24 красавiка 2024, Серада, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Добры дзень, я з КДБ, трэба з вамі паразмаўляць»

19
«Добры дзень, я з КДБ, трэба з вамі паразмаўляць»

Лекар адмовіўся «здаць» карту паляка, а яго вымусілі звольніцца.

Псіхатэрапеўту з райцэнтра давялося звольніцца з паліклінікі «са згоды бакоў» пасля таго, як у размове з «супрацоўнікам КДБ» ён не захацеў адмовіцца ад карты паляка. «Медыязона» запісала яго гісторыю.

«Трэба з вамі пагаварыць». КДБ на працы

Да нядаўняга часу Максім працаваў псіхатэрапеўтам у адной з раённых паліклінік, часам прымаў пацыентаў у стацыянары цэнтральнай лякарні, а пры неабходнасці - з-за нястачы кадраў - вёў прыём як лекар-псіхіятр.

У пачатку лютага падчас працоўнага дня Максіму патэлефанаваў галоўны лекар і папрасіў пасля абеду зайсці да яго ў кабінет. Псіхатэрапеўт не здзівіўся: напэўна гэта будзе сустрэча ў працоўных пытаннях. Калі час падышоў, ён даў пацыенту дыягнастычныя тэсты і сышоў - не думаў, што размова зойме шмат часу.

Сакратар запрасіла псіхатэрапеўта прайсці ў невялікі кабінет для нарад і папрасіла пачакаць, а праз пару хвілін туды зайшоў галоўны лекар і сказаў, што з Максімам хоча пагаварыць адзін чалавек. Ім, паводле суразмоўцы, быў «супрацоўнік КДБ». Галоўны лекар выйшаў, і Максім застаўся ў кабінеце разам з незнаёмцам.

- Ён прыйшоў, сеў насупраць мяне. Узяў мой тэлефон. Не назваўся: ні імя, ні прозвішча. Проста: «Добры дзень, я з КДБ. Трэба з вамі пагаварыць» - «Наконт?» - «У вас ёсць карта паляка. Разблакуйце тэлефон». Што ж зрабіць, давялося. Калі ў такой сітуацыі не быў, ты думаеш: «У мяне атрымаецца, я нічога не скажу, я ведаю свае правы». А тут калі не чакаеш...

Як «супрацоўнік КДБ» даведаўся, што мае карту паляка, Максім не ведае. Лекар разблакаваў тэлефон і яго суразмоўца пачаў вывучаць перапіскі ў мэсэнджэрах і фотагалерэю. Калі нейкі змест здаваўся яму падазроным, ён пытаўся: «Што гэта? Хто гэта?».

— У мяне быў чалавек у перапісцы, у якога на аватарцы ў істаграме была «пагоня». Адразу спытаў: «Хто гэта?». Сфатаграфаваў. Дастаў нататнік, запісаў.

«Навошта вам гэта трэба?». Пытанні пра карту паляка

На тэлефоне Максіма стаяў «партызанскі» тэлеграм, таму «супрацоўнік КДБ» убачыў у ім толькі бяспечныя перапіскі і каналы (праўда, псіхатэрапеўт забыўся схаваць бот для лекараў у эміграцыі і канал «Белыя халаты», але гэта не выклікала пытанняў, акрамя таго, што незнаёмец усё сфатаграфаваў).

Суразмоўца лекара здзівіла, што ў яго няма перапіскі з мамай, але той сказаў, што яна сама яе выдаляе. Гэта выклікала дадатковыя пытанні накшталт: «Можа, яна нешта супрацьзаконнае [вам] скідае?» Бо маці лекара жыве ў Польшчы, «супрацоўнік КДБ» цікавіўся, напрыклад, як там ставяцца да беларусаў, што яна глядзіць праз тэлевізар.

Ён задаваў пытанні аб стаўленні Максіма да дзейнай улады, што задавальняе і не задавальняе, за каго галасаваў у 2020 годзе і аб «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

- Я кажу: «Да вайны, бо Пуцін ужо назваў гэта вайной, стаўлюся негатыўна, бо ў мяне загінулі сваякі». У нас загінула стрыечная бабуля ад наступстваў вайны. Не было святла, газу, вады. Плюс узрост. Ён спытаў: «Нават да нашага саюзніка, Расеі, ставіцеся негатыўна?»

Увесь час размовы Максіма чакаў пацыент. Нагадванні пра тое, што яму трэба скончыць кансультацыю, «супрацоўнік КДБ» ігнараваў. Паміж пытаннямі ў розных тэмах ён раз-пораз вяртаўся да карты паляка - адкуль яна, як атрымалі, дзе вучылі мову, навошта яна патрэбная - і прапаноўваў адмовіцца ад яе «тут і цяпер».

- Я кажу: «Не». Спрабаваў рознымі спосабамі [растлумачыць]: я на гэта выдаткаваў сілы, час, гэта дае бясплатную візу, я магу ездзіць да мамы. «А вы і так ездзіце раз на год, навошта вам гэта трэба?»

Да гэтай «прапановы» суразмоўца вяртаўся яшчэ некалькі разоў.

«Ну вы ж разумееце». Звальненне

Калі размова скончылася і Максім нарэшце вярнуўся да пацыента і працы, яму зноў патэлефанаваў галоўны лекар і запрасіў да сябе. Лекар прыйшоў - супрацоўнік таксама быў у кабінеце. Ён зноў задаў Максіму некалькі пытанняў аб карце паляка спачатку ў прысутнасці галоўнага лекара, а потым калі ён выйшаў з кабінета на ягоную просьбу.

Атрымаўшы тыя ж адказы, «супрацоўнік КДБ» папрасіў выйсці з кабінета і Максіма.

- Я стараўся падслухаць, што ён там казаў. Я так зразумеў, тэлефанаваў свайму начальству. Маўляў, так і так, «у яго там радня, адмовы не атрымаў».

Пасля, са слоў Максіма, у кабінет зайшоў галоўны лекар: «Там гутарка была кшталту «вы ж разумееце, што чалавек, псіхіятр тым больш з такімі думкамі на падкорцы, не вельмі карысны дзяржаве, зрабіце з гэтым нешта». Галоўны лекар спрабаваў спытаць, ці можна зрабіць інакш, каб на працаўніках не адбілася «рэзкае звальненне», распавядае лекар.

Калі супрацоўнік сышоў, Максім зайшоў у кабінет. Галоўны лекар тэлефанаваў на розныя тэлефоны, пытаючыся, як мага хутчэй развязаць пытанне са звальненнем: «Ён сказаў мне гэтую фразу: «Ну вы ж разумееце».

Ён прапанаваў Максіму ўзяць два дні за свой кошт і пасля напісаць заяву на звальненне паводле дамовы бакоў. Пасля звальнення Максім яшчэ некалькі тыдняў знаходзіўся ў Беларусі, каб разабрацца з дакументамі, а ў пачатку сакавіка з'ехаў у Польшчу.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках