29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казахстан ратуецца ад нашэсця беларускіх аўтавознікаў

4
Казахстан ратуецца ад нашэсця беларускіх аўтавознікаў

Краіна ўзмацніла жорсткасць правілаў работы вознікаў.

Беларускія транспартныя фірмы масава перарэгістравалі фургоны ў іншых краінах, каб захаваць магчымасць ездзіць у ЕЗ. Раней беларусы мелі аўтамабілі з еўрапейскімі нумарамі, а цяпер - і з азіяцкімі: казахскімі і ўзбецкімі. "Белсат" даведаўся, як Казахстан ратуе свой рынак перавозак.

Больш за год працягваецца забарона на ўезд у Еўразвяз фургонаў з беларускай і расейскай рэгістрацыяй. Беларусь у адказ дазваляе фургонам з ЕЗ рухацца толькі да мытных тэрміналаў і асобных лагістычных цэнтраў. Такім чынам, у вознікаў засталося два варыянты дастаўкі тавараў: замена цягача або пераладаванне тавару ў іншую фуру.

З 1 чэрвеня Польшча забараніла ўезд не толькі цягачам, але і паўпрычэпам з беларускай рэгістрацыяй. Цяпер адзіны таварны аўтатранспартны пераход Казловічы-Кукурыкі можна прайсці толькі так: пераладаваць тавар у фуру, зарэгістраваную ў ЕЗ разам з паўпрычэпам або прычэпам.

Калі ўлады ў Менску адкажуць люстранымі захадамі, таварныя аўтатранспартныя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай могуць спыніцца, бо раней Варшава дазволіла ўязджаць з тэрыторыі нашай краіны толькі фургонам з рэгістрацыяй у ЕЗ.

Беларускія кампаніі, каб не аддаваць прыбытак канкурэнтам, паадкрывалі філіі ў Польшчы, Літве і Латвіі. Юрыдычна тавар да мяжы вязе беларускі вознік, а ад мяжы далей у Заходнюю Еўропу - польскі або літоўскі. А фактычна - тая ж беларуская фірма на сваёй жа фуры, толькі зарэгістраванай у ЕЗ. Менавіта праз гэта страйкавалі польскія кіроўцы, скардзячыся на захоп рынку ўсходнімі суседзямі.

Калі ж фура належыць, напрыклад, казахскай фірме, то на мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй не патрэбнае ні перачэпліванне, ні пераладоўванне. Гэтай шчылінай скарысталіся шмат якія беларускія кампаніі. Журналістам стаў вядомы прыклад адной фірмы: раней яны мелі блізу 200 фургонаў на беларускіх нумарах, а цяпер палову з іх перарэгістравалі ў Казахстане.

«На казахскія нумары паставілі і цягачы, і прычэпы. І ўзбецкія ёсць - якіх толькі няма».

Яшчэ раней гэтая кампанія таксама "набрала шмат аўтамабіляў" на нумарах краін ЕЗ.

«Штатныя кіроўцы маюць быць з Казахстана»

У Казахстане прызнаюць: такая перарэгістрацыя беларускіх фургонаў цалкам законная. Пры гэтым надоечы ўлады краіны, убачыўшы нашэсце новых вознікаў, узмацнілі жорсткасць правіл іхняй работы, расказаў генеральны дырэктар Звязу транспартнікаў Казахстана Kazlogistics Ярлан Абсатаў:

«Раней беларуская кампанія магла адкрыць у нас кампанію з адным супрацоўнікам і фактычна знаходзіцца ў Беларусі, а дэ-юрэ — у Казахстане. Цяпер так ужо не выйдзе. У сакавіку ў нас ухвалілі загад, паводле якога штатныя кіроўцы маюць быць з Казахстана».

Абсатаў удакладніў, што нанятыя кіроўцы павінны жыць у Казахстане мінімум 180 дзён за год.

Забарона на рэйсы беларускіх і расейскіх фур у ЕЗ прычынілася да ўсплёску рэгістрацыі новых транспартных фірмаў у Казахстане.

«У 2020 годзе ў нас было 800 кампаній, а ў канцы 2022-га – ужо 2500. Але гэта не ўсе беларускія або расейскія; колькі іх, сказаць цяжка», - адзначыў Абсатаў.

Летась Казахстан пачаў затрымліваць беларускія фуры, якія везлі тавары ў Казахстан з перачэпліваннем. Такія захады для абароны сваіх вознікаў ухваленыя ў шмат якіх краінах, у тым ліку Беларусі ды Расеі. Аднак «хаўрусніцы» скасавалі гэтую забарону, каб не спыніць цалкам абарачэнне з ЕЗ. Казахскія ўлады, як паведамлялася, "у якасці жэсту добрай волі" таксама адмовіліся ад такой умовы, аднак часова. Пакуль правіла будзе дзейнічаць да канца года. Што будзе далей, прагназаваць цяжка, прызнаў кіраўнік Звязу транспартнікаў Казахстана. Ён не выключае, што Астана з часам ухваліць новыя абмежаванні.

«Трэба разумець, што кожная дзяржава працуе дзеля пратэкцыянізму ўласных айчынных кампаній. Гэта нармальная практыка. Упэўнены, што ўсе захады нашага ўрада будуць накіраваныя на пратэкцыянізм казахскіх кампаній у мэтах развіцця перавозак. Бо гэта эканоміка, гэта працоўныя месцы, гэта падаткі», - падсумаваў Ерлан Абсатаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках