20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:16
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

«Хутка мы ўбачым шмат новага ў стаўленні Кіева да Лукашэнкі»

81
«Хутка мы ўбачым шмат новага ў стаўленні Кіева да Лукашэнкі»
МАКСІМ ПЛЕШКА

Палітолаг расказаў, як будуць развівацца стасункі Беларусі і Украіны.

Ці ёсць у афіцыйнага Кіева стратэгія ў дачыненні да Беларусі? Як украінцы ставяцца да беларусаў?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з украінскім палітолагам, экспертам Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам.

– Як вы сёння ахарактарызавалі б беларуска-ўкраінскія стасункі на розных узроўнях: як Беларусь і беларускі народ разглядае афіцыйны Кіеў, а як простыя ўкраінцы?

– Пытанне складанае і праблематычнае. Рэч у тым, што ўкраінцы, а асабліва паўночныя вобласці краіны (Кіеўская і Чарнігаўская) перажылі страшнае гора, вялізныя разбурэнні, атрымалі траўматычны досвед. Я сам з горада Ірпень і ведаю пра расейскія зверствы. Большасць украінцаў памятае, што гэтая бяда ішла праз тэрыторыю Беларусі.

Сацыялогія гаворыць, што 90% украінцаў негатыўна ставяцца да Лукашэнкі, а 80% негатыўна ставяцца да беларускай дзяржавы. Калі гаварыць пра стаўленне да беларускага народа і грамадства, то ёсць адчуванне, што ўнутры ў шырокага пласта насельніцтва сядзіць гэтая траўма, боль, крыўда. Я думаю, што ўвогуле мінімум палова ўкраінцаў негатыўна ставіцца да беларусаў.

На мой погляд, украінцы робяць пэўную памылку, перакладаючы ўяўленне пра саміх сябе на беларусаў. Яны кажуць, «чаму гэта мы зрынулі Януковіча, а калі на нас ішлі танкі, то беларусы сядзелі і маўчалі?». Украінцы не разумеюць агульнай спецыфікі беларускага рэжыму. Беларусаў нельга параўноўваць з украінцамі. У вас свой нацыянальны характар, у нас свой.

Многія ўкраінцы не разумеюць, што ў Беларусі жорсткі крывавы рэжым, а выйсці сёння на пратэст у Беларусі – гэта тое самае, што выйсці на акупаванай РФ тэрыторыі Украіны.

Эксперты, якія займаюцца беларускім пытаннем, гэта разумеюць, а шырокая маса – не. Вось гэтае неразуменне і выкарыстоўвае расейская прапаганда, паколькі гэты раскол і дыстанцыя паміж нашымі народамі выгадныя, найперш – Крамлю. Яны актыўна падліваюць алею ў агонь гэтай тэмы.

Мы, Цэнтр беларускай камунікацыі, тлумачым украінцам гэтую розніцу, сітуацыю ў Беларусі. На жаль, большая частка ўкраінцаў ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і расейцамі. Тады мы ім гаворым пра беларускіх байцоў, якія ваююць за Украіну. У тым жа Ірпені загінуў Зміцер «Тэрор» Апанасавіч. Факт у тым, што з усіх легіянераў, якія ваююць ва Украіне, абсалютную большасць складаюць менавіта беларусы. Ніякая іншая нацыя ў плане добраахвотнікаў так актыўна не дапамагае УСУ, як беларусы.

Калі ўкраінцы гэта чуюць, то ў іх узнікае нейкі дысананс. «А, ну так, гэтых мы паважаем і тых, хто выходзіць на пратэсты і падтрымлівае Украіну, а тых, хто маўчыць – не». Праблема ў тым, што той, хто разбіраецца ў гісторыі, культурных момантах, разумее, што мы з вамі надзвычай блізкія. Расейцы – яны далёкія ад нас культурна, ментальна, гістарычна.

Адна з трагедый вайны – гэты клін паміж нашымі народамі, падкрэслю, такімі блізкімі паміж сабой.

– Якімі вы бачыце ўзаемаадносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі пасля заканчэння вайны?

– Гэта будзе залежаць ад многіх чыннікаў. Перш за ўсё – як закончыцца вайна. Калі мы змадэлюем, што Украіна закончыць наступ і выйдзе на межы 1991-га года, тады Расея і Лукашэнка адпаўзуць, паспрабуюць замкнуцца ў сабе, стануць нечым падобным да Паўночнай Карэі. Але ў Расеі пачнуцца ўнутраныя праблемы. Падтрымка Лукашэнкі аслабне. А што будуць рабіць беларусы? Калі прадоўжаць маўчаць, то ў гэтым выпадку стаўленне ўкраінцаў не зменіцца. Дык калі ж яно зменіцца?

Сітуацыя будзе залежаць і ад тых беларусаў, якія адносяць сябе да дэмакратычнай апазіцыі. Тыя, якія выехалі, якія сёння ваююць ва Украіне. Калі яны будуць актыўныя, то ўкраінцы будуць гэта бачыць і разумець, што насамрэч існуе дзве Беларусі.

Мы таксама тлумачым украінцам, што сёння фактычна фармуецца альтэрнатыўная Беларусь. Са сваім нацыянальным сцягам, ідэалогіяй, палітычным класам, медыйным асяроддзем. Адзначу, што ваша незалежнае медыйнае асяроддзе даволі развітое. Ёсць узброеныя сілы, якія зараджаюцца, у выглядзе тых жа добраахвотнікаў палка Каліноўскага.

Вы фармуеце альтэрнатыўную Беларусь, яна павінна стаць суб'ектам. Калі ўкраінцы будуць гэта бачыць, яны будуць мяняць сваё стаўленне. Не трэба апраўдвацца. Трэба дзейнічаць. Беларусы паводле пашпарта павінны стаць беларусамі паводле духу.

Безумоўна, нацыянальнай цікавасцю Украіны з'яўляецца свабодная, дэмакратычная Беларусь. Наш Цэнтр беларускіх камунікацый прасоўвае ідэю Балтыйска-Чарнаморскага звязу. Гэта павінна пачацца з нечага накшталт Вялікага Княства Літоўскага 2.0. У гэтым Балтыйска-Чарнаморскім звязе без Беларусі не абысціся. Сёння над Украінай навісае «беларускі гаўбец» і палітычнаму класу Украіны прыходзіць усведамленне, што гэтую праблему трэба развязваць. Польшча і краіны Балтыі гэта не проста разумеюць. Яны дзейнічаюць.

Зразумела, што ў нас цяпер прыярытэт – перамога на полі бою. Але пасля вайны, я спадзяюся, Украіна ўсведамляе беларускі кірунак як прыярытэтны. Нездарма Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў Варшаве, сказаў, што свабода абавязкова прыйдзе ў Беларусь. Як вы памятаеце, крыху раней Джо Байдэн там жа ў Варшаве сказаў, што Беларусь прадаўжае змагацца за сваю дэмакратыю. Гэта сведчыць, што на ўзроўні ЗША і NATO ёсць усведамленне геапалітычнай важнасці Беларусі.

Калісьці дзякуючы ВКЛ землі сучаснай Украіны вызваліліся ад мангола-татараў. Хто ведае, можа, пасля нашай перамогі з'явіцца ВКЛ 2.0, але ўжо з боку Украіны будзе спрыянне ў вызваленні Беларусі ад акупацыі.

Перакананы, што працэс ідзе і беларусам трэба аб'ядноўвацца, умацоўваць нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта важна для вашай будучыні. Лукашэнка, дарэчы, са сваёй тупіковай ідэалогіяй гэтаму дапамагае. Ён проста вынес сябе за рамкі беларускага нацыянальнага кантэксту. Лукашэнка забараніў усё нацыянальнае – значыць, беларусам трэба наадварот станавіцца нацыяй.

– Ці ёсць сёння ва ўкраінскіх уладаў нейкая стратэгія ў дачыненні да Беларусі?

– Цікавае пытанне. Украіна і ўкраінская ўлада праходзіць этап актыўнага сталення. Думаю, што далёка не ўсе ва ўкраінскай уладзе разумеюць геапалітычны кантэкст Беларусі і ролю Украіны ў рэгіёне. Ёсць тыя, хто разумее. Сакратар РНБА Аляксей Данілаў выразна кажа, што трэба падзяляць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, дасылае такі сігнал украінцам.

Думаю, хутка мы ўбачым шмат новага ў дачыненні да Кіева да Лукашэнкі. Адна з першых ластавак – законапраект Зяленскага аб дэнансацыі дамовы з Беларуссю аб дзяржаўных таямніцах.

А тое, што мы з вамі гаварылі пра Балтыйска-Чарнаморскі звяз, – гэта класіка геапалітыкі. ЗША пра гэта ведаюць, і яны дзесяцігоддзямі расстаўляюць свае прыярытэты адпаведным чынам. Выглядае на тое, што пачалася каардынацыя і з украінскім кіраўніцтвам у гэтым пытанні. Я яшчэ раз падкрэслю, што заява Зяленскага ў Варшаве мела геапалітычны характар.

Ён сказаў, што «калі мы вольныя – гэта гарантыя, што свабода выстаіць у Малдове, не пакіне Грузію і прыйдзе, абавязкова прыйдзе ў Беларусь». Прэзідэнт даў вобразныя і дакладныя характарыстыкі.

Балтыя і Польшча даўно вызначыліся. Украіна са зброяй змагаецца за сваю свабоду і права быць часткай Еўропы. Малдова і Грузія абароняць свабоду. У Беларусі свабоды пакуль няма, але яна туды абавязкова прыйдзе. У гэтых словах уся геапалітыка сучаснасці і вектар будучыні.

Я цвёрда веру ў перамогу Украіны і будучыню Беларусі як нармальнай еўрапейскай краіны.

А калі зазірнуць далей, гадоў на 20 наперад, дык на даляглядзе можна ўбачыць не толькі моцны звяз свабоднай Беларусі і Украіны. Але і, магчыма, шырэйшую канфедэрацыю дзяржаваў ад Балтыкі да Чорнага мора на прыклад Рэчы Паспалітай.

Калі мы разам, мы моцныя і даем адпор ардзе з Усходу. Калі мы асобна – арда альбо растварае нас у сабе, альбо проста забівае. Гэта доўжыцца ўжо тысячу гадоў і так будзе далей. Закон геапалітыкі ў нашым рэгіёне не мяняецца.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».