28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі афіцэр: Першая фаза контрнаступу УСУ пачалася

9
Украінскі афіцэр: Першая фаза контрнаступу УСУ пачалася
АЛЯКСЕЙ ГЕЦЬМАН

Стаўка ўкраінскага камандавання апраўдалася.

Другі дзень запар у Краснадарскім краі гарыць нафтаперапрацоўчы завод у Ільінскім. Штодзень становіцца вядома аб выбухах на поўдні РФ і ў акупаваным Крыме.

Ці можна казаць, што кірунак контрнаступу Украінай абраны, а цяпер мы бачым падрыхтоўчыя дзеянні? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да маёра запасу Узброеных сіл Украіны, ветэрана расейска-ўкраінскай вайны Аляксея Гецьмана.

- Я з вамі згодзен напалову. Кірунак невядомы, а вось падрыхтоўка да контрнаступальных дзеянняў сапраўды так і праходзіць. Для пачатку трэба знішчыць склады, нафтабазы, чыгуначныя станцыі. Усё, што толькі знаходзіцца ў тыле і можа дапамагаць расейскім вайскоўцам весці баявыя дзеянні.

Вось гэта проста цяпер і адбываецца. Я б нават сказаў, што гэта не падрыхтоўка да контрнаступу, а ўжо яго першая фаза.

- Наколькі апраўдалася стаўка УСУ на атакі дронаў?

- Апраўдалася і будзе апраўдвацца далей. Ведаеце, нам уласціва верыць і ўважаць за апошнюю кожную вайну, але я мяркую, што наступныя войны будуць акурат з вялікім выкарыстаннем дронаў - беспілотных апаратаў, якія лятаюць, плаваюць і ездзяць. Будзе ісці вайна тэхнікі больш, чым вайна людзей.

Бо калі ракета Х-101 каштуе больш за $10 мільёнаў, то адзін робат, які можа несці набой, каштуе менш як $10 тысяч. БЛА каштуе ў 1000 разоў танней. Да таго ж, сучасная СПА паспяхова збівае ракеты, а вось з дронам складаней.

Дарэчы, ёсць ужо распрацоўкі супраць дронаў, так званыя SkyNet. Гэта новая распрацоўка, якая цяпер праходзіць выпрабаванні. Сучасныя вытворцы зброі паспяховых краін, якія клапоцяцца аб сваёй бяспецы, робяць новыя тыпы ўзбраення.

Увогуле, наступная вайна будзе вайной дронаў. Натуральна, будуць і людзі, але асноўная ўвага будзе надавацца акурат такім сродкам знішчэння.

— Амэрыканскі тэлеканал CNN зрабіў сюжэт, дзе гаворыцца, што расейскае войска падыходзіць да контрнаступу УСУ з хаосам у сваіх шэрагах. Як Вы ацэньваеце стан расейцаў напярэдадні контрнаступу?

- Ацаніць узровень хаосу досыць складана. У розных падраздзяленнях розная вайсковая дысцыпліна. Шмат што залежыць ад камандзіраў сярэдняга звяна. Самае галоўнае, што ў кожных расейскіх падраздзяленнях (і добра падрыхтаваных, і не вельмі) баяцца УСУ.

- Існуе некалькі версій што да ўдару па Крамлі. Якой пільнуецеся Вы?

- Мусібыць, гэта ўсё ж была расейская атака. Розныя прычыны падаюцца: узняць баявы дух, згуртаваць насельніцтва вакол Пуціна, даць ім права на больш сур'ёзныя атакі ва Украіну і гэтак далей.

Хачу адзначыць, што калі ўважліва паглядзець на тое, што тамака адбывалася, то такое адчуванне, што не выпадковае відэа здымалі, а мастацкі фільм. Вельмі ўдалыя ракурсы, добрае асвятленне.

Мы ж бачылі ўкраінскую хроніку, калі камусьці выпадала зняць палёт дронаў або ракет. Гэта выглядала не як мастацкі фільм, а ўрыўкавыя кадры, на якіх з цяжкасцю можна разабрацца, што адбываецца. Бо ніхто не трымаў напагатове тэлефон, а ў выпадку з Крамлём ёсць дакладнае адчуванне, што гэта было нарыхтаванае загадзя.

Самае смешнае - тое, што за некалькі сэкундаў да выбуху над купалам Крамля чамусьці па драбінах лезлі два чалавекі. Уначы менавіта ў гэты час былі нейкія рамонтныя работы на даху? Акурат у той момант, калі там выбухалі дроны? Скажу, што яны не падобныя да працоўных, а болей да вайскоўцаў або спецпрызначэнцаў.

Іх не вельмі відаць на відэа, але можна разгледзець на вялікім экране, калі прыгледзецца. Думаю, што яны або кіравалі гэтымі дронамі, або кантралявалі гэтыя выбухі.

Хоць можна паставіць пару адсоткаў на тое, што гэта была атака ўкраінскіх дронаў, але гэта маглі быць і метэарыты. Тэарэтычна ж гэта магчыма, але практычна мы разумеем, што наўрад.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках