25 красавiка 2024, Чацвер, 7:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрушаў прыстрашыў ЗША знішчэннем «цуда-зброяй»

54
Патрушаў прыстрашыў ЗША знішчэннем «цуда-зброяй»

У РФ, як і ў часы фашысцкай Нямеччыны, загаварылі аб «вундэрвафе».

Расея можа перамагчы «кожнага ворага», у тым ліку і ЗША, бо валодае «ўнікальнай зброяй», мяркуе сакратар Савета бяспекі Расеі Мікалай Патрушаў. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю «Российской газете».

Са слоў сакратара Савета бяспекі, амерыканскія палітыкі знаходзяцца «ў палоне ўласнай прапаганды» і ўпэўненыя, што змогуць нанесці па Расеі прэвентыўны ракетны ўдар у выпадку наўпроставага сутыкнення. Аднак «нехта на Захадзе» забыў урокі гісторыі, разважаючы пра магчымую перамогу над Расеяй.

«Расея цярплівая і нікога не запалохвае вайсковай перавагай. Але валодае сучаснай унікальнай зброяй, здольнай знішчыць усякага ворага, у тым ліку і ЗША, у выпадку пагрозы свайму існаванню», - заявіў Патрушаў.

Напярэдадні прэзідэнт Уладзімір Пуцін абвясціў, што Расея размесціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. З 3 красавіка Масква пачне навучаць экіпажы рабоце з самалётамі, пераабсталяванымі для выкарыстання тактычнай зброі.

Патрушаў таксама выказаўся пра амерыканскія самалёты, якія здзяйсняюць патруляванне ля расейскіх межаў. Ён назваў такія палёты «небяспечным і недальнабачным глупствам».

Самалёты ВПС ЗША патрулююць межы NATO, не парушаючы паветраную прастору Расеі. У сярэдзіне сакавіка стратэгічны бамбавік B-52 Stratofortress, здольны несці ядзерныя боепрыпасы, здзейсніў манеўр над Балтыйскім морам у 200 кіламетрах ад Санкт-Пецярбурга. А на мінулым тыдні для перахопу двух бамбавікоў У-52Н ВПС ЗША Мінабароны падняло ў паветра расейскі Су-35.

Акрамя таго, 14 сакавіка расейскі знішчальнік Су-27 збіў амерыканскі беспілотнік MQ-9 Reaper над Чорным морам. Тэлеканал NBC News са спасылкай на звесткі амерыканскай выведкі паведаміў, што пілот выконваў загад расейскага вайсковага кіраўніцтва. Пазней Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прадставіў да дзяржузнагарод лётчыкаў самалёта Су-27. У Белым доме пастанову расейскага вайсковага міністэрства назвалі «недарэчнай», а пілота - «проста ідыётам».

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках