25 красавiка 2024, Чацвер, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкрытая дзейнасць сакрэтнай лабараторыі ФСБ

3
Выкрытая дзейнасць сакрэтнай лабараторыі ФСБ

Адбыўся выцек дакументаў з фірмы, якая абслугоўвае Мінабароны і спецслужбы РФ.

ФСБ, Мінабароны і СВР карыстаюцца паслугамі маскоўскай IT-кампаніі «Вулкан», якая распрацавала для іх праграмнае забеспячэнне для ізаляцыі інтэрнэту, сачэння за карыстальнікамі, кібератак і кіравання фабрыкай троляў, пішуць «Важные истории» са спасылкай на выцек дакументаў названай фірмы. Атрыманыя звесткі вывучылі 12 выданняў.

Заснавальнікамі «Вулкана» з'яўляюцца Антон Маркаў і Аляксандр Іржаўскі. На сайце пазначана, што кампанія займаецца аналізам абароненасці апаратных і праграмных комплексаў, а таксама даследаваннем бяспекі мікраэлектронных прылад. У ёй працуе больш за 130 чалавек, у 2021 годзе яе даход перавысіў мільярд рублёў.

Сярод кліентаў «Вулкана» - вайсковая часць 33 949, пад якой хаваецца адно з ключавых падраздзяленняў СВР. Толькі за апошнія тры гады яна пералічыла кампаніі больш за 200 мільёнаў рублёў за распрацоўку розных праграм у рамках дзяржабаронзаказу.

Іншы кліент - вайсковая часць 64829 або Цэнтр інфармацыйнай бяспекі ФСБ, вядомы тым, што пад яго прыкрыццём працуюць многія хакеры. Афіцэры ФСБ, якія там служылі, былі нядаўна асуджаныя за дзяржаўную здраду. За апошнія тры гады «Вулкан» атрымаў ад службы больш за 100 мільёнаў рублёў.

Для Мінабароны РФ кампанія распрацоўвала софт пад шыфрам «Амезіт». Згодна з дакументацыяй, ён сочыць за ўсімі карыстальнікамі інтэрнэту на зададзенай тэрыторыі і блакуе «непажаданыя» сайты, навязваючы замест іх прапагандысцкія артыкулы, раскручаныя ботамі.

Функцыянал «Амезіта» дазваляе «адным націсканннем» стварыць сотні фэйкавых рахункаў у сацсетках Facebook, Twitter, YouTube, а затым «даручыць» ім розныя заданні: публікаваць допісы і відэа, каментаваць, ставіць падабайкі, накручваць прагляды артыкулам.

Са слоў апытаных выданнем экспэртаў у інфармацыйнай бяспецы, «Амезіт» стваралі для выкарыстання за мяжой, у тым ліку ва Украіне. Адной з галоўных умоў працы комплексу быў фізічны доступ да тэлекамунікацыйнага абсталявання.

З дакументаў высветлілася, што сістэма выкарыстоўвалася ў 2017 годзе падчас парламенцкіх выбараў у Арменіі - тады дзясяткі старонак распаўсюджвалі фэйкавы дакумент, паводле якога ЗША нібыта ўмешваліся ў працэс галасавання. Акрамя гэтага, троляў выкарыстоўвалі ў кампаніі супраць экс-кандыдата ў прэзідэнты ЗША Гілары Клінтан і пасля забойства камандзіра спецрэзерву Галоўнай управы выведкі Украіны палкоўніка Максіма Шапавала. У апошнім выпадку боты стварылі аднолькавыя допісы са спасылкай на канспіралагічны артыкул у «ВКонтакте», дзе сцвярджалася, што вайскоўца забілі ягоны ж калегі.

Нягледзячы на сувязь з расейскімі сілавымі ведамствамі, «Вулкан» не знаходзіцца ні ў якіх санкцыйных спісах. Кіраўніцтва кампаніі на пытанні журналістаў адказваць адмовілася.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках