29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мусіенка: Лукашэнка баіцца, што войска не будзе супраціўляцца «каліноўцам»

29
Аляксандр Мусіенка: Лукашэнка баіцца, што войска не будзе супраціўляцца «каліноўцам»
АЛЯКСАНДР МУСІЕНКА

NATO і Украіна маюць быць гатовыя ўмяшацца ў беларускія падзеі.

Экс-кіраўнік NATO Андрэс Фог Расмусэн выказаў меркаванне, што краіны-сябры NATO могуць адправіць войскі ва Украіну, калі на саміце Альянсу Украіна не атрымае гарантый сяброўства і гарантый на пераходны перыяд.

Сайт Charter97.org наважыў спытаць у вайсковага эксперта, кіраўніка Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандра Мусіенкі, наколькі гэты сцэнар імаверны.

- Заява Расмусэна накіраваная на тое, каб захаваць адзінства NATO вакол падтрымкі Украіны. На саміце ў Вільні неабходна сур'ёзна падысці да двух пунктаў. Па-першае, Украіна мае атрымаць гарантыі будучага сяброўства і дарожную карту ўступлення. Па-другое, Украіна мае атрымаць гарантыі бяспекі ад усіх краін Альянсу.

- Чаму?

- Калі не будзе гарантый і адзінства ў падтрымцы Украіны, то NATO фактычна падзеліцца. Будуць тыя, хто гатовы ўвесці войскі ва Украіну, а NATO будзе ўсё ж вымушаная ўвесці ў дзеянне пяты артыкул статута NATO. Альбо ж падрыхтавацца ўсім разам праз падрыхтоўку Украіны, наданне гарантый бяспекі. Уласна, пра што кажа Расмусэн: альбо мы адзіным фронтам, усе, выступаем у падтрымку Украіны, даём гарантыі і рыхтуемся да магчымага развіцця падзей, якія могуць прывесці да вайны NATO з РФ, альбо мы будзем уцягнуты ў вайну з Расіяй непадрыхтаванымі.

- Якія маюць быць умовы, каб ва Украіну ўвайшоў вайсковы кантынгент краін NATO?

- Толькі іх жаданне і ўзгадненне з Украінай. Для гэтага неабходная пастанова ўкраінскага парламента, каб іх запрасіць, і яны размясцілі свае кантынгенты войскаў на тэрыторыі Украіны. Уласна кажучы, вось гэта і ўсё.

- Якія краіны маглі б удзельнічаць у гэтай кааліцыі?

- Польшча, Брытанія, ЗША, краіны Балтыі. Мяркую, што вось гэтыя краіны.

- Не так даўно польскі генерал, экс-намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак заявіў, што ў Беларусі будзе ўзброенае паўстанне, а краінам Захаду трэба яго падтрымаць. Як Вы мяркуеце, ці можа пытанне Лукашэнкі таксама быць развязанае вайсковым шляхам?

- Думаю, што разглядаюцца розныя сцэнары. Сцэнар перавароту, па-першае, прадыктаваны тым, што ёсць інфармацыя аб пагаршэнні стану здароўя Лукашэнкі. Калі будуць пэўныя дзеянні ваеннага характару на тэрыторыі Беларусі, у якіх, магчыма, возьме ўдзел полк Каліноўскага ды іншыя фармаванні, то Польшча, іншыя краіны NATO, краіны Балтыі, Украіна павінны мець сваю пазіцыю. Павінны быць гатовыя ўмяшацца на тым або іншым этапе, калі будзе адпаведнае ўзгадненне з беларускай апазіцыяй, прадстаўнікамі беларускіх узброеных фармаванняў і гэтак далей.

На мой погляд, на такія падзеі мае таксама быць пэўны сцэнар. Мусіць, гэта Скшыпчак і мае на ўвазе.

- Доўгі час ва Украіне частка экспертнай супольнасці казала, што «з Лукашэнкам трэба дамаўляцца». Іншая частка сцвярджала, што ён - марыянетка. Якая цяпер грамадская думка ва Украіне наконт гэтага пытання?

- Грамадскую думку я не вывучаў, але магу выказаць сваё асабістае. Ніякіх кантактаў з Лукашэнкам і непрызнанай беларускай уладай на сённяшні момант ва Украіны быць не можа.

Мы маем разглядаць Беларусь з пункту гледжання развіцця перспектыўных стасункаў, калі там адбудуцца змены, да кіравання прыйдзе абраная народам улада і тады мы, я ўпэўнены, наладзім нармальныя працоўныя стасункі.

З Лукашэнкам жа і ягонымі паплечнікамі я не бачу падстаў для вядзення перамоў, для нейкіх там гарантый і да таго падобнае. Гэта ўжо мінуўшчына. Мы маем разглядаць Лукашэнку як мінуўшчыну і гаварыць з тымі, хто ўсё ж такі ёсць будучыняй Беларусі — прадстаўнікамі апазіцыі. Вось такое маё меркаванне.

- Апошнія падзеі ў Белгародскай вобласці, куды ўвайшлі ахвотнікі, выклікалі дыскусію аб такім жа сцэнары ў Беларусі. Як Вы думаеце, ці прымярае яго на сябе Лукашэнка?

- Думаю, што ён яго баіцца. Наколькі мне вядома, а я кантактую і з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, настроі ў беларускім войску далёка не на карысць дзейнай улады. Не думаю, што было б нейкае жорсткае супраціўленне дзеянням беларускіх узброеных ахвотнікаў.

Мне падаецца, што менавіта з гэтай прычыны Лукашэнка марнуе вялізныя бюджэты на розныя падраздзяленні праваахоўных органаў, сілы спецаперацый, але не выдаткоўвае на рэгулярнае войска. Ён не мае даверу да яго. Таму так, ён такога сцэнару асцерагаецца.

- Прадстаўнікі ўкраінскай улады казалі, што расейскія ахвотнікі знайшлі зброю «ў вайсковай краме». Калі беларускія ахвотнікі наважаць вярнуцца ў Беларусь, ці знойдзецца зброя ва ўкраінскай вайсковай краме?

- Не варта абмяжоўваць толькі «ўкраінскай вайсковай краме». Іх у свеце дастаткова. Рынак узбраення ў свеце вельмі вялікі і першы ў эканамічных паказчыках. Думаю, што «вайсковая крама» знойдуцца. Мне падаецца, калі грамадзяне Беларусі захочуць вярнуцца дадому, то ім ніхто супрацьдзейнічаць не будзе.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках