Украінскі дыпламат: Цяпер ядзерны кулак РФ скаваны
7- 4.04.2023, 15:47
- 32,518
Як Фінляндыя ў NATO мяняе сітуацыю ў рэгіёне.
Сёння Фінляндыя афіцыйна ўступіла ў NATO. Цяпер у склад Альянсу ўваходзіць 31 краіна. Як гэта мяняе расклад сіл у рэгіёне? Пра гэта сайт Chаrter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам, палітолагам, экспэртам фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандрам Харам.
- Уступленне Фінляндыі ў NATO з'яўляецца стратэгічнай паразай Расеі, якую яны ўсведамляюць, але з іншага боку – не могуць нічога зрабіць.
Тут ёсць некалькі важных момантаў. Пачнём з трохі філасофскага пытання: прычынай уступлення Фінляндыі ў NATO, адмова ад працяглай палітыкі нейтральнасці і "фінляндызацыі", калі СССР, а затым Расея мела ўплыў на ўнутраную палітыку краіны, стала не агрэсія РФ супраць Украіны і магчымая агрэсія супраць Фінляндыі, а патрабаванне Крамля , каб быў спынены працэс пашырэння NATO. У стратэгіі фінаў магчымасць хутка стаць чальцамі NATO была надзвычай важная.
Другі момант - уступленне Фінляндыі ў NATO дае Альянсу больш магчымасцяў у абароне балтыйскіх дзяржаў. Фактычна Балтыйскае мора становіцца унутраным морам NATO. Там ёсць невялікі анклаў у Калінінградзе, які пагражае Еўропе ядзернай зброяй, а таксама ёсць Пецярбург. Аднак лагістыка ў выпадку вайны і дапамога, якую краіны NATO могуць надаць праз тэрыторыю Швэцыі і Фінляндыі, а таксама вайсковы патэнцыял Хельсінкі, проста вялізны. Балтыйцы, мусіць, пасля фінаў былі самымі радаснымі, калі дазналіся аб уступленні Фінляндыі ў NATO.
Наступны момант - Фінляндыя не толькі мае 1 340 кіламетраў мяжы з РФ, але і мяжуе з Кольскай паўвыспай, дзе сканцэнтраваны расейскі ядзерны кулак. Цяпер у NATO ёсць вялікія магчымасці маніторыць сітуацыю, а таксама ў выпадку канфлікту нанесці ўдар, які нейтралізуе пагрозу і Еўропе, і яшчэ больш - ЗША, бо там знаходзяцца падводныя лодкі з міжкантынентальнымі ядзернымі боегалоўкамі.
Таму ўступленне Фінляндыі ў NATO - адназначны пройгрыш Пуціна. Вядома, я спадзяюся, што цвік у труну РФ будзе забіты Украінай, калі яна стане сябрам Альянсу, а Чорнае мора - унутраным вадаёмам NATO. Тады ў Расеі не будзе магчымасці пагражаць і пашырацца на Захадзе і на Поўдні. І тады расейцам, як казаў прафесар Прэабражэнскі, прыйдзецца займацца "сваімі задачамі і расчысткай адрыны". Менавіта тады ў расейцаў з'явяцца нейкія перспектывы паляпшэння сваёй краіны, каб яна не забівала чужых, а давала магчымасць сваім грамадзянам жыць як нармальным людзям.
- Чым можа адказаць РФ на пастанову Хельсінкі ўступіць у Альянс?
- Адказаць на ўступленне Фінляндыі і Швэцыі ў NATO Расеі няма чым. Цяпер яна ваюе з Украінай, страціла найбольш баяздольную тэхніку і людзей. Расейская прапаганда ўвесь час распавядае, што яны «выступаюць супраць пашырэння NATO». Але мы бачым, што гэта не так. Расея не напала на Фінляндыю. Другі момант, многія ўзбраенні і сістэмы СПА, якія знаходзяцца на фінляндскай мяжы, расейцы перацягнулі ва Украіну. Калі б працавала "тэорыя агрэсіўнага NATO", то РФ павінна была ўзмацніцца на гэтых кірунках. Тым больш, што ўзброеныя сілы Фінляндыі, нягледзячы на тое, што яны складаюць 23 тысячы чалавек, у выпадку вайны могуць павялічыцца да 216 тысяч, у іх ёсць сто танкаў Leopard-2, яшчэ ў рэзерве сотня Leopard-1, неўзабаве Хельсінкі атрымаюць шэсцьдзясят F-35, найбольш сучасных баявых самалётаў, не кажучы ўжо пра крыху менш за трыста РСЗА. Фінляндыя - краіна, аб якую Расея магла б паламаць зубы, нават калі б яна не была ў NATO. А зараз іх баявы патэнцыял толькі павялічыцца.
Таму гэта цудоўная навіна для ўсяго свабоднага свету. І, нягледзячы на тое, што расейцы гэтага не ўсведамляюць, зроблены крок у бок таго, каб яны паспрабавалі зрабіць сваю краіну нармальнай.
- Перад вайной Пуцін патрабаваў, каб NATO вярнулася на межы 1997 года, адным з тлумачэнняў пачатку вайны ва Украіне было тое, што «з Харкава ракеты Альянсу за дзесяць хвілін даляцяць з Масквы. У выніку дзеянняў Крамля NATO толькі пашырылася, а "падлёт" ракет з Фінляндыі да Санкт-Пецярбурга складзе лічаныя секунды. Як расейскія прапагандысты будуць тлумачыць гэту няўдачу сваім грамадзянам?
- Ёсць выраз, "што божая раса". Думаю, яны нешта прыдумаюць. Але першае і самае важнае - NATO ніколі не пагражала Расеі. Гэты Альянс быў створаны для таго, каб дапамагчы еўрапейскім дзяржавам пасля Другой сусветнай вайны супрацьстаяць экспансіянісцкім планам Крамля. Ніколі мэта не мянялася: супрацьстаянне было, гатоўнасць націснуць на ядзерную кнопку была і ў NATO, і ў СССР. Агрэсіўная сутнасць, пра якую нам расказвалі ў савецкіх школах, інстытутах, натуральна, абсалютная прапаганда. Мы бачым, што час гэты паказаў.
Што тычыцца "падлётнага часу", мы бачым заяву фюрара "рускага свету" аб тым, што ён размесціць на тэрыторыі малодшага фюрара ядзерную зброю. Гэтая пастанова матывавалася двума момантамі. Першы - выдача Украіне Брытаніяй набояў з расшчэпленым уранам. Слова “уран” у гэтым словазлучэнні ёсць, яно абазначае ядзерны матэрыял, але гэта не з'яўляецца ядзернай зброяй, ні тактычнай, ніякай. Натуральна, што гэта была "лекцыя для калгаснікаў", вось для "калгаснікаў" гэта і было апраўданне.
Другі момант, ЗША нават пасля размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі не плануюць размяшчэння ў Еўропе новай зброі - ядзернай, няядзернай. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Зброі, якая знаходзіцца ў Еўропе, дастаткова для стрымлівання РФ, а ў выпадку вайны - каб перамагчы яе або знішчыць, калі гэта будзе максімальны ўзровень канфрантацыі.
Таму пастанова РФ не працуе, гэта чыстай вады прапаганда і, магчыма, у розумах Пуціна, Нарышкіна і Патрушава ёсць рэптылоіды, якія падказваюць, што "Амерыка збіраецца ўсё гэта рабіць", аднак з пункту гледжання дакументаў, прынятых у NATO і ЗША, няма ніякіх змен.
Калі Пуцін казаў аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, то ён згадаў, што “амерыканцы робяць тое ж самае, бо на тэрыторыі пяці еўрапейскіх дзяржаў ёсць ядзерная зброя ЗША, якая ў выпадку канфлікту з РФ будзе супраць яе выкарыстаная.
Гэта таксама прыцягнутая за вушы рэч, бо ядзерная зброя ЗША ў Еўропе яшчэ была ў часы Хрушчова. Не змянілася колькасць краін, на тэрыторыі якіх была размешчаная ядзерная зброя. Тут важны момант: немцы не маюць права выкарыстоўваць гэтую ядзерную зброю, пакуль не будзе задзейнічаны 5-ы артыкул дамова NATO аб калектыўнай бяспецы. Тады ўжо нямецкія пілоты на бамбавіках будуць выконваць адпаведныя задачы.
Таму мы разумеем, што з боку РФ ідзе шантаж і тут ёсць палітычны складнік - павелічэнне кантролю над Беларуссю і Лукашэнкам. Я б сказаў, што размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі - гэта ідыятызм Лукашэнкі. Мне не падабаецца тэрмін "вораг народа", але ў гэтым выпадку ён сапраўдны вораг народа. Бо ён фактычна адмовіўся ад бяз'ядзернага статусу, памятаючы і пра Хірасіму і Нагасакі, і пра Чарнобыль — наш супольны з Беларуссю боль. Ён робіць усё, каб Беларусь была мішэнню ў выпадку канфлікту.
Хачу нагадаць, што падчас “халоднай вайны”, улічваючы тое, што ва Украіне быў размешчаны другі або трэці ядзерны патэнцыял, у амерыканскіх планах на выпадак вайны з СССР першы ўдар павінен быў быць нанесены па Кіеве і Менску, каб застрашыць Маскву і скончыць ядзерную вайну. Можаце сабе ўявіць, што малодшы фюрар робіць увесь беларускі народ мішэнню, калі фюрар “рускага свету” надумае ісці на канфлікт. А ён увесь час гэта робіць. Літаральна ўчора была навіна, што ствараюцца спецыяльныя падраздзяленні падводных лодак, якія будуць носьбітамі "Пасейдонаў".
Пуцін увесь час пагражае еўрапейцам і амерыканцам ядзернай зброяй. Натуральна, нездарма “кітайскі сябар” Пуціна заяўляў, што недапушчальна прымяняць ядзерную зброю. Пра гэта казалі індусы, прэзідэнт Байдэн і еўрапейскія лідары.
Таму ў “армагедонным сцэнары”, калі Пуцін разумее, што не можа ўтрымацца ва ўладзе ці надумае кагосьці папалохаць, надумае выкарыстаць ядзерную зброю супраць Украіны ці балтыйскіх дзяржаў, гэта запускае лесвіцу эскалацыі і першымі пацерпяць не расейцы, а беларусы. Таму што ёсць мысленне “халоднай вайны” - калі ўсё ідзе па сходах эскалацыі, то каб не даводзіць да знішчэння ўсяго свету трэба зрабіць балючы ўдар, пасланне, спыніць вар'ята, які выкарыстаў ядзерную зброю.
Таму мы пачалі з пазітыву, што ўступленне Фінляндыі - гэта крок да таго, каб Расея стала нармальнай краінай, аднак зараз мы бачым пагрозу беларускаму народу. Вы цудоўна ведаеце, што не перадача Украіне набояў стала прычынай размяшчэння зброі. Бо незаконны рэферэндум, калі з Канстытуцыі Беларусі забралі згадку аб бяз'ядзерным статусе, адбыўся яшчэ ў лютым мінулага года. Як бы Пуцін не спрабаваў гэта падаць, такую прапаганду могуць успрымаць толькі людзі, у якіх памяць як у залатой рыбкі. Не абавязкова разбірацца ў замежнай палітыцы, каб разумець, што такія рэчы, як змена Канстытуцыі, ухваленне такога важнага пункта, адбываюцца не проста так. Таму пастанова аб размяшчэнні ядзернай зброі была прынятая задоўга да рэферэндуму.
Напраўду, горш толькі Лукашэнку. Бо гэта яшчэ большы ўплыў на Лукашэнку расейскіх вайскоўцаў і спэцслужбаў. Гэта вялізнае глупства, якое ён зрабіў не толькі для сваёй улады (нас гэта менш за ўсё цікавіць), але і для беларусаў. Інакш як здраду беларускаму народу гэта не назавеш.
- Пасля пачатку вайны пачаліся дыскусіі аб тым, што могуць быць і іншыя рэгіянальныя вайсковыя звязу. Да прыкладу - Вялікабрытанія, Польшча і Украіна. Будучыня Беларусі і Украіны – у NATO ці могуць быць іншыя канфігурацыі?
- Я з'яўляюся прыхільнікам формулы мірнай, свабоднай і непадзеленай Еўропы. Яна мае на мэце тое, што і Беларусь, і Украіна, і Малдова, і Грузія стануць чальцамі NATO. Ізноў жа, страх Пуціна не ў тым, што ёсць "агрэсіўнае NATO", якое "разбамбіць РФ і забярэ нафту і газ", якія за капейкі ім прадавалі, а затым грошы захоўвалі на Захадзе. Самы вялікі страх Расеі - немагчымасць захопу іншых тэрыторый, пашырэння ўплыву. Таму для такіх народаў, якія знаходзяцца паміж магутнымі еўрапейскімі дзяржавамі, здольнымі абараніць сябе непасрэдна або ў Альянсе, а таксама паміж РФ, якая з'яўляецца спадчынніцай імперыі СССР, не ўяўляе сябе інакш як без пашырэння тэрыторый, NATO з'яўляецца адзіным магчымым выбарам.
Акрамя таго, ёсць адмаўленне беларускага і ўкраінскага народаў, бо мы для расейцаў не існуем. Адназначна, каб беларусам, украінцам, малдаванам і грузінам выжыць, мы павінны быць абароненыя ад генацыдальных намераў РФ. Тое, што яны ёсць, думаю, за час вайны стала відавочным. Пуцін пра гэта казаў адкрыта і неаднаразова. Руская праваслаўная царква як падраздзяленне ФСБ пастаянна пра гэта кажа, што "няма такой дзяржавы Украіна", што "ёсць джыхад", што "тыя, хто ідуць на вайну і забіваюць украінцаў - трапяць у праваслаўны маскоўскі рай".
Натуральна, усё ідэалагічна робіцца, каб знішчыць і Украіну, і Беларусь. Няма нейкай іншай канфігурацыі, каб абараніць сябе, акрамя як быць часткай NATO. З брытанцамі, балтыйцамі, яшчэ нейкімі дзяржавамі, ВКЛ адраджаць у плане супрацоўніцтва - трэба. Брытанія адназначна паказала, што для іх Чорнае мора з'яўляецца прыярытэтам. Але гэта не можа быць замест NATO і быць гарантыяй ненападзення. Хоць Брытанія з'яўляецца ядзернай дзяржавай, але ядзерны патэнцыял не параўнальны з Расеяй, якая з'яўляецца самай буйной ядзернай дзяржавай паводле колькасці тактычнай зброі, паводле колькасці стратэгічнай - парытэт з ЗША.
Таму ў нас няма іншых варыянтаў, як з вайсковага, палітычнага і эканамічнага пункту гледжання быць часткай Захаду. Але пакуль мы не з'яўляемся такімі, зразумела, супрацоўніцтва з Брытаніяй, краінамі Балтыі, Польшчай, Румыніяй, павінны развівацца. Тут, дарэчы, тая ж самая Фінляндыя прыходзіць на думку, бо рыхтуючыся да канфлікту, не будучы чальцамі NATO, яны шукалі вось такое партнёрства, каб сябе абараніць.
Натуральна, я спадзяюся, што беларускі народ будзе вызвалены ад незаконнага недафюрэра і прыме правільную пастанову, што хоча жыць свабодна і ў краіне, дзе ёсць вяршэнства права, а не права сілы, прапаганда і вяршэнства ФСБ і КДБ.