29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ пачынае «аперацыю» прыцягнення Кітая на бок Украіны

6
ЕЗ пачынае «аперацыю» прыцягнення Кітая на бок Украіны

Адбудзецца цэлая серыя візітаў еўрапейскіх кіраўнікоў у Пекін.

Цэлая серыя візітаў еўрапейскіх кіраўнікоў у Пекін павінна заахвоціць кітайскае кіраўніцтва шырэй зірнуць на канфлікт ва Украіне і перастаць відавочна падтрымліваць адзін з яго бакоў. Стасункі з Еўропай, перш за ўсё ў сферы тэхналогій і эканомікі, важныя для Кітая на фоне ўсё большага супрацьстаяння з ЗША, піша The Moscow Times.

Першым са старшынём КНР Сі Цзіньпінам сустрэўся ў пятніцу прэм'ер-міністр Гішпаніі Педра Санчэс. Ён заклікаў кітайскага лідара паразмаўляць з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, калі Пекін хоча адыгрываць нейкую ролю ў працэсе мірнага ўрэгулявання, распавёў Санчэс журналістам пасля сустрэчы: «Мы ўсе хочам міру, але мы хочам, каб гэты мір быў справядлівым і даўгавечным. Каб так было, ён павінен быць заснаваны на пазіцыі краіны, якая зазнала напад».

Гішпанія разам з Еўразвязам падтрымлівае прапанаваную Зяленскім некалькі месяцаў таму формулу заканчэння вайны з 10 пунктаў (уключаючы дэакупацыю і вывад расейскіх войскаў), кітайскі ж план урэгулявання замарозіць канфлікт, пакінуўшы Расеі захопленыя тэрыторыі, заявіў Санчэс.

Сі сказаў яму, што неабходна стварыць «збалансаваную, эфектыўную і ўстойлівую канструкцыю бяспекі ў Еўропе» праз дыялог для ўрэгулявання крызісу ва Украіне, паведаміла Цэнтральная тэлевізія Кітая (CCTV).

Больш чым за год вайны Сі Цзіньпін, са слоў Зяленскага, ні разу з ім не размаўляў. Перад нядаўнім візітам Сі ў Маскву з'явіліся паведамленні, што кітайскі лідар затым можа паразмаўляць з украінскім праз тэлефон, аднак з таго часу ніякай інфармацыі пра гэта не было. На гэтым тыдні Зяленскі ў інтэрв'ю AP проста запрасіў Сі наведаць Украіну. На рэгулярнай прэс-канферэнцыі 29 сакавіка прадстаўніца МЗС Кітая Мао Нін на двойчы зададзенае пытанне аб гэтым запрашэнні (ад «РІА Новости» і AP) адказала адной фразай: «Кітай падтрымлівае кантакты з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы Украіну». На пытанне, ці атрымаў Пекін афіцыйнае запрашэнне ад Зяленскага, яна адказала: «Я пра гэта не ведаю».

Услед за Санчэсам на наступным тыдні на сустрэчу з Сі прыедуць прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і старшыня ЕўракамісііУрсула фон дэр Ляен.

Макрон казаў, што паспрабуе пераканаць кітайскае кіраўніцтва дапамагчы спыніць распачатую Расеяй вайну. Фон дэр Ляен у чацвер заявіла, што пазіцыя Кітая ў пытанні «вайны Пуціна будзе вызначальным фактарам пры выбудоўванні стасункаў паміж ЕЗ і Кітаем». Старшыня ЕК сказала, што ЕЗ варта заняць больш жорсткую пазіцыю ў стаўленні да Кітая, і ўпершыню дала зразумець, што Брусэль можа перастаць разглядаць магчымасць падпісання з ім гандлёвага пагаднення. Яно было ўзгодненае ў 2020 годзе, але потым затрымалася ў Еўрапарламенце, пасля таго як Кітай увёў санкцыі супраць некаторых дэпутатаў.

Між тым, стасункі з ЕЗ важныя для Кітая, які спадзяецца на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з Еўропай. Яго стасункі з ЗША становяцца ўсё больш канфрантацыйнымі, гэта ўжо прывяло да забароны на пастаўкі ў Кітай сучасных амерыканскіх тэхналогій, у тым ліку чыпаў. Вашынгтон заклікае ЕЗ дзейнічаць такім жа чынам.

Менавіта падчас візіту канцлера Нямеччыны Олафа Шольца ў Пекін мінулай восенню Сі Цзіньпін упершыню публічна заявіў аб непрымальнасці ядзернай рыторыкі Масквы. Тыдзень таму вядучы кітайскі дыпламат Ван І заявіў дыпламатычнаму дарадцу Макрона: «Спыненне агню, спыненне вайны, аднаўленне мірных перамоў і палітычнае ўрэгуляванне крызісу павінны стаць стратэгічным кансэнсусам паміж Кітаем і Еўропай».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках