20 красавiка 2024, Субота, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агенты ў стылі «фастфуд»

Агенты ў стылі «фастфуд»

Як украінскія спецслужбы перагулялі беларускі КДБ.

Пра затрыманне ў Ровенскай вобласці агента беларускіх спецслужбаў 2 чэрвеня паведаміла Служба бяспекі Украіны. Гэта грамадзянін РБ з сталым відам на жыхарства ва Украіне. Мужчыну падазраюць у тым, што ён абыходзіў памежную тэрыторыю, назіраў за перамяшчэннем украінскага войска і перадаваў гэтыя звесткі ў РБ. У беларускім КДБ заявілі, што пра затрыманне ведаюць, але каментаваць адмовіліся.

«Яго (затрыманага. – Рэд.) асноўнай задачай быў пошук і збор звестак пра фартыфікацыйныя збудаванні на тэрыторыі Ровенскай вобласці, перамяшчэнне і колькасць войскаў», – каментуе ваенны эксперт Украінскага інстытута будучыні, кансультант камітэта Вярхоўнай рады ў пытаннях нацбяспекі і абароны, былы супрацоўнік СБУ Іван Ступак.

«РБ арганізавала назіранне на просьбу “старэйшага брата”»

Паводле словаў суразмоўцы «Нямецкай хвалі», таксама беларускім спецслужбам цікавыя грамадскія настроі ў памежным украінскім рэгіёне. Эксперт мяркуе, што РБ верагодна арганізавала назіранне «не толькі ў сваіх інтарэсах, а, хутчэй за ўсё, на просьбу “старэйшага брата” – ФСБ».

Ступак мяркуе, што расследаванне гэтай справы будзе закончанае цягам году, грамадзянін РБ можа атрымаць «гадоў 15 турмы». «Можа трапіць і на абмен, калі беларускі бок будзе зацікаўлены ў ім», – не выключае суразмоўца.

Іван Ступак таксама пракаментаваў затрыманне ў красавіку двух грамадзянаў Беларусі ў Закарпацці. Мужа і жонку, якія жылі ва Украіне з 2013 года, падазраюць у дыскрэдытацыі ўкраінскага войска і распальванні антысемітызму.

«Асобны від працы – пісаць каментары і разгойдваць грамадства з дапамогай троляў», – кажа эксперт. Паводле ягоных словаў, так званыя «ботафермы» ва Украіне раскрываюць «недзе раз на месяц». «Яны агітуюць, ствараюць вялікую колькасць псеўдакарыстальнікаў у Facebook», – адзначае Ступак.

«Агенты ў стылі “фастфуд”»

На пытанне, чаму меркаваныя агенты КДБ жылі ва Украіне цягам многіх гадоў і мясцовыя спецслужбы іх не раскрывалі, суразмоўца DW кажа, што яны былі «закансерваваныя, займаліся сваёй дзейнасцю» і не звярталі ўвагі, хоць былі завербаваныя даўно, магчыма, падчас паездкі. у Беларусь і на нейкім кампраматным матэрыяле. Цяпер жа яны пачалі дзейнічаць актыўна, чым і звярнулі ўвагу СБУ.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, адзначае Ступак, з’явіліся і «агенты ў стылі “фастфуд”». Гэта людзі, якія выказваюць прарасейскія погляды ва ўкраінскіх пабліках і Telegram-каналах. З імі, як правіла, звязваюцца расейскія спецслужбы, просяць «пайсці даведацца, дзе блокпост, склад, куды “леапарды” прыехалі». «Чалавек можа дапамагаць альбо за грошы, альбо таму, што ненавідзіць “бандэраўцаў і англасаксаў” і гатовы дапамагаць бясплатна. Такіх хутка ловяць, таму што ў іх няма падрыхтоўкі», – кажа экс-супрацоўнік СБУ.

Пракрасціся ва ўкраінскі Кабмін КДБ не змог

Што да беларускай агентурнай сеткі ва Украіне, Іван Ступак упэўнены, што ў памежных з РБ рэгіёнах сапраўды ёсць людзі, завербаваныя КДБ. «КДБ і памежнай службе вельмі важна ведаць, што знаходзіцца з нашага боку», – адзначае эксперт. У той самы час ён амаль упэўнены, што трапіць у колы найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва, напрыклад ва ўкраінскі Кабмін, беларускія спецслужбы не змаглі. «Гэта толькі Расея магла вербаваць у нашых спецслужбах і паліцыі», – дадае Ступак.

Акрамя таго, суразмоўца мяркуе, што ФСБ вярбуе беларусаў наўпрост, без удзелу спецслужбаў РБ, а таксама што апошнія не стануць моцна пярэчыць, нават «калі будзе выяўлены факт вярбоўкі нейкага невялікага беларускага чыноўніка».

КДБ і ФСБ сачылі за ўдзельнікамі перамоваў у Менску?

Іван Ступак кажа, што да пачатку поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне СБУ «фіксавала цікавасць беларускіх спецслужбаў, але яны дзейнічалі акуратна» і «доказаў шпіянажу надта не было». «Некаторыя рэчы спускаліся на тармазах. Альбо, калі дыпламат, выдваралі», – расказвае суразмоўца.

У той самы час, паводле ягоных словаў, украінскія палітычныя дзеячы адчувалі на сабе няспынную ўвагу з боку як КДБ, так і ФСБ, калі прыязджалі ў Менск на перамовы ва ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. «Адчувалі сябе пад пільнай увагай з боку мясцовага КДБ і расейскага ФСБ, якое адчувала сябе вольна. Баяліся казаць нешта ў гатэлях, ужывалі масу захадаў, каб супрацьстаяць праслухоўванню. Нашай дэлегацыі было вельмі складана», – узгадвае Іван Ступак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках