19 красавiка 2024, Пятніца, 15:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы: Беларуская АЭС уяўляе небяспеку для ўсяго рэгіёну

9
МЗС Літвы: Беларуская АЭС уяўляе небяспеку для ўсяго рэгіёну

Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту з катэгарычным патрабаваннем.

Міністэрства замежных спраў Літвы (МЗС) у адказ на інфармацыю аб падрыхтоўцы Беларусі да пуску другога энэргаблока АЭС – фізічным пуску рэактара і планаваным падключэнні яго да электрасеткі, накіравала Міністэрству замежных спраў Беларусі ноту пратэсту з катэгарычным патрабаваннем неадкладна спыніць праект Беларускай АЭС да развязання ўсіх праблем, звязаных з ядзернай бяспекай, выяўленых міжнароднымі місіямі падчас наглядных мерапрыемстваў, паведамляе Delfi.

- Падрыхтоўка Беларусі да пуску другога няспраўнага энэргаблока АЭС, утойванне ад грамадскасці інцыдэнтаў і няспраўнасцяў, а таксама пагрозы прэзідэнта Расеі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі сведчаць аб безадказных паводзінах дыктатарскіх рэжымаў у сферы атамнай энэргетыкі, што ўяўляе ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну, - падкрэсліў міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбэргіс.

У праекце Беларускай АЭС дагэтуль яшчэ шмат неразвязаных пытанняў бяспекі, такіх як уздзеянне на навакольнае асяроддзе і насельніцтва Літвы, гарантаванне культуры бяспекі і рэалізацыя міжнародных рэкамендацый.

У дакладзе ад 9 сакавіка 2023 года аб пагрозах нацыянальнай бяспецы, прадстаўленым Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі і Другой управай аператыўных службаў пры Міністэрстве нацыянальнай абароны адзначаецца, што ў 2022 годзе Беларусь схавала шэраг інцыдэнтаў, якія адбыліся на першым і другім энэргаблоках Беларускай АЭС, у выніку чаго ядзерны рэактар першага блока быў прыпынены на тэрмін, большы за паўгода, а тэрміны пуску другога блока працягваюць адкладацца, зазначаецца ў прэс-рэлізе.

Высокая імавернасць таго, што тэхнічныя няспраўнасці Беларускай АЭС будуць фіксавацца і пасля пуску другога блока. Суседнім краінам не падаецца інфармацыя аб фактычным стане Беларускай АЭС, што абгрунтавана павышае заклапочанасць ведамстваў і ўзмацняе апасенні насельніцтва.

- Беларуская АЭС - гэта праект расейскай дзяржкарпарацыі «Расатам», які суправаджаецца неаднаразовымі інцыдэнтамі, надзвычайнымі падзеямі, прыпыненнямі, паломкамі абсталявання і атмасферай непразрыстасці. Таму Літва і надалей будзе ўзнімаць пытанне аб ужыванні санкцый да расейскай атамнай энэргетыкі і да дзяржкарпарацыі-манапаліста «Расатама», – заявіў міністр Ландсбэргіс.

Пастанова Беларусі аб будаўніцтве АЭС на Астравецкай пляцоўцы каля мяжы з Літвой, усяго за 40 км ад сталіцы Літвы Вільні не толькі парушае міжнародныя патрабаванні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і прыродааховы, але і ідзе насуперак прынцыпам адкрытасці і празрыстасці.

Са слоў міністра Ландсбэргіса, пакуль на Астравецкай пляцоўцы будзе працаваць Беларуская АЭС, Літва будзе ўжываць усе магчымыя захады для абароны бяспекі і дабрабыту свайго насельніцтва.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках