29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль запанікаваў праз магчымы арышт Пуціна ў Арменіі

17
Крэмль запанікаваў праз магчымы арышт Пуціна ў Арменіі

Масква прыстрашыла Ерэван «наступствамі» праз далучэнне да выдаўшага ордэр на Пуціна МКС.

Намер Арменіі далучыцца да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) можа абярнуцца для Ерэвана «негатыўнымі наступствамі». Пра гэта ў гутарцы з РІА «Новости» заявіў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі.

Масква назвала пастанову армянскіх улад непрымальнай на фоне пастановы МКС выдаць ордэр на арышт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Сам ордэр расейскае кіраўніцтва называе «юрыдычна нікчэмным».

«Армянскія калегі папярэджаныя аб вельмі негатыўных наступствах іх магчымых крокаў для двухбаковых стасункаў з Расеяй», - падкрэсліў субяседнік агенцтва.

Старшыня Канстытуцыйнага суда Арменіі Арман Дзіланян заявіў 24 сакавіка аб прызнанні абавязацельстваў, замацаваных Рымскім статутам МКС, якія адпавядаюць Асноўнаму закону. З яго слоў, пастанова МКС з'яўляецца канчатковай і набывае моц з моманту апублікавання. Цяпер яе павінен ратыфікаваць парламент краіны.

Дасудовая палата МКС 17 сакавіка выдала ордэр на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячай амбудсмэнкі Марыі Львовай-Бяловай. Яны абвінавачваюцца ва ўчыненні ваенных злачынстваў ва Украіне, прынамсі, у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з анэксаваных тэрыторый Украіны.

МКС працуе на аснове Рымскага статута, які падпісалі 123 краіны свету. Пасля выдачы ордэра на арышт у кожнай з гэтых краін расейскага прэзідэнта могуць затрымаць, каб даставіць у Гаагу.

Са слоў пракурора МКС Карыма Хана, ордэр на арышт Пуціна будзе дзейнічаць да канца яго жыцця. «Ён будзе заставацца меркаваным злачынцам датуль, пакуль не паўстане перад судом ці пакуль яго не перададуць у суд і не апраўдаюць. Гэта здаецца вельмі малаімаверным, таму ён застанецца меркаваным злачынцам да канца свайго жыцця», - падкрэсліў Хан.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках