Уладзімір Фясенка пра злівы размоваў крамлёўскіх алігархаў: ФСБ незадаволеная Пуціным
3- 26.04.2023, 20:40
- 20,948
Можа пачацца ланцуговая рэакцыя.
За апошні час у Сетку трапляе другая размова прадстаўнікоў расейскай эліты, дзе яны непахвальна адклікаюцца аб расейскай уладзе. Пра што гавораць такія сігналы? Хто стаіць за злівамі?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам.
- Яны кажуць пра настроі ў расейскіх бізнэс-элітах, у тым ліку – блізкіх да Крамля. Гэта і размовы Фархада Ахмедава і Іосіфа Прыгожына. Яны ж не апазіцыянеры, а людзі, якія займалі заўважнае месца ў расейскіх элітах. Ахмедаў не проста мільярдэр, а быў сенатарам, членам Савета Федэрацыі, займаў дзяржаўную пасаду. Іосіф Прыгожын таксама чалавек у Расеі вядомы, абсалютна прапуцінскі.
Гэтыя людзі — блізкія менавіта да пуцінскіх ключавых фігур і зарабляюць на гэтым. Тое, што яны кажуць - распаўсюджаны настрой. Ніхто не дзівіцца гэтым выказванням.
Усе ведаюць, што нават пуцінскія людзі, блізкія да іх бізнэсоўцы, лаюцца наконт цяперашняй эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў РФ. Яна выглядае тупіковай і стварыла шмат праблем: санкцыі, страта бізнэсу, адсутнасць перспектывы. Разуменне, што зарабілі, але заўтра ўсё можам страціць. Таму, груба кажучы, трэба «цікаць» з Расеі. Як яны кажуць, «у Інданезіі трэба зарабляць, а не ў Расеі».
Так што гэта вельмі заканамерная сітуацыя. Гэтыя размовы - пацвярджэнне і адлюстраванне рэальных настрояў у Расеі і яе бізнэс-элітах. Хутчэй за ўсё, у элітах увогуле. Проста не ўсе могуць сабе дазволіць казаць пра гэта больш-менш шчыра.
- Да чаго прыводзяць такія «злівы»?
- Абвяшчэнне такой інфармацыі - гэта, ведаеце, як ланцуговая рэакцыя, якая будзе ствараць падставу для ўзмацнення эфекту, што «ага, не я адзін так думаю».
Сапраўды, нават блізкія да вярхоў людзі пацвярджаюць, што сітуацыя благая і можа яшчэ пагоршыцца. Гэта значыць, падкрэслю, будзе выяўляцца эфект ланцуговай рэакцыі.
У сувязі з гэтым я ўспамінаю вядомую фразу легендарнага літаратурнага персанажа: «Разруха пачынаецца ў галовах». Вось у галовах расейскіх бізнэс-эліт, пуцінскіх элітаў разруха ўжо пачынаецца. Яны яе бачаць і дыягнастуюць. Значыць, сітуацыя развіваецца менавіта ў гэтым накірунку.
Тут трэба ўлічваць яшчэ адзін цікавы момант. Мы ж не ведаем, хто злівае. Ёсць версія, што гэта канкурэнты. Іншая папулярная версія - гэта робіць ФСБ, каб паказаць, што ўсіх праслухоўваюць. Але калі злівае ФСБ, то гэта таксама паказчык. Бо яны фактычна самі ўносяць лепту вось у гэтыя настроі і іх развіццё.
Думаю, што ў ФСБ таксама незадаволеныя і, зліваючы такія размовы, яны нібыта дапамагаюць узмацненню гэтых настрояў. Вось такі парадаксальны эфект.
- Як думаеце, ці вядуцца такія размовы ў вышэйшых эшалонах расейскай улады?
- Ведаеце, каб сказаць аб наяўнасці такіх размоў, трэба быць унутры гэтых эліт. Тым больш, што такія размовы могуць весці толькі з даверанымі асобамі. Весці іх з выпадковымі людзьмі занадта рызыкоўна ў пуцінскім рэжыме.
Пакуль мы не бачым відавочных пакаранняў за такія нелаяльныя размовы, але хто ведае, што будзе далей. Мы ж бачым, як у Расеі ідзе хваля даносчыкаў і яна ўзмацняецца.
Пабачым, што будзе далей. Магчыма, хваля рэпрэсій закране ў Расеі ўжо не толькі ліберальных апазіцыянераў, але і прадстаўнікоў элітаў. Яны, вядома, асцярожнічаюць і думаю, што калі і дазваляюць сабе весці больш-менш шчырыя размовы, то толькі з тымі, каму абсалютна давяраюць, але і тое асцярожна.
Як жартуюць некаторыя расейскія экспэрты, калі такая размова адбудзецца, то з'явяцца адразу тры даносы. Удзельнікі размовы напішуць адзін на аднаго, а трэці данос будзе ад куратара гэтых таварышаў. У Расеі яшчэ актуальны савецкі тэрмін «куратар».
Практыка захавалася і куратарства датычыцца ўжо не толькі дзеячаў культуры, як у савецкія часы, а і бізнэсоўцаў. Наколькі я чуў, кантралююцца не толькі размовы, але і канкрэтныя дзеянні. Напрыклад, ці не прадаюць свае актывы ў Крыме. Пасля 2014-га года многія ж прыкупілі там зямельку, асабняк ці хаця б кватэрку, а некаторыя пачалі ў апошні час прадаваць. Ага, раз прадаюць, то значыць, ужо не лаяльныя.
Або вось гэтая нядаўняя відавочная піяр-акцыя з Дзмітрыем Пясковым. Я маю на ўвазе інфармацыю пра тое, што ягоны сын нібыта служыў у ПВК «Вагнера».
Гэта ж спецыяльна было зробленае для таго, каб заглушыць незадаволенасць, глухое нараканне ў самой Расеі, а асабліва ў «партыі прыхільнікаў вайны», што «маўляў, як жа так, патрыёты ваююць, а дзе ж дзеці эліты?». Вось Пяскоў і паказаў. Думаю, што гэта яшчэ і такі жэст лаяльнасці. Ён змушаны быў нешта такое зрабіць. Пуцін усіх мажа крывёй, а ўсякая праява нелаяльнасці стварае напругу вакол прадстаўнікоў эліты і, як мінімум, можа пазбавіць будучых кар'ерных магчымасцяў, а, як максімум - стварыць рызыкі для бяспекі.