Я не здзіўлюся нават спецыялізацыі земскі доктар ці цырульнік у сертыфікаце аб падвышэнні кваліфікацыі ГомДМУ ці БДМУ».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках