11 траўня 2024, Субота, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Адбылося сур'ёзнае прыніжэнне рэжыму Лукашэнкі

5
Андрэй Саннікаў: Адбылося сур'ёзнае прыніжэнне рэжыму Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

МАП нанесла па дыктатары мацнейшы ўдар, чым сэктаральныя санкцыі.

Спецыялізаваная ўстанова ААН, якая займаецца пытаннямі ўрэгулявання працоўных стасункаў - Міжнародная арганізацыя працы (International Labour Organization) - на 111-й штогадовай канферэнцыі ў Жэнэве прыняла рэзалюцыю аб Беларусі. А менавіта - за сталыя парушэнні ў дачыненні да працоўных і прафзвязаў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі будзе ўжыты Артыкул 33 Статута МАП. Такія захады пагражаюць Беларусі эканамічнай блакадай.

Гэты артыкул абвяшчае: «У выпадку, калі які-небудзь чалец арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі, калі такія ёсць, якія змяшчаюцца ў дакладзе Камісіі расследаванняў або ў пастанове Міжнароднага суда, Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць канферэнцыі такія дзеянні, якія яна прыме за мэтазгодныя для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый».

«Тут будзе нават большая шкода, чым ад сэктаральных санкцый»

Лідэр грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў уважае пастанову Міжнароднай арганізацыі працы за вельмі сур'ёзныя захады.

У каментары для «Голасу Амэрыкі» ён падкрэсліў: «МАП вельмі не любіць гэтага рабіць і імкнецца згладжваць канфлікты, знайсці (кампрамісныя) развязкі, увесь час пасылае дэлегацыі. Але тут дапякло тое, што пасадзілі лідэраў незалежных прафзвязаў.

Гэта (дастасаванне Артыкула 33 Статута МАП) можа быць вельмі сур'ёзным, бо маюць быць ужытыя механізмы ў дзвюх плашчынях. Па-першае, урады павінны прыняць адпаведныя пастановы аб санкцыях, а па-другое - прафзвязы, як нацыянальныя, так і міжнародныя. І вось гэта - самае сур'ёзнае. Ужо тыдзень не спыняюцца енкі афіцыйных асоб Беларусі, такога ніколі не было. Яны апраўдваюць сябе і абвінавачваюць усіх навокал, але яны самі прывялі да гэтага».

Андрэй Саннікаў расказаў, што надоечы ён гутарыў са шмат якімі лідэрамі прафесійных звязаў, і яны былі настроеныя вельмі сур'ёзна ў дачыненні да лукашэнкаўскага рэжыму. А міжнародная салідарнасць прафесійных звязаў можа зрабіць вельмі шмат. Прыкладам таму можа служыць сітуацыя ў Польшчы 80-х гадоў, калі заходнія, і ў тым ліку амэрыканскія прафесійныя звязы, вельмі сур'ёзна падтрымлівалі «Салідарнасць». І гэтая акалічнасць адыграла сур'ёзную ролю ў змене палітычнай сітуацыі. «Я думаю, што тут будзе нават большая шкода (беларускай эканоміцы), чым ад сэктаральных санкцый, бо яна закране шмат розных абсягоў. І не будзем забываць, што гэта - сур'ёзнае прыніжэнне рэжыму, які пастаўлены на адну роўніцу з М'янмай, супраць якой гэтыя захады былі ўжытыя ў 2000 годзе, і рэжым якой вядомы ва ўсім свеце, як проста агідны», - адзначыў Андрэй Саннікаў.

Андрэй Саннікаў упэўнены, што крамлёўскія грошы не змогуць кампенсаваць лукашэнкаўскаму рэжыму шкоды ад пастановы МАП. «Пуцін падтрымлівае фінансава Лукашэнку, каб той заткнуў нейкія дзіркі (у бюджэце). Але пры гэтым усё больш і больш заганяе Лукашэнку ў кут і падпарадкоўвае яго сабе. Ён ужо абсалютна не самастойны, робіць усё, што яму загадае Пуцін. Самае страшнае, што ён зрабіў - уцягнуў Беларусь у вайну. Ён - паўнавартасны ўдзельнік вайны», - адзначае лідэр грамадзянскага руху «Еўрапейская Беларусь».

Калі расейскія прафзвязы, да якіх не ўжыты Артыкул 33 Статута МАП, надумае прыйсці на дапамогу Лукашэнку, яны будуць байкатавацца на міжнародным узроўні. «Так што не будзе кампенсацыі (за кошт Расеі), але зноў жа, цяпер шмат што залежыць ад нацыянальных урадаў», - падсумаваў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках