20 кастрычнiка 2023, Пятніца, 5:15
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Кітайскі тыгр падкраўся незаўважна

6
Зміцер Бандарэнка: Кітайскі тыгр падкраўся незаўважна

Расея паўтарае лёс СССР.

Ці баіцца Лукашэнка наступу УСУ? Ці ёсць у Расеі запас трываласці? Як скончыцца вайна ва Украіне? На гэтыя і іншыя пытанні сайта Charter97.org адказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бандарэнка.

- УСУ рыхтуюцца да контрнаступу. Наколькі, на вашую думку, высокая імавернасць паспяховага ўдару ўкраінскіх войскаў?

- Наступ з вялікай дзеллю імавернасці будзе на поўдні - гэта Херсонская вобласць, Запарожская і поўдзень Данецкай. Гэта відавочна. Атакаваць у лоб на ўсходзе Украіна не будзе. Магчыма, паспрабуе арганізаваць дапаможны ўдар на Луганшчыне.

Сітуацыя складаная, бо расейцы таксама разумеюць, дзе будзе наступ. Шанцы на поспех вялікія, але залежаць ад таго, што паставіў Украіне Захад.

Мы ведаем, што не ўсё, на шчасце, апошнім часам агучваецца пра пастаўкі. Калі ў Украіны ёсць у дастатковай колькасці ракеты далёкага дзеяння (свае ці да HIMАRS), то шанцы на поспех вялікія. Калі далёкіх ракет і артылерыі будзе недастаткова, то вайна працягнецца.

- Украіна ставіць сваёй мэтай вярнуцца на межы 1991 года. Ці скончыцца вайна, калі гэта адбудзецца?

- Я перажыў распад СССР, які пацярпеў паразу ў вайне супраць сваіх галоўных супраціўнікаў без адзінага стрэлу. Афганістан не лічым. Думаю, што галоўную паразу Расея ўжо зазнае ў эканамічным супрацьстаянні з Захадам, гэта будзе з'яўляцца ключавым чыннікам.

Велізарны СССР са шматмільённым войскам, дзясяткамі тысяч танкаў, браняваных машын, ядзерных баявых набояў - раскідаўся. Захад малілі на каленях аплаціць вывад войскаў з Еўропы, каб не размяшчаць іх у чыстым полі, каб афіцэрам пабудавалі жыллё, а насельніцтва выратавалі ад голаду. Прыклад - пастаўкі «ножак Буша» з ЗША. Думаю, што Расея паўторыць лёс СССР.

- Ці баіцца Лукашэнка наступлення УСУ?

- Лукашэнка, безумоўна, баіцца наступу УСУ. Абсалютна зразумела, што Расея прымусіць яго даць тэрыторыю Беларусі для нанясення ўдараў па Украіне, у выпадку ўкраінскага наступу. У кірунку Кіева і, магчыма, па Заходняй Украіне, будуць нанесены паветрана-ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі. Будуць правакацыі на мяжы, каб Украіна не магла перакінуць усе войскі на поўдзень і вымушаная была бараніцца на поўначы.

Лукашэнка выдатна разумее, пра гэта яго папярэдзіла кіраўніцтва Украіны, што ў гэтым выпадку будуць нанесеныя ўдары ў адказ з боку УСУ. Ён катастрафічна гэтага баіцца. Удары будуць не толькі па расейскіх аб'ектах, але могуць быць нанесеныя і па рэзідэнцыях Лукашэнкі, па цэнтрах кіравання сілавымі структурамі рэжыму. Адсюль і гэтая гульня з пастаўкамі ядзернай зброі, каб Украіна не наносіла такія ўдары, але яны будуць непазбежныя.

- Усё часцей абмяркоўваецца чыннік Кітая ў вайне ва Украіне. Ці наважыўся Пекін на наўпроставую падтрымку РФ ці яму выгадна застацца назіральнікам?

— Ёсць праграма на адным з каналаў Discovery, дзе людзі расказваюць пра свае драматычныя перажыванні. Яна называецца "Калі жывёлы нападаюць", там паказваю гісторыі, як людзі перажылі напады акулы, мядзведзя, пумы і гэтак далей.

Калі праводзіць аналогіі з гэтай праграмай, то вось расейскі паляўнічы падрыхтаваўся да палявання, прылёг, набіў стрэльбу, высочвае аленя, а ззаду падышоў кітайскі тыгр і гуляючы ўхапіў яго зубамі за нагу.

Расейскі паляўнічы ад болю працягвае страляць з дубальтоўкі, б'е рукамі, раскідаў мурашнік перад ім, але ягоны лёс ужо цалкам залежыць ад кітайскага вялікага тыгра.

Мы ведаем, што і ў дэмаграфічным, і ў эканамічным плане Расея ўжо саступае КНР у 10 разоў. Вось Кітай і будзе паволі адгрызаць канцавіны расейскага "цуд-паляўнічага".

- Ці ёсць у Расеі запас трываласці, каб весці працяглую вайну?

- Існуюць фантомныя асцярогі Захаду ў дачыненні да Расеі. Гэта памяць пра магутны СССР, але напраўду Пуцін – гора-мэнэджар. Акрамя сітуацыі з Кітаем ён працягвае раскідаць Расею. Асноўная мабілізацыя ў адсоткавай прапорцыі праходзіць на Далёкім Усходзе і Сібіры за кошт карэннага насельніцтва, сібіракоў, якія даўно жывуць там, але мы ведаем, што там алкагалізацыя мужчынскага насельніцтва проста катастрафічная. Гэта проста запрашэнне кітайскіх мужчын масава перасяляцца на гэтыя тэрыторыі.

Другім такім "цудоўным поспехам" Пуціна з'яўляецца ператварэнне Балтыйскага мора ва ўнутранае возера NATO. Вядома, што тая ж Фінляндыя, за выключэннем пяці гадоў з 1940 lа 1945 года, была сяброўскай да Расеі, да СССР.

Пуцін мог бы ў кожны момант атакаваць Фінляндыю, не зразумела было, ці падтрымала б яе NATO ў гэтым выпадку. Зараз жа Фінляндыя - чалец NATO, Расея ўжо нічога не можа зрабіць. Набліжэнне Альянсу да межаў Расеі адбылося імгненна менавіта пасля дзеянняў Пуціна.

Ён таксама стаў ужо малодшым братам Турцыі. Вядома, што Анкара сёння дыктуе свае ўмовы Расеі на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі.

Расея ўжо стала малодшым братам (дакладней - малодшай сястрой) Савудаўскай Арабіі. Савудаўцы ж у кожны момант могуць абрынуць кошты, нарасціць здабычу нафты, у іх сабекошт ніжэйшы, тады расейская эканоміка проста абрынецца.

Тут адзіны такі самаабмежавальнік Захаду - гэта старое пытанне, “а што будзе з ядзернай зброяй Расеі, якая распадаецца”. Вось Захад не гатовы да такога сцэнару, але выклік узнік, на яго трэба адказваць.

У Расеі запасу трываласці няма, таму што страчаны энэргетычны рынак не толькі багатай Заходняй Еўропы, але і Усходняй і Цэнтральнай, які існаваў яшчэ даўжэй. Быў так званы РЭУ(Рада эканамічнай узаемадапамогі “сацыялістычных краін” - заўв.) у свой час. Вось дзядзька Вова паспяхова перакрэсліў працу многіх пакаленняў сваіх крамлёўскіх папярэднікаў.

- У Расеі мы ўжо назіраем працэс канфлікту паміж рознымі групамі ва ўладзе. Ці адбываюцца такія закісанні сярод беларускіх службоўцаў?

- Калі большасць расейскіх чыноўнікаў з'яўляюцца імперыялістамі, расейскімі шавіністамі, то беларускія чыноўнікі патрыётамі Беларусі ні ў якім разе не з'яўляюцца. Яны будуць чакаць, чым усё скончыцца. Спрабаваць нейкім чынам захаваць накрадзенае.

Але ў апошні момант сілавікі, якія ўмеюць думаць, непазбежна ліквідуюць Лукашэнку і найбольш ашалелых апрычнікаў з ГУБАЗіку і АМАПа.

- Да вайны многія наракалі, што заходнія палітыкі здрабнелі і няма новых “Рэйганаў” і “тэтчэр”. Ці з'явіўся такі "рэйган", гатовы змагацца з новай імперыяй зла да моманту яе паразы?

- З'явіўся “калектыўны Рэйган” - гэта NATOўскія генералы, кіраўнікі Альянсу. Той жа Енс Столтэнбэрг, чые паўнамоцтвы заканчваюцца. Ён не быў вайсковым чалавекам, але ў перыяд вайны праявіў сябе найлепшым чынам.

Вайскоўцы маюць больш інфармацыі, чым цывільныя асобы. Яны менш залежаць ад палітычных перыпетый, выбараў і ўсяго астатняга. Яны разумеюць, што пакінуць гэты канфлікт у Еўропе - гэта значыць падштурхоўваць да агрэсіўных дзеянняў не толькі Пуціна, але і Кітай, а таксама цэлую зграю розных дыктатараў ва ўсім свеце: Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыкі.

Таму справа павінна быць лагічна закончаная, але паколькі Расея ўжо вельмі вялікая, то вайскоўцы тлумачаць цывільным кіраўнікам краін цывілізаванага свету, што пастановы павінны прымацца імі, бо такую праблему пад каберац схаваць ніяк нельга.

Радыкальныя змены ў глабальнай палітыцы проста непазбежныя, а задача беларусаў - здабыць сваё месца ў гэтым новым свеце.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».