Фрыдман: Такаеў спецыяльна падкусіў Лукашэнку
3- 29.05.2023, 16:45
- 11,894

Казахстан паказаў Расеі сваю самастойнасць.
На Еўразійскім эканамічным форуме, які праходзіў 24 траўня ў Маскве, прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў назваў праблемай і «феноменам сусветнай палітыкі», створаную паводле формулы «дзве краіны - адна дзяржава» так званую саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі.
Ён таксама дадаў, што нават ядзерную зброю Беларусь і Расея падзяляюць на дваіх.
Беларускія дзяржаўныя СМІ паказалі толькі ўрыўкі прамовы Такаева, вырваныя з кантэксту, а сам беларускі дыктатар на заявы лідара Казахстана прапанаваў тым, хто хоча мець ядзерную зброю, уступіць у саюз Беларусі і Расеі.
На гэтым сварка не скончылася. На прапанову Лукашэнкі Такаеў адказаў, што «ацаніў» ягоны жарт, але неабходнасці ўступаць у такі саюз не бачыць.
Што значыла размова Такаева аб саюзе Беларусі і Расеі? «Салідарнасць» спытала пра гэта ў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
- Гэта тая сітуацыя, у якой абодва бакі выйграюць, дасягаючы сваіх мэтаў, – кажа эксперт у экспрэс-каментары. - Калі мы возьмем Такаева, то ён у прысутнасці Пуціна і астатніх паказаў, што ў Казахстана зусім іншая пазіцыя: што ён для сябе абраў пэўны ўзровень інтэграцыі і за межы гэтага ўзроўню заходзіць не збіраецца.
Эксперт мяркуе, што Касым-Жамарт Такаеў выкарыстаў беларускі прыклад хутчэй як антыпрыклад для Казахстана, звяртаючыся найперш да замежнай аўдыторыі — Кітая і Захаду, каб паказаць, што на гэты ўзровень супрацоўніцтва з Расеяй ён не пойдзе. У Казахстана ёсць свае эканамічныя інтарэсы, і ў межах іх краіна працуе, не збіраючыся браць прыклад з Лукашэнкі.
- Лукашэнка ж наадварот падняў тэму ядзернай зброі, бо для яго гэтая тэма асабліва выгадная - яна дазваляе яму трапляць у цэнтр увагі заходняй прэсы, спрабаваць заяўляць аб сабе не як аб марыянетцы Расеі, а як аб самастойным гульцы, бо ўсе згадкі ядзернай зброі выклікаюць падвышаную ўвагу.
Таму ён і сказаў: «Далучайцеся да саюза - атрымаеце ядзерную зброю».
Такаеў пры гэтым вельмі па-майстэрску выступіў: у яго не было нейкага рэзкага асуджэння Лукашэнкі, ён проста скарыстаўся тым, каб крыху яго падкусіць і паказаць самастойную пазіцыю Казахстана, адрозную ад пазіцыі Беларусі.
То бок, у такія саюзы мы не ўступаем, ад сваёй незалежнасці адмаўляцца не збіраемся, узровень інтэграцыйных стасункаў нас задавальняе ў рамках ЕАЭС, а што да ядзернай зброі, то мы не як некаторыя, яна нам не патрэбная, мы ад яе адмовіліся і верныя духу тых пагадненняў. Так што паглядзіце, што мы, у прынцыпе, значна лепшыя ва ўсіх дачыненнях, чым Беларусь.
Фрыдман адзначае: у дыскурсе аб ядзернай зброі, якая будзе размешчаная ў Беларусі, Беларусь і Лукашэнка адыгрываюць шараговую ролю. Гэты праект успрымаецца як расейскі, а роля Лукашэнкі – дапаможная. Але апошняга гэта не задавальняе, ён спрабуе рабіць самастойныя заявы.
- Калі паглядзець на заяву на адрас Такаева (маўляў, далучайцеся да так званай саюзнай дзяржавы - атрымаеце ядзерную зброю), то ён нібы распараджаецца ёй. Праўда, Лукашэнка адразу ж абмовіўся, што гэта яго ўласны пункт гледжання, але, аднак, ён спрабуе выстаўляць сябе самастойнай фігурай у кантэксце ядзернай зброі.
У тым жа кантэксце я б разглядаў словы Вальфовіча аб тым, што для Беларусі ЯЗ з'яўляецца стрымальным фактарам і ўлады не выключаюць яе выкарыстання ў выпадку чаго.
Імкненне нейкім чынам дакрануцца да расейскай ядзернай дубінкі, паказаць сябе часткай расейскага ядзернага праекта, будзе прысутнічаць у Лукашэнкі і надалей, мяркуе эксперт.
- І гэта абсалютна на руку Расеі, бо кожная такая ядзерная рыторыка з боку Лукашэнкі прымушае расейцаў самім менш гаварыць на гэтую тэму. Яны б казалі значна больш, калі б не ведалі, як моцна гэта не падабаецца Кітаю.
А тут нешта часткова можа прамаўляць Лукашэнка. Але гэта не працуе - так, яго цытуюць, але нейкага страху перад Лукашэнкам з ядзернай зброяй не назіраецца.