20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:15
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Маёр УСУ: Пуцін хоча падзяліць адказнасць за паразу

21
Маёр УСУ: Пуцін хоча падзяліць адказнасць за паразу
Аляксей Гецьман

NATO можа зрабіць «нядобра» рэжыму ў Беларусі.

Брытанская выведка заявіла, што Расея перакідвае дадатковыя сілы на Бахмут. Іх здымаюць з лініі фронту ля Данецка. Ці адыграе гэта нейкую ролю на фронце?

На гэтае ды іншыя пытанні сайту Charter97.org адказаў маёр запасу Узброеных сіл Украіны, ветэран расейска-ўкраінскай вайны Аляксей Гецьман.

- Расейцы перакідваюць свае сілы на Бахмут акурат з-пад Аўдзееўкі. Спрабуюць ужо амаль год усё ж такі гэтае места захапіць, але ў іх не выходзіць.

Перакідваюць менавіта дэсантныя войскі, каб узмацніць прыватную вайсковую кампанію "Вагнер", якая зазнала ва Украіне вельмі вялікія страты. Яна ўжо не з’яўляецца сур'ёзнай баявой адзінкай. Калі іх было ўвосень разам з мабілізаванымі крымінальнікамі блізу 45 тысяч, то на гэты момант засталося менш за 6 тысяч. Натуральна, што іх наважылі ўзмацніць.

Калі казаць пра тое, ці здалеюць яны захапіць Бахмут, то з пункту гледжання ваеннай стратэгіі гэта не дасць ніякіх пераваг РФ. Калі яны сапраўды ўзмоцняцца жывой сілай, тэхнікай, артылерыяй, то мы адыдзем у Часаў Яр. Паміж Часавым Ярам і Канстанцінаўкай ёсць ужо нашы фартыфікацыйныя збудаванні. У прынцыпе, далей расейцы не рушаць наперад.

Пакуль можна трымаць абарону ў Бахмуце, дык будзем гэта рабіць. Падкрэслю, што загаду на адыход не было, але калі яны на пачатку гэтага года ўзмацнілі атакавальныя дзеянні на Бахмут, то наша вайскова-палітычнае кіраўніцтва казала, што калі што, то мы адтуль адыдзем. Увогуле, ніхто не будзе трымацца за назву месца.

Цяпер жа ідуць цяжкія баі, мы трымаем абарону. Места расейцам захапіць не выходзіць.

- Што да сітуацыі на поўначы Украіны. Ёсць меркаванне, што Пуцін сур'ёзна мерыцца ўцягнуць Беларусь у вайну, бо гэта занадта вялікая магчымасць для Расеі, каб ёю не скарыстацца. Вы згодныя з гэтым меркаваннем?

- Пуцін даўно хоча гэта зрабіць. Тым не менш думаю, што ў Лукашэнкі нейкі інстынкт самазахавання застаўся. Ён разумее, што калі Беларусь беспасярэдне будзе браць удзел у вайне сваімі Узброенымі сіламі, а не проста даваць сваю тэрыторыю для захоўвання пэўных баявых запасаў РФ, для трэнінгу расейскіх вайскоўцаў і нават як месца для ўзлёту МіГ-31 - носьбітаў «Кінжалаў», то гэта будзе зусім іншая гісторыя.

Пуцін марыць уцягнуць Беларусь у вайну, бо тады гэтая вайна стала б ужо не расейска-ўкраінскай, а, можна сказаць, сусветнай. Расейцы бачаць, што яны саступаюць на ўкраінскім фронце, і ім трэба падзяліць з кімсьці адказнасць за паразу.

Наіўна меркаваць, што беларускае войска зможа даць нейкі сур'ёзны бой украінскаму, пагатоў на поўначы мы маем дастаткова сур'ёзную групоўку. Падкрэслю, падзяліць адказнасць за паразу - асноўная мэта Пуціна.

Калі войскі Лукашэнкі паўнавартасна ўступяць у вайну, то ён трапіць, мусібыць, пад такі ж крымінальны пераслед з боку Міжнароднага суда ў Гаазе.

Калі ж Пуцін справакуе Лукашэнку атакаваць нейкую з суседніх краін NATO (Польшчу, Літву, Латвію), то можа быць так, як ён і казаў пра «ўдар па Беларусі з чатырох пазіцый».

Думаю, што краіны NATO будуць знішчаць ворага, як яны заўсёды гэта робяць. Тады рэжыму Лукашэнкі будзе зусім нядобра. Ён можа падставіць пад абух не толькі сваё войска, а і простых беларусаў. На вайне інакш, на жаль, не бывае.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».