3 траўня 2024, Пятніца, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Варшаве паказалі моцны спектакль аб пратэстах у Беларусі

У Варшаве паказалі моцны спектакль аб пратэстах у Беларусі

«Мора Крысціны» расказвае пра простых беларусаў, якія кінулі выклік рэжыму.

У Варшаве паказалі спектакль «Мора Крысціны», прысвечаны першым дням пратэстаў у Беларусі.

Паказ спектакля адбыўся 4 чэрвеня ў тэатры TR Warszawa. У пастаноўцы гучаць беларуская, расейская, украінская і польская мовы. Спектакль прэзентавала каманда беларускага Team Theatre.

«Сёння, калі Украіна больш за год ахопленая вайной, якая забівае тысячы людзей, нельга забываць і пра іншую — «ціхую» вайну ў Беларусі, якая доўжыцца вось ужо трэці год.

Пра вайну дыктатара Лукашэнкі з уласным народам.

Новая беларуская п'еса «Мора Крысціны» расказвае пра першыя дні пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, з якіх пачалася гэтая вайна.

Героі п'есы, якія выступілі супраць скрадзеных выбараў, і трапілі за краты, сутыкаюцца ў жорсткім канфлікце з сілавікамі - слугамі дыктатара. Героі праходзяць праз жудасныя катаванні і здзекі, у той час, як для міліцыянераў гэта - звычайны працоўны дзень.

Дзень, у які беларускае грамадства раскалола напалам глыбокая прорва», — так расказваюць пра спектакль самі акторы.

Акторскі склад спекталя — Ігар і Валерыя Сігавы, Аляксей Сапрыкін, Мікалай Стонька, Улад Федуковіч, Максім Шышко, Дар'я Новік, Марыя Пятровіч, Андрэй Бардухаеў-Арол. Рэжысёр - Андрэй Новік, драматург - Сяргей Гірыт.

«Мора Крысціны» - вельмі сумленны спектакль пра падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі. На мой погляд, гэта наймацнейшая тэатральная пастаноўка пра гэты страшны час. Ты нібы пераносішся ў турму на Акрэсціна, праходзіш праз катаванні і збіццё, чуеш крыкі ахоўнікаў, іх жахлівыя і цынічныя размовы. Выпрабоўваеш боль, прыніжэнне, задыхаешся ў перапоўненай камеры ад хлёркі, усюды кроў… Але ведаеш, што ўсё не дарма, што свабоду трэба бараніць і твой выхад на вуліцу быў непазбежны, таму што жыць па-ранейшаму немагчыма.

Глядзець цяжка, але трэба. І абавязкова трэба паказаць свету. Каб разумелі», - напісала пасля прэм'еры спектакля галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

«Я чакаў менавіта такога спектакля. Сумленнага перад сваімі, каб зразумелі і чужыя.

Як ні дзіўна, на свежых трагедыях даволі лёгка рабіць відовішчы. Страшнага матэрыялу так шмат і такога напалу, што крыху яго аформіш - і гатовы прадукт для «паплакаць і паспачуваць». Гэта як выказаць «глыбокую ўстурбаванасць».

А вось каб як пранікальнае раненне - для гэтага патрэбна шчырасць і боль перажыванняў, а не штампоўка.

«Мора Крысціны» ў пастаноўцы беларускага Team Theatre на сцэне варшаўскага тэатра TR - гэта першае мастацкае асэнсаванне падзей 2020 года, якое я прыняў. Кажу толькі аб сваім успрыманні.

А пасля спектакля даведаўся, што ён быў пастаўлены за 10 (!) рэпетыцый, увогуле без бюджэту, без заробкаў інтэрнацыянальнай камандзе, на валанцёрскіх пачатках.

Яго назвалі чыткай, але гэта ўжо гатовы паўнавартасны спектакль.

Не важуся (бо не крытык) казаць пра акторскую ігру і вылучаць прозвішчы - іх запамінаеш усіх і кожнага. І памятаеш...

Яны ўсе цудоўныя, як і іх рэжысёр, як і аўтар тэксту.

Энтузіязм валанцёрскага тэатра, вядома ж, варты павагі і захаплення, але гэты спектакль і гэты тэатр павінны ўбачыць у іншых краінах, асабліва тых, хто можа паставіць хоць нейкую заслону злу. Мы можам гэтаму паспрыяць.

Падтрымайце тэатр, дапамажыце ім быць пачутымі!» - напісаў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Падтрымаць каманду Team Theatre можна праз спасылку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках