25 красавiка 2024, Чацвер, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Супрацоўнікі КДБ маглі ўсталяваць праслухоўванне ў самалётах «Белавія»

18
«Супрацоўнікі КДБ маглі ўсталяваць праслухоўванне ў самалётах «Белавія»
Фота: charter97.org

Экс-супрацоўнік авіякампаніі расказаў аб палітычных звальненнях і абходзе санкцый.

Як палітычныя звальненні паўплывалі на «Белавія»? Ці бяспечна лётаць самалётамі авіякампаніі? Дзе абслугоўваюць самалёт Лукашэнкі?

Сайт Charter97.org на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з экс-супрацоўнікам «Белавія».

«Супрацоўнікі КДБ маглі ўсталяваць праслухоўванне ў самалётах»

Суразмоўца нашага выдання распавёў, што многія працаўнікі «Белавія» падтрымалі пратэсты ў 2020 годзе:

- Выходзілі на акцыі пратэсту - пад сваімі сцягамі, асобнымі групамі. Яшчэ нябожчык гендырэктар Анатоль Гусараў вывешваў ліст, што супрацоўнікі могуць выказваць сваю пазіцыю, але не ў працоўнай форме кампаніі.

Першы арышт, напэўна, адбыўся ў канцы 21-га ці пачатку 22-га года. На 15 дзён арыштавалі адну спадарыню, потым яна выехала ў Турцыю.

Як вы ведаеце, у кожнай структуры ў нас зараз працуе супрацоўнік КДБ. У «Белавія» ёсць такі намеснік гендырэктара ў бяспецы і кадрах, які перад так званым галасаваннем аб «папраўках» у Канстытуцыю пачаў выклікаць людзей, задаваць пытанні: «Дзе вы былі ў такі-та дзень». Супрацоўнікі, вядома ж, казалі, што не памятаюць. Тады ён раскрываў тэчку і паказваў фота і допісы з «Фэйсбука». На той момант усё абмежавалася пагрозамі.

Тэхнікі мне расказвалі, што самі бачылі, як з кіраўніком іх змены прыходзілі нейкія людзі, магчыма — супрацоўнікі КДБ ці сілавікі без формы, яны заходзілі ў самалёт, зачынялі дзверы, занавешвалі шторкі, а затым нешта там рабілі. Тэхнікі мне казалі, што можа ўсталёўваецца праслухоўванне.

Звальнялі з «Белавія», са слоў нашага суразмоўцы, нават пілотаў:

- Ведаю чатырох пілотаў «Белавія», два ці тры з іх - капітаны. Аднаго звольнілі яшчэ ў 21-м годзе. Была гучная гісторыя з Сяргеем Маліноўскім, якога сілавікі збілі 10 жніўня 2020 года. Сяргей паказваў мне фота, дзе ён увесь сіні. Калі памёр Гусараў і прыйшоў новы кіраўнік «Белавія» Чаргінец, пілоту паставілі ўмову: альбо ты забіраеш сваю заяву з пракуратуры на звальненне, альбо цябе звальняем. Ён адмовіўся, бо яго тады моцна збілі.

У авіяцыі ёсць моманты, дзе цябе можна на нейкіх дробязях падлавіць. Як я зразумеў з размовы, здарыўся нейкі непрыемны выпадак і ўсё звалілі на яго. Яму зноў паставілі ўмову: альбо мы цябе звальняем, альбо ты сам сыходзіш.

Затым звольнілі яшчэ аднаго капітана - таксама ўдзельнічаў у пратэстах, ягоная жонка была актыўная. Да іх прыйшоў дадому ГУБАЗіК, ён пачаў заступацца за жонку, затым прыйшлі дакументы ў «Белавія» і яго звольнілі.

Летась увосень звольнілі пілота з украінскім пашпартам, які цягам 15 ці больш гадоў жыў у Беларусі. Яго таксама звольнілі паводле палітычных матываў.

Чысткі, са слоў былога супрацоўніка «Белавія», закранулі і іншых працаўнікоў авіякампаніі:

- У канцы восені са службы бортправаднікоў звольнілі двух чалавек: прыехалі дадому, забралі на Акрэсціна на 15 дзён, а затым звольнілі.

Затым выклікалі мяне. Начальнік сказаў, што ў працы ніякіх пытанняў да мяне няма, але кантракт мы працягваць не будзем, бо я замешаны ў пратэстах 2020 года, у мяне было «тры выхады на акцыі». Сказалі, што магу схадзіць да гэтага КДБшніка, «упасці на калені, папрасіць прабачэння». Але я сказаў, што мне няма за што прасіць прабачэння.

Пасля гэты супрацоўнік КДБ пачаў выклікаць начальнікаў груп і казаць, што «ён вычысціць усіх непажаданых». Арышты працягваліся і пасля майго сыходу.

«Прадстаўнік «Белавія» ў Стамбуле групамі падводзіў мігрантаў да самалёта, садзіў іх на борт».

Са слоў суразмоўцы сайта Charter97.org, «Белавія» датычная да мігранцкага крызісу, які арганізаваў Лукашэнка на межах Еўразвязу ў 2021 годзе:

- Я некалькі разоў лётаў у Турцыю, калі браць «Белавія», то мігрантаў было вельмі шмат. У мяне нават з адным з іх была размова, наколькі нам дазваляў узровень валодання англійскай. Ён адкрыта казаў: мы ляцім да вас, а затым хочам праз Польшчу ў Нямеччыну. На рэйсе, на якім я працаваў, з 80 чалавек было 60 мігрантаў. Мае калегі расказвалі, што ў той час, калі быў крызіс на мяжы, а «Белавія» кожны дзень лётала ў Стамбул, амаль поўныя самалёты нелегалаў накіроўваліся ў Менск.

Прадстаўнік «Белавія» ў Стамбуле групамі падводзіў мігрантаў да самалёта, садзіў іх на борт. Думаю, ён дапамагаў ім купіць квіткі, бо сірыйцы і іракцы слаба гавораць па-ангельску. «Белавія» ў гэтым удзельнічала. Вядома, прадстаўнікі кампаніі казалі: «А што мы можам зрабіць, яны ж купляюць квіткі».

Былі на той момант яшчэ палёты ў Лібан, некалькі рэйсаў поўных мігрантаў прыляцела адтуль. У той момант шмат мігрантаў было ў аэрапорце: прыляталі нашыя рэйсы, былі ірацкія і на той момант лётала нейкая сірыйская авіякампанія.

«Капітану пералічвалі 20 тысяч даляраў на картку - і ён разлічваўся»

Экс-супрацоўнік «Белавія» распавёў, што авіяперавозчыку дагэтуль удаецца абыходзіць уведзеныя санкцыі:

- Калі ўводзілі санкцыі, то мы, адэкватныя людзі, гэтаму радаваліся. Аднак запчасткі як ехалі, так працягвалі ехаць. Не ў такой колькасці, не так хутка, але праз нейкую трэцюю краіну яны траплялі. Магчыма, праз Расею, магчыма, праз Турцыю - я не ведаю.

Тэхнічны персанал выказваў занепакоенасць, што запчасткі доўга едуць, запасныя шасі скончыліся. Калі раней быў запас колаў, запчастак, яшчэ чагосьці, то зараз яго не было. Ужо былі перабоі.

Адзін з выпадкаў - у «Белавія» ёсць адзін з новых самалётаў Boeing 737 MAX. У гэтага борта зламаўся ў рухавіку ці кампрэсар, ці генератар. Бо гэта быў новы самалёт, мяняць трэба было цэлы блок. Запчасткі мянялі два тыдні. У мяне пытанне: як на Захадзе не могуць адсачыць, што прадпрыемства набывае дэталь да новага самалёта? Дэталь праз некаторы час прыйшла, самалёт паправілі і ён паляцеў.

Да санкцый, якія былі ўведзеныя пасля пасадкі самалёта з блогерам Раманам Пратасевічам, «Белавія» як і іншыя кампаніі купляла электроннае забеспячэнне борта, якое дазваляе бяспечна лятаць і заходзіць на пасадку ў той ці іншы аэрапорт. Ёсць дзве сістэмы: NATAN і JEPPESEN. Я не ведаю, з якой перыядычнасцю - месяц ці год, але яны павінны абнаўляцца. Сістэма JEPPESEN – амерыканская, NATAN – таксама замежная. Я не ведаю, як яны абнаўляюцца, але на бяспеку палётаў гэта ўплывае.

Магчыма, гэтае маё меркаванне, знаходзяцца нейкія пірацкія копіі, нейкія схемы знаходзяць у інтэрнэце. Калі я яшчэ лятаў, пілоты казалі, што ў нас праблемы, таму што мы выкарыстоўваем старыя карты. Гэтыя праграмы павінны паказваць, дзе знаходзяцца закрытыя зоны, які аэрапорт на рамонце - яны ўвесь час абнаўляюцца. Сістэма JEPPESEN, калі я не памыляюся, вывучае карты і падказвае пілотам, як правільна заходзіць на пасадку. Мне казалі, што ўжо каля года гэтыя сістэмы не абнаўляюцца ці купляюцца нейкія пірацкія копіі, бо на іх афіцыйна накладзеная забарона.

Яшчэ адзін выпадак, магчыма - лета 22-га года, калі наклалі забарону на электронныя плацяжы. У Грузіі пілот казаў, што мы нібыта не можам разлічвацца праз картку з аэрапортам. Што рабіла авіякампанія? Яна пералічвала грошы на картку капітана, да прыкладу — 20 тысяч даляраў, мы прыляталі, самалёт запраўляўся, капітан кудысьці ехаў з прадстаўніком і неяк расплачваўся.

«Борт Лукашэнку абслугоўваюць у Ташкенце»

Наколькі сёння бяспечна лятаць самалётамі авіякампаніі «Белавія»? Экс-супрацоўнік мяркуе, што з часам могуць узнікнуць праблемы:

- Калі казаць аб бяспецы, то я сябраваў са шматлікімі пілотамі, гэта былі максімальна адэкватныя людзі, дурняў там не было. На момант 21-га года быў добры тэхнічны персанал. На той момант я разумеў, што ніводны самалёт не паляціць, калі будзе пагроза для пасажыраў. Так, ёсць дробязі, з якімі можна ляцець, а пасля санкцый іх стала толькі больш: то лямпачкі няма, то сядзенне зламанае, пачаліся праблемы з кіслароднымі маскамі, таму што яны аднаразавыя. Але гэта ніяк не ўплывае на бяспеку палётаў. Мне падабалася, што, скажам так, на момант майго звальнення ўсё было бяспечна. Як цяпер - я не ведаю, бо звальненні закранулі тэхнічны склад.

Мне расказвалі, што быў звольнены адзін тэхнік, вельмі пісьменны хлопец, які прайшоў навучанне на ўсе тыпы самалётаў. Кампанія на яго выдаткавала 5 000 даляраў. Ён трапіў у спісы на звальненне і кампанія з ім развіталася, хаця на яго выдаткавалі вялікія грошы. Звальняюць найлепшых.

Думаю, што гэтыя чысткі могуць пагаршаць бяспеку. Пілоты хочуць працаваць і, магчыма, на нешта заплюшчваць вочы, бо самалётаў не так шмат, усяго 12. Магчыма, гэта неяк будзе ўплываць на бяспеку з часам.

Як зрабіць санкцыі супраць «Белавія» больш эфектыўнымі? Суразмоўца Charter97.org бачыць некалькі варыянтаў:

- У мяне пытанне, у нас у парку было сем самалётаў Boeing і пяць самалётаў Embraer, уся Еўропа пра гэта ведае. Бо вы можаце адсочваць кожны рэйс, на Flightradar, будзе бачны ягоны нумар. Амерыканская кампанія наклала санкцыі. Дык вось, як яны абслугоўваюцца ў Азербайджане, Арменіі, Грузіі? Казахстан, дарэчы, адмовіўся абслугоўваць самалёты кампаніі «Белавія», бо там частка капіталу амерыканскага.

Мне падаецца, што кампанія Boeing павінна накласці больш сур'ёзныя санкцыі і іх адсочваць. Магчыма, санкцыі на запчасткі. Павінны быць ціск на аэрапорты ў Ерэване, Баку і Тбілісі, бо самалёты «Белавія» працягваюць туды лётаць, іх жа абслугоўвае нейкі тэхнік.

Магчыма, трэба ціснуць, каб больш сачылі менавіта за гэтымі самалётамі, як трапляюць у Беларусі запчасткі. Нейкія кампаніі іх могуць замаўляць на сябе, а потым перапрадаюць нашым.

Таксама трэба накладаць санкцыі на кіраўніцтва «Белавія», бо зразумела, з кім яны звязаныя. Борт Лукашэнкі ў свой час абслугоўваўся ў Нямеччыне, затым, калі немцы наклалі санкцыі, пачалі лятаць у Турцыю. Потым і туркі не змаглі яго абслугоўваць. Мне прадстаўнік кампаніі ў Ташкенце восенню сказаў, што ваш «борт нумар адзін» абслугоўваецца тут. Калі павінны замяніць нейкія запчасткі, зрабіць праверкі - яго абслугоўваюць там.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках