Багдан Ярэменка: Сітуацыя для Лукашэнкі павернецца ў вельмі негатыўны бок
27- 12.04.2023, 23:20
- 36,588
На Захадзе пачынаюць разумець, што дыктатар - ваенная пагроза.
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны з аб'яднання "За дэмакратычную Беларусь" выступілі з ініцыятывай тэрмінова прызнаць тэрыторыю Беларусі часова акупаванай Расеяй.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Багдан Ярэменка расказаў сайту Charter97.org, у чым значнасць гэтай ініцыятывы:
- Гэта палітычная ацэнка падзей, спроба знайсці агульную мову з суседнім народам, даць палітычны сігнал, што на палітычным узроўні мы не маем прэтэнзій да беларускага народа. Мы разумеем, што ўдзел Беларусі ў вайне не з'яўляецца воляй беларускага народа, гэтае наступства ўнутранай і вонкавай акупацыі. Гэтая заява, вядома, аб вонкавай расейскай акупацыі, але Беларусь і ўнутрана акупаваная.
- Ці мэтазгодна ў гэтых варунках дагэтуль трымаць у Менску ўкраінскага амбасадара?
- Мая пазіцыя - не. Усякі сэнс дыпламатычных стасункаў паміж Украінай і Беларуссю за Лукашэнкам даўно скончыўся, пры сітуацыі з вайной яго няма. Але ў гэтым выпадку мая асабістая пазіцыя разыходзіцца з пазіцыяй дзяржавы.
- Ці стануць неяк у Кіеве інакш глядзець на Лукашэнку, калі на тэрыторыі Беларусі з'явіцца ядзерная зброя? Ці для Кіева гэта нічога не мяняе?
- Стаўленне да Лукашэнкі не толькі сфармаванае цалкам і канчаткова, яно не будзе пераглядацца і зафіксаванае ў палітычна-прававых дакументах, да прыкладу - заяве Вярхоўнай Рады аб непрызнанні легітымнасці выбараў. Ёсць і іншыя палітычныя ацэнкі ў выглядзе заяў і фармальных пісьмовых, і вусных, і прэзідэнта, і парламента, і іншых найвышэйшых службовых асоб. Таму наяўнасць дыпламатычных стасункаў не з'яўляецца ніякім чынам характарыстыкай стаўлення да Лукашэнкі. Гэта незвязаныя паміж сабой рэчы, ва ўсякім разе - ва ўкраінскім успрыманні.
Наяўнасць дыпламатычных стасункаў, з пункту гледжання Міністэрства замежных спраў, неабходна з нейкімі прагматычнымі мэтамі, у тым ліку - для стрымлівання Беларусі, як мяркуе МЗС Украіны, ад уступлення ў вайну наземнымі войскамі і для таго, каб там падтрымліваць інтарэсы грамадзян Украіны.
Я не ведаю, чарговасць Вашых пытанняў звязаная з тым, што Вы звязваеце гэтыя пытанні або гэта выпадковасць. Калі не выпадковасць, то я такім чынам адкажу. Калі выпадкова пытанні аб дыпламатычных стасунках і стаўленні да Лукашэнкі стаяць адно за адным, то гэта закрытае ў Кіеве пытанне. Прысутнасць расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі істотна ўскладніць стасункі паміж нашымі краінамі. Але стаўленне да Лукашэнкі немагчыма пагоршыць, палепшыць таксама немагчыма. Яно сфармаванае і застанецца такім, гэта непрызнанне ягонай легітымнасці, нічога іншага ўжо быць не можа.
- Як Вы наогул бачыце сітуацыю з расейскай ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі. Гэта блеф або Пуцін сапраўды можа яе ўжыць?
- Мы маем грунтавацца на тым, што гэта абавязкова адбудзецца, гэта настойлівыя і працяглыя ў часе просьбы Лукашэнкі. Мне падаецца, што да развязаннем гэтага пытання Лукашэнка дапасоўвае пытанне падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны, што для Расеі вельмі важна і трэба. Мы бачым падрыхтоўку на зямлі, гэта значыць навучанне экіпажаў, падрыхтоўку носьбітаў і наземнай інфраструктуры для захоўвання і выкарыстання ядзернай зброі. Мы бачым мілітарыстычны шантажысцкі характар замежнай палітыкі Расеі. Мы разумеем, з чым звязаная цікавасць Лукашэнкі да гэтага. Пакуль яшчэ ўсё сведчыць аб тым, што гэта мае адбыцца.
- Сёння Лукашэнка нясе пагрозу не толькі для Украіны, але і для краін Захаду. Ці ёсць у дэмакратычным свеце разуменне, што гэтую праблему трэба развязваць і якім чынам яе можна развязаць?
- Рэжым Лукашэнкі нясе сабой пагрозу для навакольных краін ужо даўно і без ядзернай зброі. Яна проста пераводзіць шмат якія вайскова-палітычныя пытанні ў зусім іншую плашчыню.
Мы бачылі, як Лукашэнка гуляе міграцыйнай картай. Гэта таксама пагроза для краін Еўропы, гэта парушэнне правоў чалавека, якое носіць масавы сістэматычны характар. Таму пагрозы ад рэжыму Лукашэнкі шматпланавыя, шырокія і даўно спраўджаныя.
Разумення, што рабіць з рэжымам Лукашэнкі, на Захадзе няма. Выпрацоўванне гэтых пазіцый адбываецца цяпер. І, мусіць, у хваравітым уяўленні Аляксандра Рыгоравіча наяўнасць ядзернай зброі істотна паляпшае ягоныя шанцы нейкім чынам павярнуць сітуацыю на сваю карысць. Улічваючы, што вайна абвастрыла цікавасць і паскорыла працэс асэнсавання ролі Беларусі, тэма ядзернай зброі паверне сітуацыю ў вельмі негатыўны для Лукашэнкі бок. Яго будуць успрымаць як рэальную ваенную пагрозу з усімі з гэтага наступствамі.