24 красавiка 2024, Серада, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палкоўнік УСУ: «Добрыя людзі» могуць знішчыць расейскія самалёты ды «Іскандэры» ў Беларусі

9
Палкоўнік УСУ: «Добрыя людзі» могуць знішчыць расейскія самалёты ды «Іскандэры» ў Беларусі
РАМАН СВІТАН

Можна згадаць прыклад Ірана.

Пуцін мерыцца размясціць расейскую ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Пра якую зброю можа ісці гаворка? Што чакае Украіну ў выпадку рэалізацыі планаў Крамля?

На гэтае ды іншыя пытанні сайту  Charter97.org адказаў палкоўнік запасу Узброеных сіл Украіны, лётчык-інструктар Раман Світан.

- Гаворка ідзе аб тактычных набоях для ракетных комплексаў «Іскандэр», авіяцыйных бомбах і ракетах. Іншае, мусіць, наўрад. Стратэгічную зброю размяшчаць не будуць. Заяўлена пра тактычную ядзерную зброю, але ўзнікае вялікае пытанне аб яе размяшчэнні.

Для размяшчэння ядзернай зброі трэба падрыхтаваць пэўнае сховішча. Расейцы ж за дзевяць гадоў не змаглі гэтага зрабіць у "Феадосіі-13". У анэксаваным Крыме ёсць такі аб'ект - старое савецкае сховішча ядзерных баявых прыпасаў. Дык вось, яны за дзевяць гадоў не змаглі тэхналагічна яго падрыхтаваць і аднавіць. Расейцам проста няма чым забяспечыць такое сховішча ў Беларусі. Усе ядзерныя сховішчы Расеі ў свой час, гадоў 30 таму, дапамагалі ўладкаваць ЗША.

Там стаіць амерыканскае абсталяванне, якое падтрымлівае пэўны мікраклімат для захоўвання ядзерных набояў. Плюс сістэмы кантролю і абслугоўвання самога набою. Падкрэслю, расейцы без ЗША не змаглі «Феадосію» падрыхтаваць. Што ўжо гаварыць аб падрыхтоўцы ў Беларусі за некалькі месяцаў. Гэта з галіны фантастыкі.

- Тады навошта Пуцін гэта задумаў?

- Гэта больш падобна да ядзернага шантажу, які вуснамі Пуціна вядзе Сі Цзіньпін. Пасля прыезду Сі Пуцін уключыў гэтую рыторыку. Лукашэнка ж згубіўся на некалькі дзён. Ён увогуле на гэтую тэму не выказваецца.

Гэта такі шантаж для таго, каб да Сі пабеглі еўрапейскія лідары разглядаць нейкія пытанні. Натуральна, што Сі "выкруціць ім рукі" ў эканамічных пытаннях.

Расея - гэта такі шалёны сабака Кітая. Сі выкарыстоўвае Пуціна, Расею, яе ядзерную зброю і рыторыку. Дакладна таксама ён выкарыстоўвае Паўночную Карэю, калі трэба нешта разгледзець з Паўднёвай Карэяй і Японіяй. Сі дае загад пастраляць балістычнымі ракетамі ў Японскае мора, затым японцы і паўднёвыя карэйцы бягуць да Сі разглядаць гэтае пытанне. Такая ж сітуацыя і з Іранам. Даецца загад Ірану «патузаць» Ізраіль, Сірыю, найбліжэйшыя краіны.

Вось у рэжыме такога шалёнага сабакі цяпер Сі выкарыстоўвае Пуціна і Расею. Пагаўкаць, пакідацца і папалохаць, каб разгледзець нейкае эканамічнае пытанне. Кітай мае вельмі вялікія праблемы з эканомікай. Пуцін заганяе еўрапейскіх лідэраў да Сі для разгляду нейкіх пытанняў.

- Дапусцім, што Пуцін усё ж здалее размясціць ядзерныя баявыя прыпасы ў Беларусі. Што чакае нашу краіну ў выпадку рэалізацыі ягоных планаў?

- Усё-такі не думаю, што Пуцін зможа падрыхтаваць ядзерныя сховішчы. Ён можа выкарыстоўваць аэрадромы, авіяцыю і «Іскандэры», перададзеныя цяпер Лукашэнкам, яны могуць несці ядзерную зброю. Яны могуць проста падрыхтаваць, а далей цягаць іх па ўсёй Беларусі.

Вядома, гэта будзе легітымная вайсковая цэль. Як толькі з'явіцца ядзернае ўзбраенне на тэрыторыі Беларусі, яно тут жа будзе знішчанае. Удар будзе канвенцыйны, створыцца брудная бомба на месцы выбуху. Ядзерны набой будзе разарваны, але не адбудзецца ядзернай рэакцыі. Адбудзецца не ядзерны выбух, а запарушванне тэрыторыі рэшткамі набою.

Далей паўстане пытанне аб пэўных санкцыях за перамяшчэнне гэтай зброі. Ясна, што пацярпіць Беларусь. Краіна прыме на сябе ўдар з аднаго боку - канвенцыйны, NATOўскі, а з другога - практычна назаўжды застанецца пляма пасля падрыву гэтага баявога запасу. Тым не менш, Лукашэнка на гэта ідзе. За што будзе адказваць перад беларускім народам.

Думаю, што беларусы яго пашкуматаюць за такія справы. Праўда, можа паспець уцячы ў Кітай. Зрабіць пластычную аперацыю, пагаліць вусы, зрабіць касыя вочы і пачаць размаўляць па-кітайску. У Растове месца ўжо занятае.

- Як на ядзерную зброю ў Беларусі можа адрэагаваць Пэнтагон? Ці былі ўжо сігналы Маскве?

- Пентагон - сур'ёзная вайсковая сіла, якая проста выканае знішчэнне, ён не будзе падаваць Маскве ніякіх сігналаў. Вайскоўцы не падаюць сігналы. Зазвычай гэта робяць палітыкі.

Пэнтагон адпрацуе, грунтуючыся на пагрозах. Ён знішчыць гэтыя ядзерныя набоі, як толькі яны з’явяцца на тэрыторыі Беларусі. Адбудзецца ліквідацыя ў межах нават пэўных умоў NATO. Рэч у тым, што гэта ўжо будзе дырэктыўная ядзерная пагроза краінам Балтыі, Польшчы. Яны ўвядуць у дзеянне пяты артыкул NATO, прычым могуць гэта нават не афішаваць. Адпрацуюць - і ўсё. Могуць нават знішчыць іх у якасці "нас там няма".

Нейкія «добрыя людзі», паводле прыкладу Ірана або Сірыі, дзе ўзрываюць заводы, будуць узарваныя вось гэтыя ядзерныя набоі, знішчаныя самалёты з ядзернымі набоямі і «Іскандэры». Цяпер па свеце вандруе шмат "добрых людзей".

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках