19 сакавiка 2024, aўторак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баец УСУ аб баях у Бахмуце: Расейцаў чакае сюрпрыз

11
Баец УСУ аб баях у Бахмуце: Расейцаў чакае сюрпрыз
Кірыл Сазонаў

У горад падыходзіць падмацаванне.

Сітуацыя на Бахмуцкім кірунку ўжо больш за паўгода застаецца вельмі складанай, але ўкраінскія воіны трымаюць абарону.

Украінскі палітолаг і добраахвотнік Узброеных сіл Украіны Кірыл Сазонаў, які цяпер ваюе на Бахмуцкім кірунку, распавёў сайту Charter97.org, што зараз адбываецца ў самым гарачым пункце фронту.

- Варта казаць не толькі аб Бахмуце, а аб Данецкім кірунку агулам. Сітуацыя цяпер вельмі цяжкая пад Бахмутам, Вуглядарам, Аўдзееўкай, Мар'інкай. На ўсіх гэтых кірунках акупанты з усіх сіл вельмі актыўна лезуць, але ўсюды атрымліваюць адпор ад УСУ. Усе Данецкія кірункі цяпер - гэта месца самых жорсткіх баёў. Менавіта тут сканцэнтраваныя асноўныя сілы ворага і, адпаведна, украінскія сілы абароны.

- Чаму акупанты так учапіліся менавіта за Бахмут?

- Сам па сабе Бахмут - цікавы лагістычны пункт. Калі казаць пра стратэгічнае значэнне Бахмута, то з поўначы на поўдзень - гэта траса Марыупаль-Данецк-Горлаўка-Маёрск-Бахмут і выходзіць на Славянск. На захад з Бахмута траса ідзе на Канстанцінаўку праз канал Северскі Данецк - Данбас, а далей на Пакроўск і Днепр.

Расейцы ўжо паўгода б'юцца за Бахмут, ужо некалькі разоў заяўлялі аб яго «ўзяцці». Горад набыў для іх сімвалічнае значэнне. Расейцам трэба яго ўзяць усякім коштам, каб даць справаздачу хоць пра нейкія поспехі. Кіеў «за тры дні» ўзяць не атрымалася, Украіну «за сем дзён» таксама. Яны марылі ў першую чаргу захапіць Харкаў, Адэсу, Мікалаеў, называючы іх «расейскімі гарадамі» і таксама, як у нас кажуць, «злавілі облізня» (пацярпелі няўдачу - Заўв. Charter97.org). З Херсона, адзінага захопленага абласнога цэнтра, яны таксама змушаныя былі сысці.

Ужо зразумела, што шанцаў у расейцаў няма ніякіх. Запарожжа ім таксама не свеціць. Бахмут - гэта хоць нешта для навін, што можна «скарміць» праз тэлевізар расейцам. Нібыта ёсць «вынікі» і «перамогі». Яны разбіваюцца ў блінец, а мы іх знішчаем. Вось толькі за дзень больш за сто ліквідавана. Украіна трымаецца, трошкі падраўнялі фронт.

Учора было паседжанне Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны. Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Валерыя Залужнага (гетман УСУ - заўв.) і Аляксандра Сырскага (камандуючы Наземнымі войскамі УСУ - заўв.) у пытанні, што рабіць з Бахмуцкім кірункам. Вайскоўцы адназначна выказаліся за ўмацаванне абароны, не за адступленне. Стаўка аднагалосна прагаласавала, што Бахмут будзем трымаць. Вось такая палітычная і ваенная сітуацыя на гэты момант.

Хачу сказаць, што сюды расейцы кідаюць ужо не толькі «чмобікаў», мабілізаваных з акупаваных «ЛНР» і «ДНР», а і штурмавікоў, дэсантнікаў, сур'ёзныя падраздзяленні «вагнераўцаў». Увогуле, усё, што могуць. Таму баі жорсткія. Яны нясуць шалёныя страты, нельга сказаць, што і мы куленепрабівальныя. У нас таксама ёсць страты, але яны несупастаўныя з расейскімі.

- Чаго чакаць на фронце найбліжэйшым часам?

- Контрнаступлення УСУ. Ніхто не можа цяпер сказаць, дзе канкрэтна яно будзе, у які момант. Як мы жартуем, «не трэба псаваць оркам сюрпрыз, ім будзе нецікава».

Мы ж цудоўна памятаем, як абяцалі ўзяць Херсон, канцэнтравалі там усе сілы. Бо цяпер на словах падмануць кагосьці цяжка, ёсць спадарожнікі і агентурныя выведкі. Мы сапраўды пад Херсон кінулі вельмі магутныя баяздольныя часткі, групоўку там сабралі, супраціўнік рыхтаваўся абараняцца. Мы таксама жартавалі, што «таемна» рыхтуемся рухацца на Херсон, вораг «таемна» рыхтуе абарону і таму аперацыя называецца «Цытадэль». А потым раптоўны ўдар на Ізюмскі кірунак, Харкаўшчыну і выдатны вынік - вызвалілі некалькі гарадоў, вялікую тэрыторыю, нават Ліман.

Магчыма, што так будзе і тут. Мы будзем канцэнтраваць сілы, адцягваць іх, а ўдар будзе, дапусцім, з боку Крамянной або Запарожжа на Бярдзянск. Можа быць усё, што заўгодна. Нашае камандаванне гэтага не раскрывае і правільна робіць. Вайна - гэта мастацтва наносіць раптоўныя ўдары.

Увогуле, пакуль Бахмут трымаем. Падыходзяць падмацаванні. Не магу сказаць, колькі, хто і куды падыходзіць, бо, зноў жа, не будзем псаваць оркам сюрпрыз. Ёсць артылерыя, сістэмы залпавага агню, авіяцыя дапамагае.

Пад Бахмутам ваююць усе: і УСУ, і тэрабарона, і Нацыянальная гвардыя, і памежнікі тут «даюць такога», што спецназ адпачывае, і паліцыя. Усе працуюць на агульную перамогу.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках