20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка: Лукашэнка ўжо пралічвае варыянты ўцёкаў

18
Уладзімір Фясенка: Лукашэнка ўжо пралічвае варыянты ўцёкаў
УЛАДЗІМІР ФЯСЕНКА
ФОТА: УКРІНФОРМ

Крэмль можа гарантаваць яму толькі «гарантыі небяспекі».

Сёння ў Менск з неанансаваным візітам прыляцеў кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу. Ён, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, сустрэўся з Лукашэнкам.

Беларускі дыктатар папрасіў у расейскага міністра «гарантыі бяспекі».

Што стаіць за гэтымі словамі? Сайт Charter97.org спытаў у вядомага ўкраінскага палітолага, кіраўніка Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзіміра Фясенкі.

- Навошта Лукашэнка просіць гарантыі бяспекі. Ён баіцца?

- Калі б ён прасіў гарантыі бяспекі для сябе асабіста, то, па-першае, у Сі Цзіньпіна. Мяркую, што ён ужо гэта зрабіў. Па-другое, пры жаданні мог бы і ў Пуціна што такое папрасіць, але ўжо сапраўды не ў Шайгу.

Нагадаю, што даслоўна днямі Лукашэнка быў у Пуціна і там была шматгадзінная начная гутарка. Большасць экспэртаў сыходзіцца ў меркаванні, што Лукашэнку трэба ад Пуціна толькі адно — грошы для падтрымання беларускай эканомікі і бюджэту, якая адчувае ўсё большыя праблемы.

Думаю, што ў абмен на гэта Пуцін сказаў: «Табе патрэбны грошы? Добра. У нас у саміх праблемы, але мы табе крыху падкінем. Але ў абмен ты таксама нам сёе-тое павінен зрабіць».

- Што гэта можа быць?

- Нешта з вайсковай галіны. Магчыма, перадаць нейкія вайсковыя рэсурсы ці аб'екты для расейскіх войскаў. Думаю, візіт Шайгу мае ў гэтым плане два сэнсы. Па-першае, калі нешта паабяцаў Лукашэнка Пуціну, то вось Шайгу павінен усё гэта прыняць. Што паабяцаў - мы пакуль не ведаем. Гэта першае тлумачэнне.

Па-другое, трэба візуальна і інфармацыйна падтрымліваць распачатую кампанію ў размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Сказалі «А», трэба зараз будзе казаць «Б», «В», «Г» і гэтак далей па алфавіце. Трэба падтрымліваць тэму.

Напраўду, нейкага «саспэну», «хорару», фільму жаху не атрымліваецца. Магчыма, выканаўцы не надта добрыя. Бо яны спрабуюць напалохаць Захад, бо ўкраінцаў ужо няма чым палохаць. «Мы размяшчаем тактычную ядзерную зброю ў Беларусі», — сказалі, а цяпер трэба падсілкоўваць гэтую інфармацыю новымі факталагічнымі дэталямі. Кагосьці навучаюць, нешта перадаюць, будуць будаваць сховішчы. Вось таму і «гарантыі бяспекі».

Якія гарантыі бяспекі? Я б сказаў, што ўсё, што адбываецца сёння ў дачыненні да Беларусі і Расеі - гэта гарантыі небяспекі, усё больш небяспекі для Беларусі і беларускага народа. Тут сэнс наўпрост супрацьлеглы. Аднак карцінку ствараць трэба. Гэта ніяк не пра асабістую бяспеку, а пра працу ў інтарэсах Пуціна, Лукашэнку трэба ўсё адпрацоўваць - інфармацыйна, палітычна, з пункту гледжання рэсурсаў.

- А ці можа Расея даць рэальныя гарантыі бяспекі для Лукашэнкі?

- Ніякія гарантыі бяспекі Крэмль даць не можа. Калі ўсё пачне разбураецца, то найперш праблемы ўзнікнуць у Лукашэнкі. Яму давядзецца ўцякаць ў Расею, а там, можа, далей. Напрыклад - у Пекін. Думаю, для сябе ён такі варыянт пралічвае. Бо Лукашэнка разумее, што калі пачне руйнавацца ягоны рэжым, то ўсё пачне руйнавацца і ў Расеі. Гэта толькі пытанне часу.

Таму ідзе адыгрыванне тэмы нібы бяспекі для Беларусі, але гаворка ідзе пра тое, што на тэрыторыі краіны будзе яшчэ больш расейскай зброі, расейскіх салдат. Напэўна, абмяркоўваецца пытанне прамога ўдзелу Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны. Мяркуючы з усяго, ён усяляк спрабуе сысці ад гэтага, бо разумее, што будуць катастрафічныя наступствы. Аднак трэба паказваць сваю лаяльнасць, «аплачваць»" падтрымку фінансавую і іншую, якую яму надаюць.

Перафразуючы тое, што казаў кітайскі пасол у ЕЗ аб «сяброўстве без межаў з Расеяй» - гэта рытарычная формула. Дык вось, гарантыі бяспекі - рытарычная формула. У якіх гэта формах выявіцца - мы вельмі хутка даведаемся.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».