20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:15
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«У расейцаў застанецца тры шляхі пакінуць Крым - кролем, брасам і па-сабачаму»

39
«У расейцаў застанецца тры шляхі пакінуць Крым - кролем, брасам і па-сабачаму»

«Масква» чакае ўвесь Чарнаморскі флот РФ на дне мора.

Кіраўнік Міністэрства абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў анансаваў «сюрпрыз» для расейскіх караблёў у Чорным моры. Пра што можа ісці гаворка?

З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да ваеннага экспэрта, палкоўніка запасу Узброеных сіл Украіны, лётчыка-інструктара Рамана Світана.

- Цяпер ёсць як мінімум пяць механізмаў, агучаных у эфіры, якія могуць знішчыць расейскі флот, калі іх у нас будзе ў дастатковай колькасці.

Першы - гэта нашы ўкраінскія ракеты «Нептун», пабудаваныя на базе старой добрай ракеты Х-35. Менавіта гэтыя ракеты затапілі крэйсер «Масква». Іх далёкасць дзеяння можа быць павялічаная да 300 кіламетраў. Плюс у ракеты «Нептун» ёсць такая опцыя, як паветраны пуск. Для пуску могуць выкарыстоўвацца самалёты-знішчальнікі, а гэта значыць да баявога радыусу ракеты дадаецца радыус знішчальніка, а гэта - да 1 000 кіламетраў. Атрымліваецца, мы можам дастаць да кожнай мясціны Чарнаморскага басейна толькі «Нептунамі».

Другі механізм - ракета «Гарпун», якая ў нас ужо ёсць на баявым дзяжурстве. Гэта еўрапейская ракета з далёкасцю дзеяння прыкладна як у «Нептуна» - пад 300 кіламетраў. У яе таксама ёсць опцыя паветранага пуску, атрымліваецца, што і яе можна выкарыстоўваць для знішчэння расейскай эскадры.

Трэці - у агульным доступе ўжо ёсць пацвярджэнні аб прыняцці пастаноў аб перадачы Украіне ракет SCALP або яшчэ іх называюць Storm Shadow. Гэта крылатая ракета з далёкасцю больш за 500 кіламетраў.

Чацвёрты - у «Гарпуна» ёсць пераемнік, менавіта на яго базе зроблена ракета з павялічанай далёкасцю, якая ідзе ўжо кіламетраў да 500. Я маю на ўвазе SLAM-ER.

Пяты - гэта надводныя (глісавалыя) і падводныя беспілотнікі. Імі была ўжо не аднойчы атакаваная Севастопальская бухта. Падводныя беспілотнікі могуць прайсці па гіраскопе некалькі сотняў кіламетраў пад вадой, а потым усплыць і ўжо ў рэжыме кіравання дабіць расейскую эскадру.

Цяпер я назваў як мінімум пяць механізмаў знішчэння расейскіх караблёў, а іх можа быць больш. Тых, якія яшчэ не засвечаныя, не падсветленыя. Увогуле, флагман расейскага флоту чакае ўвесь Чарнаморскі флот РФ на дне Чорнага мора. Думаю, што мы сапраўды пачуем найбліжэйшым часам такога кшталту рухі.

- Як сёння сябе адчуваюць акупанты ў Крыме і на поўдні Украіны, улічваючы апошнія ракетныя ўдары?

- Мы пачалі вельмі сур'ёзнымі ракетамі даставаць да Феадосіі. Бо там выбух быў не адной сотні кілаграм. Гэта можа быць, дарэчы, і «Гром», і SLAM, вось практычна ўсё, што я назваў вышэй, можа выкарыстоўвацца на такую далёкасць.

Ад украінскага Берыслава, які знаходзіцца на правым беразе ў раёне Новай Кахоўкі, да Феадосіі - 250 кіламетраў. Такая далёкасць у нас ужо ёсць. Таму думаю, што не зусім камфортна сябе адчуваюць расейцы.

Бо быў знішчаны зэнітна-ракетны комплекс, сістэма, якая павінна прыкрываць Крымскі мост, а не змагла сама сябе прыкрыць. Натуральна, што наступныя ўдары могуць быць бліжэй да Крымскага моста, Чарнаморскай эскадры і баз флоту ў самім Крыме, а таксама і іншым вайсковым базам на анэксаванай паўвыспе. А там блізу 150 вайсковых гарнізонаў. Усе яны - ваенныя цэлі. Увогуле, адчуваюць яны сябе ў Крыме як на лініі фронту.

- Што будзе з Чарнаморскім флотам найбліжэйшым часам? Акупантам давядзецца яго эвакуаваць?

- Думаю, што пасля таго, як у нас у дастатковай колькасці з'явяцца сродкі паразы, то яго не трэба будзе нікуды эвакуаваць. Мы яго проста патопім, дзе б яны не былі - у Наварасейску, у Крыме, у Чорным моры. Перад намі стаіць задача патапіць увесь Чарнаморскі флот.

Бо для таго, каб вызваляць Крым, трэба на 100% быць упэўненымі, што караблі не будуць у Крым закідваць амуніцыю. Падкрэслю, трэба знішчыць Крымскі мост і кожную шлюпку, якая будзе боўтацца ў Чорным моры.

У Крым вядзе некалькі шляхоў. Першы - гэта па Крымскім мосце, другі - наземныя калідоры з Растова на Марыюпаль, Мелітопаль, Джанкой. Трэці шлях - гэта авіяцыйны, ім можна самалётамі перакідаць ваенную амуніцыю. Чацвёрты - гэта караблі.

Усе чатыры шляхі павінны быць знішчаныя, тады можна будзе казаць аб аператыўнай аблозе крымскай расейскай групоўкі. У гэтым выпадку яе можна будзе лёгка знішчыць.

Пасля таго, як мы гэтыя ўсе чатыры шляхі перарэжам, застанецца, праўда, яшчэ тры шляхі выхаду расейцаў з Крыма - гэта кролем, брасам і па-сабачаму. Калі захочуць жыць, то там можна даплысці, у прынцыпе, з Керчы да Тамані. Тамака яны ўжо будуць зыходзіць са сваіх фізічных сіл.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».