29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе беларусам шукаць інфармацыю аб сваіх продках?

1
Дзе беларусам шукаць інфармацыю аб сваіх продках?
Фота: Getty Images

Можна правесці даследаванне з дапамогай адмыслоўцаў архіва, падаўшы заяўку.

Куды трэба звяртацца, каб даведацца пра гісторыю сваёй сям'і? Якія дакументы ці звесткі могуць у гэтым дапамагчы? Колькі каштуе правядзенне даследавання? Аб гэтым піша «АіФ».

Вывучэнне радаводу - працаёмкі працэс, які можа расцягнуцца на гады. Перш чым звяртацца ў розныя фонды і архівы, трэба папярэдне сабраць максімальна магчымую інфармацыю. Пачніце з апытання блізкіх сваякоў, асабліва паджылых, разбору сямейных архіваў і дакументаў, лістоў. У сведчаннях аб нараджэнні, шлюбе і смерці, пашпартах, працоўных кніжках можна знайсці адказы на ключавыя пытанні, важныя для радаводу. Паспрабуйце адшукаць далёкіх сваякоў свайго пакалення ў сацсетках.

Наступны этап - праца з архівамі. Асноўны комплекс дакументаў па тэрыторыі сучаснай Беларусі за перыяд пасля 1917 года знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, дзяржархівах абласцей, абласных архівах органаў ЗАГС, занальных дзяржархівах. Калі патрэбныя больш раннія звесткі, у Беларусі працуюць два асноўныя архівы, якія захоўваюць дакументы генеалагічнага характару XIX–XX ст. Гэта Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску і Гародні. У Менску можна знайсці дакументы ў асноўным па тэрыторыі Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у Гародні - па тэрыторыі Гарадзенскай губерні (у тым ліку па Берасцейскім, Кобрынскім і Пружанскім паветах) за перыяд да 1917 года.

Не выключана, што падчас пошукаў давядзецца звяртацца ў замежныя гістарычныя архівы. Напрыклад, асноўны комплекс дакументаў па тэрыторыі Віленскай губерні знаходзіцца на захоўванні ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы. Вялікі комплекс дакументаў па генеалогіі цяперашніх беларускіх зямель - у Расейскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу.

Пошук звестак у архівах можна весці самастойна. Напрыклад, у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску неабходна прыйсці з заявай і пашпартам. Варта пракансультавацца аб рабоце з дакументамі. Так, існуе паняцце наўпроставых і ўскосных генеалагічных крыніц. Да наўпроставых належаць метрычныя кнігі культавых устаноў (цэркваў, касцёлаў, сінагог), куды ўносіліся звесткі аб народжаных, узяўшых шлюб і памерлых; рэвізскія казкі (матэрыялы перапісаў («рэвізій») насельніцтва); пасямейныя і прызыўныя спісы. Іншыя тыпы архіўных дакументаў належаць да катэгорыі ўскосных генеалагічных крыніц. Напрыклад, калі ведаеце, што продкі працавалі на чыгунцы - варта прагледзець вопісы фондаў Управы чыгунак, калі ўдзельнічалі ў судовых разглядах - фонды палат крымінальнага і грамадзянскага судоў і г. д.

Правесці даследаванне можна і з дапамогай адмыслоўцаў архіва, падаўшы заяўку. Паслуга платная. У архіве Менска - да 1,8 тысячы руб за выкананне генеалагічнага запыту. Канчатковая сума вызначаецца зыходзячы з фактычна змарнаванага часу работніка архіва. Грошы плацяцца не за квадрацікі з прозвішчамі і гадамі жыцця продкаў, а за архіўную даведку ўстаноўленага ўзору з усімі звесткамі аб родзе, якія былі знойдзеныя. Мастацкім афармленнем генеалагічных дрэў у архівах звычайна не займаюцца.

Калі выяўленне дакументаў неабходнае для вырашэння пэўнай задачы - доваду роднасных сувязей, атрымання спадчыны, афармлення візы і г. д., неабходна пракансультавацца з работнікамі той установы, куды збіраецеся падаваць знойдзеныя звесткі. У некаторых выпадках выяўленая інфармацыя будзе бескарыснай для развязання канкрэтнага пытання.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках