28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дняпро затапіла першую лінію абароны войскаў РФ

13
Дняпро затапіла першую лінію абароны войскаў РФ

Падрыў Кахоўскай дамбы - гэта стрэл расейцаў ва ўласную скронь.

У Херсонскай вобласці супраць расейцаў цяпер ваюе нават дняпроўская вада, якую акупанты ўласнымі рукамі выпусцілі з Кахоўскага вадасховішча, тлумачыць вайсковы эксперт Аляксандр Каваленка.

«Гэта ўсё алагічна і нерацыянальна», - так Аляксандр Каваленка, вайскова-палітычны аглядальнік групы Інфармацыйны супраціў, ацаніў ваенныя наступствы падрыву расейцамі ўночы 6 чэрвеня дамбы Кахоўскай ГЭС.

Як маштабны тэракт дзеяння войска РФ выглядаюць лагічнымі: расейцы хацелі нанесці максімальную шкоду Украіне і дасягнулі гэтага, - амаль 80 паселішчаў ніжэй па плыні Дняпра, у тым ліку Херсон, апынуліся ў зоне частковага або поўнага затаплення, тысячы людзей трэба эвакуаваць. Пад пытаннем і функцыянаванне ахаладжальнай сістэмы акупаванай Запарожскай атамнай электрастанцыі. Дый далейшыя экалагічныя праблемы Украіна вымушана будзе развязваць гадамі.

Але Дняпро - гэта яшчэ і вялікая рака, якая падзяляе на Херсоншчыне УСУ і падраздзяленні акупантаў. І маштабнае затапленне перш за ўсё закране менавіта абарончыя пазіцыі сіл дзяржавы-агрэсара.

Якія ваенныя наступствы будзе мець тэрарыстычны акт расейцаў? Ці паўплывае ён на ўкраінскі контрнаступ і як менавіта? Пра гэта NV і пагаварыў з Каваленкам.

- Як падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС паўплывае на хаду баявых дзеянняў? Да якіх тактычных крокаў гэта можа прычыніцца з нашага боку і з боку ворага?

- Калі гаварыць, напрыклад, аб уплыве на дзеянні сіл абароны Украіны, то чагосьці крытычнага не будзе. І вось чаму.

Калі ў мяне пыталіся, якія я разглядаю сцэнары што да наступальных дзеянняў сіл абароны Украіны, то я ніколі не разглядаў варыянт ажыццяўлення наступальных дзеянняў з элементамі фарсавання Дняпра, як асноўны, пераважны. Гэта значыць, галоўнай ролі фарсаванню Дняпра я ніколі не адводзіў. Упэўнены, што агульны сцэнарый у наземнай аперацыі. Калі і будуць элементы фарсавання, то нават не другараднай ролі, а трэцяга парадку. Таму тое, што расейскія акупанты ўчынілі гэты тэрарыстычны акт… Яны, як я разумею, дзейнічалі ў паніцы і хаатычна, мяркуючы, што сілы абароны Украіны будуць фарсаваць Дняпро. Ну што ж, яны гэта зрабілі без нейкай логікі і рацыянальнага падыходу да гэтага пытання. Таму для нас у гэтым выпадку гэта найперш экалагічная праблема, і, фактычна, генацыд супраць цывільнага насельніцтва. Праблема менавіта гуманітарнага парадку.

Але ў ваенным плане найбольш праблем менавіта ў расейскіх акупантаў. Дняпро цяпер ужо затапіў усю іхнюю першую лінію абароны, якая размяшчалася менавіта на левым беразе. Яе ўжо, можна сказаць, не існуе. І гэта значна змяншае іхнія абарончыя магчымасці. Ці будуць расейцы рыхтавацца ўвогуле ўцякаць пасля гэтага з левабярэжнай Херсоншчыны? Тут узнікае для іх іншая праблема: яны праз гэта могуць выклікаць сур'ёзныя праблемы на часова акупаваным паўвостраве Крым. Ім будзе не ставаць вады там. Калі яны будуць уцякаць з поўдня ў Крым, то трэба будзе абслугоўваць усе гэтыя дзясяткі тысяч асабовага складу, тэхніку і гэтак далей. Водных рэсурсаў проста не будзе ставаць, і гэта будзе яшчэ адна катастрофа.

Дык вось, я магу сказаць толькі так: расейцы сабе зрабілі некалькі стрэлаў у скронь. Яны значна прыслабілі сваю абарону, пры гэтым ніяк не сарвалі наш контрнаступ. Яны ў перспектыве заклалі бомбу запаволенага дзеяння на часова акупаванай паўвыспе Крым. Ну і, вядома, юрыдычна трэба заўважыць тое, што дамбы заўсёды знаходзіліся пад абаронай Жэнеўскай Канвенцыі як аб'екты, якія недапушчальна знішчаць. І расейцы, такім чынам, учынілі яшчэ адно ваеннае злачынства, якое прыраўноўваецца да выкарыстання зброі масавай паразы.

- Частка падраздзяленняў войска РФ на левым беразе апынулася ў зоне затаплення. Аб якіх сілах можа ісці гаворка?

- Я магу выказаць здагадку, што цяпер у такіх сабе некамфортных умовах знаходзіцца недзе да 20-25 тысяч асабовага складу.

- А калі вада сыдзе, як гэта можа паўплываць на наш наступ?

- А вось зараз самае цікавае. Калі сыдзе вада, то аднавіць лінію абароны расейцы не змогуць, прынамсі, у іх не будзе магчымасці зрабіць гэта хутка. А нам, у сваю чаргу, гэта сапраўды ўжо дазволіць выкарыстоўваць элемент фарсавання, я гэтага не выключаю. Бо няма першай лініі абароны, чаму б не фарсаваць і не зайсці?

- Ці можа цяперашняя сітуацыя паўплываць на інтэнсіўнасць абстрэлаў Херсона?

- Расейцы выкарыстоўваюць рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) БМ-21 Град. І сапраўды, зараз ім будзе больш складана ажыццяўляць усе гэтыя тэрарыстычныя абстрэлы. Гэта колавая тэхніка, якая вельмі хутка займае пазіцыю, хутка адстрэльвае кудысьці боекамплект, бо яны не прыцэльна б'юць, а дзеля разбурэнняў і забойстваў. А потым вельмі хутка пакідае сваю пазіцыю, і нават сродкі контрбатарэйнай барацьбы не паспяваюць адпрацаваць ужо з боку сіл абароны Украіны, каб знішчыць гэтыя РСЗА. Але зараз, паколькі там ёсць праблемы з гэтай мясцовасцю, то будуць і праблемы з нанясеннем удараў. Расейцы будуць спрабаваць працягваць тэрарызаваць Херсон. Але гэта будзе адбывацца ўжо няшмат, скажам, у іншых маштабах, таму што яны не змогуць паўнавартасна выкарыстоўваць усе магчымасці манеўру на мясцовасці для абстрэлу.

- Чым наогул кіраваліся расейцы і на што разлічвалі, узрываючы дамбу? Ці разумелі яны самі, што рабілі?

- Магчыма, хтосьці і разумеў. Але я так бачу, што ў іх агульная паніка ў камандаванні. Ці разумеюць яны? Не, я не ўпэўнены. Яны дзейнічаюць выключна панічна зараз. А значыць усё гэта алагічна і нерацыянальна.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках