24 красавiка 2024, Серада, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкраданне з расейскага палону: як украінка выратавала мужа-вайскоўца

15
Выкраданне з расейскага палону: як украінка выратавала мужа-вайскоўца

Неймаверная гісторыя.

Жыхарка Адэсы Людміла Бялінская выкрала параненага мужа з расейскага палону ў Херсоне, калі ён яшчэ быў пад акупацыяй РФ. Жанчыне дапамаглі херсонскія лекары і іншыя ўкраінцы, паведамляе ТСН.

Жанчына расказала, што спачатку ёй паведамілі аб гібелі мужа Руслана. Ёй сказалі, што цела не могуць забраць праз шчыльны агонь, але трэба рыхтавацца да пахавання. Аднак, на шчасце, Руслан выжыў і ляжаў у акопе ў сяле Аляксандраўцы Херсонскай вобласці.

- Мяне адцягнулі ў акоп, каб не пераехала тэхніка. У акопе я ляжаў тры дні, - успамінае мужчына.

Неўзабаве яго знайшлі жыхары Аляксандраўкі, яны паілі байца малаком і яйкамі, і хавалі яго ў хляве. Перыядычна ён губляў прытомнасць, галава была прабітая. Баючыся за яго жыццё, Руслана пастанавілі адвезці ў лякарню, але па дарозе іх перахапілі акупанты.

Расейцы прывезлі Руслана ў СІЗА, а потым у лякарню Херсона. На допыт прыходзіў капітан. «Ён мне прапаноўваў перайсці на іх бок, я абраў палон», - распавёў ён.

Нейрахірургі выдалілі яму частку чэрапа, пачысцілі рану. Мозг быў пашкоджаны, што паўплывала на маторыку і Руслан не мог стаць на ногі. Неўзабаве яму ўдалося ўспомніць тэлефон жонкі і Людміле патэлефанавалі херсонскія лекары, паведаміўшы, што муж жывы, але стан яго цяжкі.

У верасні, нягледзячы на небяспеку, Людміла пастанавіла ехаць у акупаваны Херсон. Ёй удалося знайсці возніка, гатовага праз дзясяткі блокпостаў перавесці цяжкапараненага ўкраінскага вайскоўца.

Са слоў жанчыны, яна не справілася б без дапамогі адчайных херсонскіх лекараў, якія трымалі з ёй сувязь і прапанавалі выпісаць даведку, што Руслан траўмаваўся ў выніку аварыі, а не на полі бою.

«Зрабілі дзве выпіскі - для нашых і адна, для расейцаў, што гэта ДТЗ», - распавяла яна.

На чорным уваходзе лякарні іх чакаў аўтамабіль, кіроўца прывёз пару на паромную пераправу. За ёй Руслана і Людмілу чакалі ўкраінскія вознікі. Яны прайшлі дзясяткі расейскіх блокпостаў з даведкай аб ДТЗ, але на шчасце ніхто з расейцаў іх старанна не правяраў.

Дадому ў Адэсу яны вярнуліся 13 верасня, акурат у дзень нараджэння Руслана. Мужчына ўпарта трэніруецца, каб зноў навучыцца самастойна перамяшчацца.

«Арганізм будзе выкарыстоўваць рэзервы і здаровыя часткі мозгу прымуць на сябе функцыю пашкоджаных. Нейрапластычнасць - гэта вельмі складаны працэс», - адзначылі ў рэабілітацыйным цэнтры.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках