29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Найбуйнейшыя выведкі свету абмеркавалі вайну ва Украіне на таемнай сустрэчы

5
Reuters: Найбуйнейшыя выведкі свету абмеркавалі вайну ва Украіне на таемнай сустрэчы

Расейскага прадстаўніка не запрасілі.

У гэтыя выхадныя падчас Азіяцкага саміту ў пытаннях бяспекі ў Сінгапуры высокапастаўленыя службовыя асобы амаль 20 найбуйнейшых сусветных выведвальных службаў правялі сакрэтную сустрэчу. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на пяць інфармаваных крыніц.

Падрабязнасцяў канкрэтных дыскусій, якія адбыліся ў рамках сакрэтнай сустрэчы, няшмат. Але крыніцы гавораць, што ў перамовах фігуравалі вайна ва Украіне, развязаная Расеяй, і транснацыянальная злачыннасць.

Са слоў адной з крыніц, расейскага прадстаўніка на сустрэчы не было. Намеснік міністра абароны Украіны Уладзімір Гаўрылаў быў на афіцыйных сустрэчах у Сінгапуры, але на нарадзе выведкі, з яго слоў, не прысутнічаў.

Крыніцы гавораць, што тон сустрэчы быў кааператыўным, а не канфрантацыйным, і адзначаюць, што сакрэтныя сустрэчы ў Сінгапуры праходзяць не ўпершыню, аднак раней трымаліся ў таямніцы.

Са слоў крыніц, такія сустрэчы арганізуюцца ўрадам Сінгапура і цягам некалькіх гадоў неўзаметку праводзяцца ў асобным месцы адначасова з самітам у пытаннях бяспекі.

«Сустрэча з'яўляецца важным пунктам у міжнародным ценявым парадку дня. ... Сярод выведвальных службаў існуе негалосны кодэкс, што яны могуць казаць, калі больш фармальная і адкрытая дыпламатыя цяжкая. Гэта вельмі важны фактар у часы напружанасці, і мерапрыемства ў Сінгапуры спрыяе гэтаму», - сказаў адзін чалавек, знаёмы з дыскусіямі.

Прадстаўнік міністэрства абароны Сінгапура заявіў, што падчас удзелу ў саміце высокапастаўленыя службовыя асобы выведвальных службаў таксама карыстаюцца магчымасцю сустрэцца са сваімі калегамі.

«Міністэрства абароны Сінгапура можа садзейнічаць некаторым з гэтых двухбаковых ці шматбаковых сустрэч. Удзельнікі палічылі такія сустрэчы ў кулуарах карыснымі», - сказаў прадстаўнік.

У рамках асноўнага саміту праходзілі трохдзённыя пленарныя пасяджэнні пры ўдзеле 600 дэлегатаў з 49 краін, а таксама шэраг двухбаковых і шматбаковых сустрэч.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках